Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці юрыдычную асобу і ўпаўнаважанага работніка арганізацыі за парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб тэхнічным нарміраванні і стандартызацыі

25 чэрвеня 2021  1288

Эканамічным судом Магілёўскай вобласці разгледжана справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да ААТ «Бакалея Магілёў» і вядучага спецыяліста па якасці і сертыфікацыі ААТ «Бакалея Магілёў» – грамадзянкі Ю., што выявілася ў здзяйсненні дзеянняў, якія з’яўляюцца парушэннямі патрабаванняў заканадаўства аб тэхнічным нарміраванні і стандартызацыі.

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні ААТ «Бакалея Магілёў» і вядучаму спецыялісту па якасці і сертыфікацыі Ю. ставілася ў віну здзяйсненне правапарушэння, прадугледжанага ч. 3 арт. 24.8 КаАП, што выявілася ў парушэнні абавязковых для выканання патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза (далей – ТР МС), што распаўсюджваюцца на алкагольную прадукцыю, у дачыненні да тавару:

  • віно вінаграднае натуральнае вытрыманае белае напаўсалодкае «GRUZIA АЛАЗАНІ», вытворца – Грузія, імпарцёр у Рэспубліку Беларусь – ААТ «Бакалея Магілёў», якое не адпавядае патрабаванням па бяспецы, бо згодна з маркіроўкай названае віно вырабляецца з прымяненнем недапушчальнай дабаўкі – кансерванту Е 202;
  • віно вінаграднае натуральнае вытрыманае напаўсалодкае чырвонае «ЧЫНАР» Абшэрон Шараб, вытворца – Азербайджан, імпарцёр у Рэспубліку Беларусь – ААТ «Бакалея Магілёў», якое не адпавядае патрабаванням па бяспецы, бо згодна з маркіроўкай названае віно вырабляецца з прымяненнем недапушчальнай дабаўкі – кансерванту Е 200.

ААТ «Бакалея Магілёў» і грамадзянка Ю. факт парушэння патрабаванняў ТР МС не прызналі.

Прадстаўнік ААТ «Бакалея Магілёў» указаў, што таварыства пры ўвозе віна прайшло ўсе неабходныя працэдуры пацвярджэння адпаведнасці якасці патрабаванням ТР ЕАЭС і ТНПА Рэспублікі Беларусь. Былі праведзены адпаведныя выпрабаванні, вынікі якіх адлюстраваны ў пратаколах выпрабаванняў, на падставе якіх была аформлена і зарэгістравана Дэкларацыя аб адпаведнасці. Прадукцыя прайшла ўсе неабходныя працэдуры ацэнкі адпаведнасці, што пацверджана Сертыфікатам адпаведнасці Нацыянальнай сістэмы пацвярджэння адпаведнасці Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўнікі кантралюючага органа звярнулі ўвагу на тое, што сертыфікацыя пацвярджае толькі адпаведнасць тавару ДАСТ, а Дэкларацыя аб адпаведнасці выдаецца на падставе даных, прадастаўленых асобай, якая за ёй звярнулася.

Згодна з п. 17 ТР МС 029/2012 устаноўлены абмежаванні і асаблівасці прымянення харчовых дабавак пры вытворчасці асобных відаў харчовай прадукцыі. Так, харчовыя дабаўкі (акрамя фарбавальнікаў і падсаладжальнікаў) дазваляецца выкарыстоўваць для ўсіх відаў харчовай прадукцыі, за выключэннем віна і некаторых іншых відаў харчовай прадукцыі.

Кантралюючым органам на падставе бухгалтарскай дакументацыі ўстаноўлены ўсе арганізацыі, якім ААТ «Бакалея Магілёў» рэалізавала названыя віны, і падчас правядзення праверкі дадзеным арганізацыям накіраваны прадпісанні аб недапушчальнасці рэалізацыі названай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь.

З улікам усіх абставін справы суд падвергнуў ААТ «Бакалея Магілёў» адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 80 базавых велічынь, што складае 2320 рублёў, грамадзянку Ю. – штрафу ў памеры 10 базавых велічынь, што складае 290 рублёў.

Пастанова аб накладанні адміністрацыйнага спагнання не абскарджвалася, уступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі