Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці ТАА «Юніаква» за нядобрасумленную канкурэнцыю

13 мая 2021  1341

Эканамічным судом Магілёўскай вобласці разгледжана справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да ТАА «Юніаква», што выявілася ў здзяйсненні дзеянняў, якія з’яўляюцца нядобрасумленнай канкурэнцыяй.

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні рашэннем МАРГ устаноўлены факт наяўнасці парушэння антыманапольнага заканадаўства ў дзеяннях ТАА «Юніаква», што выявілася ва ўвядзенні ў грамадзянскі абарот на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь набору цукерак «ILPASSO», знешні выгляд упакоўкі якога імітуе знешні выгляд упакоўкі падарункавага набору цукерак «IMPRESSO» СП ААТ «СПАРТАК».

Падчас разгляду справы было ўстаноўлена, што факт увядзення ў грамадзянскі абарот на таварным рынку рэалізацыі кандытарскіх вырабаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 10 студзеня 2020 набораў цукерак «ILPASSO» пацвярджаецца таварнай накладной. Рэалізацыя набораў цукерак «ILPASSO» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь спынена ТАА «Юніаква» з 17 снежня 2020 на падставе прадпісання МАРГ аб спыненні нядобрасумленнай канкурэнцыі. Выручка ТАА «Юніаква» ад рэалізацыі набораў цукерак «ILPASSO» з 10 студзеня па 2 снежня 2020 года склала 327 168,98 рубля.

У судовым пасяджэнні прадстаўнік ТАА «Юніаква» паясніў, што вядзенне па справе падлягае спыненню ў сувязі з адсутнасцю саставу адміністрацыйнага правапарушэння.

Як вынікае з матэрыялаў справы, СП ААТ «СПАРТАК» і ТАА «Юніаква» – суб’екты гаспадарання, якія ажыццяўляюць продаж кандытарскіх вырабаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца канкурэнтамі.

Знешні выгляд упакоўкі набораў цукерак «ILPASSO» сведчыць аб імітацыі знешняга выгляду ўпакоўкі набору цукерак СП ААТ «Спартак», а не аб распрацоўцы свайго ўласнага дызайну.

Абазначэнні «IMPRESSO» і «ILPASSO» могуць успрымацца спажыўцом як прыналежныя аднаму вытворцы.

Суд з улікам норм артыкула 11.26 КаАП і артыкулаў 1, 29 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі» прыйшоў да вывадаў, што капіраванне або імітацыя знешняга выгляду тавару, які ўводзіцца ў грамадзянскі абарот на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь іншым суб’ектам гаспадарання, упакоўкі такога тавару, яго этыкеткі, наймення, колеравай гамы з’яўляецца адным з відаў нядобрасумленнай канкурэнцыі, адказнасць за якую прадугледжана артыкулам 11.26 КаАП.

З улікам усіх абставін справы суд падвергнуў ТАА «Юніаква» адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 400 базавых велічынь, што складае 11 600 рублёў.

Пастанова аб накладанні адміністрацыйнага спагнання не абскарджвалася, уступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі