Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

Гродзенскі абласны суд


Судом Астравецкага раёна пастаноўлены прыгавор па крымінальнай справе ў дачыненні да грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, абвінавачанага ў арганізацыі незаконнай міграцыі

7 лютага 2019  1748

5 лютага 2019 года судом Астравецкага раёна разгледжана крымінальная справа па абвінавачанні грамадзяніна Расійскай Федэрацыі З. у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 371-1 КК.

Абвінавачаны З., маючы намер на ажыццяўленне злачыннай дзейнасці, звязанай з садзейнічаннем незаконнай міграцыі замежных грамадзян, якія накіроўваліся з Рэспублікі Беларусь у краіны Еўрапейскага саюза, дзейнічаючы групай асоб, па папярэдняй змове з нявызначанымі асобамі, садзейнічаў дзейнасці па незаконным выездзе замежных грамадзян, а менавіта чатырох грамадзян Расійскай Федэрацыі праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі.

Так, ён у лістападзе 2018 года, знаходзячыся ў г. Вільнюсе Літоўскай Рэспублікі, падчас размовы па мабільным тэлефоне з нявызначанай асобай за абяцанае апошнім узнагароджанне дасягнуў дамоўленасці аб тым, што выканае ролю правадніка і акажа садзейнічанне па арганізацыі незаконнай міграцыі з Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян у Літоўскую Рэспубліку.

Працягваючы рэалізацыю сумеснага злачыннага намеру, абвінавачаны З. у лістападзе 2018 па-за ўстаноўленымі пунктамі пропуску незаконна прыбыў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з Літоўскай Рэспублікі. Знаходзячыся блізу вёскі Рытань Астравецкага раёна, па мабільным тэлефоне прадастаўляў указаным грамадзянам Расійскай Федэрацыі інфармацыю аб месцы, куды ім неабходна прыбыць з г. Брэста ў пагранічную зону, а менавіта ў в. Рытань Астравецкага раёна для далейшага праходжання разам з ім па-за пунктамі пропуску да Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Літоўскай Рэспублікай.

У выніку названыя грамадзяне Расійскай Федэрацыі былі затрыманы пагранічным нарадам вайсковай часці 2044 блізу населенага пункта Тартак Астравецкага раёна, чым злачынная дзейнасць З. была спынена.

Сам абвінавачаны З. быў затрыманы супрацоўнікамі пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь паблізу населенага пункта Тракенікі Астравецкага раёна.

Прыгаворам суда

абвінавачаны З. прызнаны вінаватым у садзейнічанні дзейнасці па незаконным выездзе з Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян (арганізацыя незаконнай міграцыі), здзейсненай групай асоб па папярэдняй змове, і на падставе ч. 2 арт. 371-1 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Прыгавор у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.