Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Эканамічным судом Віцебскай вобласці разгледжаны дзве справы па ісках вайсковых часцей аб спагнанні шкоды, прычыненай неабгрунтаваным прызывам грамадзян на тэрміновую ваенную службу

13 чэрвеня 2019  1420

Эканамічным судом Віцебскай вобласці разгледжаны дзве справы па ісках вайсковых часцей (ісцец 1, ісцец 2) да Талачынскага раённага выканаўчага камітэта (адказчык 1) і Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта (адказчык 2) аб спагнанні шкоды, прычыненай неабгрунтаваным прызывам грамадзян на тэрміновую ваенную службу.

У абодвух выпадках грамадзяне пры праходжанні тэрміновай ваеннай службы падалі скаргі на стан здароўя. Пасля праведзеных абследаванняў ваеннаслужачых ваенна-ўрачэбнай камісіяй дзяржаўнай установы «432 ордэна Чырвонай Зоркі галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь» прыняты рашэнні аб прызнанні названых грамадзян непрыгоднымі да ваеннай службы ў мірны час (абмежавана годнымі да ваеннай службы ў ваенны час). Загадамі камандзіраў істца 1 і істца 2 грамадзянін Ш. і грамадзянін К. звольнены з ваеннай службы ў запас па хваробе.

Па заключэннях дзяржаўнай установы «Цэнтральная ваенна-ўрачэбная камісія Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь» прычынай неабгрунтаванага прызыву на тэрміновую ваенную службу грамадзяніна Ш. і грамадзяніна К. з’явілася непрытрымліванне ўстаноўленых методык абследавання (непаўнацэннае абследаванне).

На думку істца 1, грамадзянін Ш. быў неабгрунтавана прызваны на тэрміновую ваенную службу прызыўной камісіяй, створанай адказчыкам 1, па прычыне непрытрымлівання ўстаноўленых методык абследавання (непаўнацэннае абследаванне) урачом-стаматолагам пры медыцынскім аглядзе ў перыяд вясенняга прызыву 2016 года і павярхоўнага вывучэння ўрачамі-стаматолагамі медыцынскай дакументацыі і недаацэнцы імі наяўных звестак аб стане здароўя прызыўніка.

На думку істца 2, грамадзянін К. быў неабгрунтавана прызваны на тэрміновую ваенную службу прызыўной камісіяй, створанай адказчыкам 2, па прычыне непрытрымлівання ўстаноўленых методык абследавання (непаўнацэннае абследаванне) функцыі каленнага сустава: не быў вызначаны аб’ём рухаў урачом-хірургам пры медыцынскім аглядзе і ўрачом-хірургам зборнага пункта Віцебскай вобласці пры правядзенні медыцынскага агляду пры адпраўках у вайсковую часць.

У абгрунтаванне памеру прычыненай шкоды, істцы прадаставілі суду разлікі сум сродкаў, якія падлягаюць спагнанню ў рэспубліканскі бюджэт. На ўтрыманне ваеннаслужачага Ш. пры праходжанні ім тэрміновай ваеннай службы ў істца 1 з 20 мая 2016 г. па 8 верасня 2016 г. было затрачана 1855 руб. 82 кап., на ваеннаслужачага К. пры праходжанні ім тэрміновай ваеннай службы ў істца 2 з 19 мая 2017 г. па 2 жніўня 2017 г. – 1199 руб. 07 кап. Названыя сумы ўключаюць выдаткі на выплату грашовага забеспячэння, забеспячэнне рэчавай маёмасцю і харчаваннем.

Адказчык 1 пярэчыў супраць задавальнення іскавых патрабаванняў, таму што лічыць, што названае захворванне ў грамадзяніна Ш. развілася падчас праходжання службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Адказчык 2 матываваў свае пярэчанні супраць задавальнення іску тым, што віна ўрачоў-спецыялістаў гарадскіх устаноў аховы здароўя, якія праводзілі агляд грамадзяніна К., і ўрачоў-спецыялістаў, якія ажыццяўляюць медыцынскі агляд, не ўстаноўлена.

У ходзе судовых разбораў, вывучэння прадстаўленых доказаў суд прыйшоў да высновы аб тым, што прычынай неабгрунтаванага прызыву грамадзян Ш. і К. на ваенную службу з’явілася непрытрымліванне прызыўнымі камісіямі адказчыка 1 і адказчыка 2 устаноўленых Методык медыцынскіх даследаванняў пры правядзенні медыцынскага агляду грамадзян пры прыпісцы да прызыўных участкаў, прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, ваенную службу афіцэраў запасу, ваенныя і спецыяльныя зборы, паступленні на ваенную службу па кантракце, ва ўстанову адукацыі «Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча» і ваенныя навучальныя ўстановы, ваеннаслужачых, грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, зацверджаных Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 2011 г. № 10/2251 і ўзгодненых з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Суд праверыў прадстаўленыя істцамі разлікі ў адпаведнасці з п. 4 метадычных рэкамендацый ад 18 ліпеня 2018 г. № 5/6у «Аб арганізацыі работы па спагнанні шкоды, прычыненай дзяржаве незаконным прызывам на воінскую службу».

У адпаведнасці з артыкулам 10 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 г. № 1914-XII «Аб воінскім абавязку і ваеннай службе» мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія стварылі прызыўныя камісіі, нясуць адказнасць за шкоду, прычыненую дзяржаве і грамадзянам прызывам на ваенную службу, службу ў рэзерве грамадзян, якія не падлягаюць прызыву на ваенную службу, службу ў рэзерве па стане здароўя і іншых падставах. Спагнанне шкоды выконваецца ў парадку, вызначаным грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Згодна з артыкулам 938 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь шкода, прычыненая грамадзяніну або юрыдычнай асобе ў выніку незаконных дзеянняў (бяздзеяння) дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання або службовых асоб гэтых органаў, у тым ліку ў выніку выдання такога акта дзяржаўнага органа ці органа мясцовага кіравання, які не адпавядае заканадаўству, падлягае спагнанню.

Такім чынам, па выніках разгляду спраў эканамічны суд Віцебскай вобласці спагнаў з Талачынскага раённага выканаўчага камітэта на карысць істца 1 у кошт спагнання шкоды, прычыненай дзяржаве неабгрунтаваным прызывам на ваенную службу грамадзяніна Ш., 1855 руб. 35 кап., а таксама выдаткі па аплаце дзяржаўнай пошліны, што складаюць 629 руб. 55 кап., з Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта на карысць істца 2 спагнана 1199 руб. 07 кап. у кошт спагнання шкоды, прычыненай дзяржаве неабгрунтаваным прызывам на ваенную службу грамадзяніна К., а таксама 637 руб. 50 кап. выдаткаў па аплаце дзяржаўнай пошліны.

Рашэнні эканамічнага суда Віцебскай вобласці не абскарджваліся і 6 чэрвеня 2019 года ўступілі ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык