Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Судом Рэчыцкага раёна задаволены іскавыя патрабаванні 76-гадовага жыхара Рэчыцы аб спагнанні з РУП "Белтэлекам" кампенсацыі маральнай шкоды

22 красавіка 2019  1439

8 лістапада 2018 года судом Рэчыцкага раёна разгледжана грамадзянская справа па іску Г. (далей – ісцец) да РУП «Белтэлекам» (далей – адказчык) аб спагнанні грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.

У заяве суду ісцец указаў, што ў чэрвені 2018 года на пешаходнай дарожцы ў тарца жылога дома па вуліцы Савецкай у г. Рэчыца ён наступіў на не замацаваную належным чынам накрыўку люка, якая перавярнулася, з прычыны чаго ён праваліўся ў назіральны калодзеж, які знаходзіцца ў вядзенні РУП «Белтэлекам». Пры падзенні ісцец атрымаў цялесныя пашкоджанні ў выглядзе траўмы грудзей, жывата, ног. У выніку ён зведаў фізічныя пакуты ў выглядзе моцнага болю, а таксама маральныя пакуты; спалох, глыбокае нервовае ўзрушэнне. Спасылаючыся на выкладзеныя абставіны, прасіў спагнаць з РУП «Белтэлекам» грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 3000 рублёў.

Рашэннем суда Рэчыцкага раёна ад 8 лістапада 2018 года іскавыя патрабаванні Г. аб спагнанні з адказчыка кампенсацыі маральнай шкоды задаволены ў памеры 1500 рублёў.

14 лютага 2019 года судовая калегія па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда праверыла законнасць рашэння раённага суда па апеляцыйным пратэсце намесніка пракурора Рэчыцкага раёна і апеляцыйнай скарзе РУП «Белтэлекам».

Пры апеляцыйным разглядзе справы ўстаноўлена, што да суда Г. звяртаўся па дапамогу ў пракуратуру Рэчыцкага раёна, аднак атрымаў адказ аб тым, што падстаў для прыняцця актаў пракурорскага рэагавання не маецца.

Разам з тым судовая калегія па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда прыйшла да вываду аб тым, што патрабаванні Г. задаволены раённым судом абгрунтавана.

Паколькі факт падзення істца ў калодзеж і атрымання ім цялесных пашкоджанняў пацверджаны вынікамі праверкі назіральных калодзежаў Рэчыцкага занальнага вузла электрасувязі Гомельскага філіяла РУП «Белтэлекам», а таксама медыцынскімі дакументамі, атрыманымі Г. у выніку звароту ў раённую бальніцу і да судова-медыцынскага эксперта.

У адпаведнасці з арт. 42 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб электрасувязі» № 45-З ад 19 ліпеня 2005 года з наступнымі зменамі і дапаўненнямі аператар электрасувязі абавязаны ажыццяўляць пабудову сетак электрасувязі з улікам патрабаванняў забеспячэння ўстойлівасці і бяспекі іх функцыянавання.

РУП «Белтэлекам» не ў поўнай меры выканаў патрабаванні ўказанай прававой нормы. Накрыўка назіральнага ўстройства была замацавана неналежным чынам, з прычыны гэтага існавала відавочная небяспека. Вывад суда пацвярджаецца той акалічнасцю, што ў выніку службовай праверкі накрыўка назіральнага калодзежа была заменена, калодзеж умацаваны. Прадстаўленыя адказчыкам дакументы пацвярджаюць вывад суда аб недастатковасці дзеянняў, якія выконваліся па стварэнні бяспекі функцыянавання ліній электрасувязі абаненцкага доступу.

Пры такіх абставінах суд апеляцыйнай інстанцыі абверг довады скаргі РУП «Белтэлекам» і пратэсту намесніка пракурора Рэчыцкага раёна аб недаказанасці факта атрымання цялесных пашкоджанняў Г. пры падзенні ў назіральны калодзеж адказчыка, абараніўшы правы істца і спагнаўшы грашовую кампенсацыю маральнай шкоды з улікам устаноўленых абставін справы і ступені фізічных і маральных пакут Г.

Вызначэннем судовай калегіі па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда ад 14 лютага 2019 года рашэнне суда Рэчыцкага раёна ад 8 лістапада 2018 года пакінута без змен, а апеляцыйны пратэст намесніка пракурора Рэчыцкага раёна і апеляцыйная скарга РУП «Белтэлекам» – без задавальнення.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык