Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Адбыўся міжнародны семінар «Еўрапейскія стандарты справядлівага правасуддзя»

20 снежня 2018  4712

19 снежня 2018 года ў г. Мінску адбыўся міжнародны семінар «Еўрапейскія стандарты справядлівага правасуддзя», арганізаваны Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь у рамках сумеснага з Саветам Еўропы праекта «Садзейнічанне ў рэалізацыі судовай рэформы ў Беларусі».

Семінар сабраў шырокае кола ўдзельнікаў высокага ўзроўню і прадстаўніцтва.

Адкрываючы работу семінара, Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Алегавіч Сукала адзначыў унікальнасць прадстаўленай магчымасці абмяняцца экспертнымі меркаваннямі аб разуменні і крытэрыях прынцыпу справядлівасці судовага разбору, атрымаць больш дэталёвую інфармацыю аб еўрапейскіх стандартах справядлівага правасуддзя.

Валянцін Сукала зрабіў акцэнт на тым, што тэрмін справядлівасць замацаваны ў многіх міжнародных прававых актах па пытаннях правасуддзя, у тым ліку ў асноватворным дакуменце Савета Еўропы – Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод. У Рэспубліцы Беларусь на ўзроўні Асноўнага закона прызнаны прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і адпаведнасць ім заканадаўства, таму ў нашай краіне ў кодэксах па пытаннях правасуддзя таксама ўтрымліваецца такое паняцце, як справядлівасць.

«Ва ўмовах галоснасці і публічнасці судовай дзейнасці пачатак справядлівасці праяўляецца найбольш значна, паколькі суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя абавязаны непасрэдна кіравацца дадзеным прынцыпам, а яго практычная рэалізацыя часта выступае адной з грамадскіх ацэнак работы судоў і ўплывае на ўзровень даверу грамадзян да інстытутаў правасуддзя», – падкрэсліў ён. Пры гэтым Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь звярнуў увагу, што навуковая супольнасць усё яшчэ не змагла сфармуляваць адзінае класічнае азначэнне справядлівасці, якое найбольш дакладна адлюстроўвала б яго сутнасць: «Дагэтуль не вырашана дылема, ці прававое яно ўвогуле або філасофскае, як яно суадносіцца з паняццем законнасць і ці тоеснае яно яму. Складанасць у тым, каб дасягнуць балансу паміж прававой і грамадскай ацэнкай справядлівасці правасуддзя, паколькі кожны чалавек вызначае яе зыходзячы з асабістых перакананняў, у тым ліку ў залежнасці ад вынікаў судовага разбору».

Валянцін Алегавіч Сукала выказаў упэўненасць, што абмеркаванне настолькі шматпланавай тэмы ў рамках міжнароднага семінара з удзелам экспертаў Савета Еўропы – яшчэ адзін значны крок на шляху вырашэння гэтага вельмі няпростага пытання, які дазволіць беларускім экспертам у галіне правасуддзя ацаніць падыходы і дасягненні лепшых еўрапейскіх судовых практык па гэтым пытанні. «Рэспубліка Беларусь у сваёй нацыянальнай палітыцы абазначыла прыярытэтам справядлівасць у шырокім разуменні. У вырашэнні гэтых задач дзяржава, безумоўна, апіраецца на створаныя прававыя інстытуты і ўстановы, у тым ліку на судовую сістэму. Дзейнасць судоў, уключаючы іх канкрэтныя рашэнні, у сучасных умовах стала рэальным фактарам, які ўплывае на правасвядомасць грамадства. Таму ўсе беларускія суддзі нацэлены на тое, каб іх рашэнні ўспрымаліся большасцю людзей як справядлівыя, а слова «правасуддзе» асацыіравалася ў грамадстве з сінонімам да слова «справядлівасць». Гэтыя пастулаты, я ўпэўнены, застануцца нязменным дэвізам нашага правасуддзя. Для гэтага ў нас ёсць усе рэсурсы і магчымасці, тым больш права на судовую абарону забяспечана аптымальнай колькасцю суддзяў, іх статусам і прававымі гарантыямі для вырашэння таго аб’ёму спраў, якія паступаюць у суды», – сказаў ён.

У сваю чаргу, кіраўнік праекта Савета Еўропы «Садзейнічанне ў рэалізацыі судовай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь» Аляксандра Сытнік падзякавала беларускім калегам за цікавасць да дзейнасці Савета Еўропы і магчымасць сумеснага абмеркавання глабальных тэм правасуддзя.

З дакладам «Справядлівасць правасуддзя: маральны і прававы аспекты» выступіў першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Леанідавіч Калінковіч.

Дакладчык звярнуў увагу на тое, што пытанне аб маральна-духоўнай катэгорыі справядлівасці як суадносін паміж тым, што патрабуецца, і тым, што адбываецца ў рэальнасці, далёка не новае, але застаецца ўсё такім жа актуальным, у тым ліку для праватворчасці і правапрымянення:

«Адных духоўных і маральна-этычных правіл недастаткова для эфектыўнага рэгулявання грамадскіх адносін. Таму мараль ацэньвае адносіны з пазіцыі справядлівасці, якая прэтэндуе на сапраўднае і правільнае разуменне сутнаснага і належнага, і матываў, якія ляжаць у аснове знешніх паводзін, а права – з пазіцыі фармальнай справядлівасці і знешніх паводзін у найбольш значных грамадскіх адносінах.

Справядлівасць правасуддзя, як публічнага віду дзейнасці, са старажытнасці падпадала пад знешнія ацэнкі, у выніку паступова фарміраваліся пазіцыі, якія прынята называць агульнапрызнанымі стандартамі правасуддзя», – адзначыў Калінковіч. У дакладзе аўтар падрабязна спыніўся на гістарычным аспекце станаўлення і развіцця паняцця справядлівасці як маральнай і прававой катэгорыі, адзначыўшы пры гэтым ролю і значэнне такога найвялікшага помніка нашай прававой і сацыяльнай культуры, як Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года: «Многія стандарты справядлівага правасуддзя – нязменнасць суддзяў, прынцып падзелу ўлады, асновы фарміравання прафесійнага судзейскага корпуса – упершыню ў сістэмным выглядзе былі сфармуляваны на беларускай мове і замацаваны ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 года».

Калінковіч падкрэсліў, што падчас станаўлення і развіцця прававой сістэмы суверэннай Беларусі гэта катэгорыя запатрабавана пры фарміраванні нарматыўнай базы, на якой функцыянуе правасуддзе.

Ён таксама адзначыў, што вырашальны ўклад у фарміраванне сучаснага разумення справядлівасці правасуддзя ў беларускай агульнадзяржаўнай і прававой мадэлі ўнесла прыняцце ў 2011 годзе шматпланавага праграмнага дакумента – Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб перспектывах развіцця сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі. Адно з яго ключавых палажэнняў гаворыць: «Суды павінны выкарыстоўваць увесь наяўны патэнцыял для таго, каб судовы разбор быў аператыўным і справядлівым. Рашэнні, якія выносяцца, павінны быць зразумелымі не толькі юрыстам, але і самым шырокім слаям насельніцтва».

Валерый Леанідавіч Калінковіч падкрэсліў, што маральны і прававы аспекты разумення справядлівасці правасуддзя ў сучасных умовах цесна ўзаемазвязаны і актыўна адзін з адным узаемадзейнічаюць, вызначаючы ў сукупнасці крэдыт даверу насельніцтва да інстытутаў судовай улады, без якога немагчыма эфектыўнае выкананне яе функцый. Пры гэтым важнае значэнне мае заканадаўчая рэгламентацыя і практычнае ажыццяўленне адпаведных прававых пазіцый.

«У аснове беларускага працэсуальнага заканадаўства вось ужо шмат гадоў закладзены такія асноватворныя прынцыпы судаводства, як спаборнасць бакоў і прэзумпцыя невінаватасці, безумоўнага выканання якіх мы патрабуем ад ніжэйстаячых судоў. Але гэтага недастаткова. Крэдыт даверу правасуддзю сёння тым вышэйшы, чым вышэйшы ўзровень даступнасці сродкаў судовай абароны, арганізацыі судовай дзейнасці, яе культуры, ажыццяўлення правасуддзя ў разумныя, мінімальна неабходныя для прыняцця законнага і справядлівага рашэння тэрміны. На гэта накіравана арганізацыйная дзейнасць Вярхоўнага Суда», – адзначыў дакладчык.

Выступаючы перад еўрапейскімі экспертамі, Калінковіч акцэнтаваў асаблівую ўвагу на такім іміджавым фактары справядлівасці правасуддзя, важным ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, як строгае захаванне галоснасці судаводства і своечасовае распаўсюджанне дакладнай інфармацыі аб дзейнасці судоў. Пры гэтым першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь паясніў, што суды не адмовіліся і ад станоўчага вопыту мінулых гадоў, падтрымліваючы пастаянную жывую зваротную сувязь з насельніцтвам, атрымліваючы сігналы аб магчымых праблемах у арганізацыі правасуддзя і ступені яго ўспрымання як справядлівага: «Больш за 12 тысяч грамадзян штогод карыстаюцца магчымасцю асабістага прыёму кіраўнікамі і супрацоўнікамі судоў для выкладу сваіх патрабаванняў і прававых пазіцый. Кіраўнікі судоў, суддзі і работнікі апарату праводзяць у розных формах шырокую праварастлумачальную работу. Так, больш за дваццаць тысяч спраў штогод разглядаецца ў выязных судовых пасяджэннях, на якіх прысутнічаюць шырокія слаі насельніцтва. Гэта фарміруе разуменне грамадзянамі прынцыпаў работы судовай сістэмы, павышае агульны ўзровень прававых ведаў».

Валерый Калінковіч таксама прывёў даныя судовай статыстыкі, што тычацца абскарджання судовых пастаноў і сведчаць аб узроўні іх успрымання грамадствам як законных, абгрунтаваных і справядлівых: «У краіне штогод разглядаецца больш за 750 тысяч розных спраў і спрэчак. У другую інстанцыю абскарджваюцца 20–25 % прыгавораў, не больш за 5 % рашэнняў па грамадзянскіх справах, 10–12 % па эканамічных спрэчках, каля 1 % па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.

На ўзровень Вярхоўнага Суда са скаргамі і пратэстамі бакоў, якія катэгарычна лічаць прынятыя рашэнні незаконнымі і несправядлівымі, паступае крыху больш за 7 тысяч спраў: каля 2 тысяч крымінальных, 1000 адміністрацыйных, 2,5 тысячы грамадзянскіх, 1400 эканамічных. З вынікамі астатніх судовых разбораў іх удзельнікі пагаджаюцца».

У завяршэнні свайго выступлення Валерый Леанідавіч Калінковіч нагадаў аб рэзалюцыі, прынятай у кастрычніку мінулага года на першай Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў. Канферэнцыя звярнулася да членаў судзейскай супольнасці з заклікам да прыняцця рашучых мер, накіраваных на ліквідацыю недахопаў, якія ёсць у дзейнасці судоў, строгае выкананне Кодэкса гонару суддзі і абмежаванняў, якія накладаюцца заканадаўствам аб дзяржаўнай службе; удасканаленне падыходаў да якасці і аргументаванасці судовых пастаноў, іх пераканаўчасці, адкрытасці судовай сістэмы для грамадства; павышэнне кожным суддзёй свайго прафесійнага ўзроўню.

«Мы хочам, каб наша судзейская супольнасць у рэальнасці ўяўляла сабой узор не толькі прававой культуры, але высокадухоўных і маральных паводзін у грамадстве», – рэзюмаваў ён.

Больш падрабязна з пытаннямі справядлівасці судовага разбору па крымінальных справах у практыцы Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь азнаёміў удзельнікаў семінара намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Руслан Генадзьевіч Аніскевіч.

Ён, у прыватнасці, адзначыў, што «Вярхоўны Суд павінен выкарыстоўваць увесь наяўны патэнцыял для таго, каб судовы разбор быў справядлівым. Устойлівасць прымаемых ніжэйстаячымі судамі рашэнняў дастаткова высокая. Працэнт абскарджання ў Вярхоўны Суд невялікі – каля 1 % прынятых рашэнняў. Але і гэтыя 1723 скаргі на прыгаворы, якія паступілі ў першай палове 2018 года, – гэта 1723 незадаволеныя, чыя вера ў справядлівасць суда ў той ці іншай ступені падарваная, і, звяртаючыся ў вышэйшую судовую інстанцыю, людзі спадзяюцца аднавіць справядлівасць. У шэрагу выпадкаў іх надзеі спраўджваюцца. З 236 прынесеных у бягучым годзе пратэстаў больш за 70 – па падставах няправільнай кваліфікацыі здзейсненага злачынства, несправядлівасці пакарання з прычыны яго строгасці. Гэта значыць у літаральным сэнсе мелі на мэце аднаўленне справядлівасці па прынятых рашэннях».

Аб забеспячэнні законных правоў і інтарэсаў грамадзян у судовым разборы расказаў суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Віктаравіч Кавальчук.

Дакладчык правёў параўнальны аналіз палажэнняў артыкула 6 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод з аналагічнымі па змесце палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, іншымі нормамі нацыянальнага заканадаўства. Ён, у прыватнасці, канстатаваў, што «агульныя патрабаванні да працэдуры судовага разбору ў Рэспубліцы Беларусь, вызначаныя Асноўным законам дзяржавы, адпавядаюць міжнародным стандартам».

Суддзя звярнуў увагу еўрапейскіх калег-экспертаў на рэалізацыю прынцыпу роўнасці ўсіх удзельнікаў крымінальнага працэсу перад законам. Ён падкрэсліў, што дадзены прынцып знаходзіць сваё адлюстраванне ва ўсіх асноватворных міжнародна-прававых актах па правах чалавека. Замацаваны ён і нормамі беларускага заканадаўства. Пры гэтым аб’ём правоў удзельнікаў працэсу не з’яўляецца аднолькавым, аднак нікому не можа быць прадастаўлена прывілеяванае становішча ў судзе ў параўнанні з іншымі. Гэта пацвярджаецца і падабенствам працэсуальных правоў і абавязкаў абвінавачанага і пацярпелага, замацаваных у артыкулах 43 і 50 КПК Рэспублікі Беларусь. Кавальчук адзначыў, што абвінавачанаму і пацярпеламу ў нацыянальнай мадэлі судовага вядзення па крымінальных справах прадастаўлены шырокія магчымасці для рэалізацыі іх працэсуальных правоў, чым створаны перадумовы да ўзаемадзеяння бакоў, а таксама элементы для аднаўленчага правасуддзя.

Суддзя прывёў даныя судовай статыстыкі, якія сведчаць аб тэндэнцыі да павелічэння колькасці асоб, вядзенне па крымінальнай справе ў дачыненні да якіх спынена за прымірэннем з пацярпелым. Так, у 2015 годзе такіх асоб было 697, у 2016 годзе – 751, у 2017 – 819, у першай палове 2018 года – 363 асобы. Пры гэтым характэрна, як адзначыў суддзя, што ўдзельная вага судовых пастаноў аб спыненні вядзення па справе за прымірэннем павялічваецца і ў агульнай колькасці спыненых па ўсіх падставах крымінальных спраў, складаючы ў цяперашні час каля 50 %.

Андрэй Кавальчук прааналізаваў таксама забеспячэнне права на абарону абвінавачанага. Ён адзначыў, што суды выкананню дадзенага права надаюць вялікае значэнне, паколькі парушэнне гэтага права з’яўляецца безумоўнай падставай да адмены прыгавору па патрабаваннях артыкула 391 КПК Рэспублікі Беларусь.

Суддзя адзначыў, што крымінальна-працэсуальная дзейнасць закранае інтарэсы многіх суб’ектаў і прадугледжвае неабходнасць абароны не толькі правоў і абавязкаў абвінавачанага і пацярпелага, але і іншых яе ўдзельнікаў. У шэрагу выпадкаў пры судовым разглядзе справы востра паўстае пытанне забеспячэння бяспекі пацярпелага або сведкі, а таксама членаў іх сем’яў і сваякоў. Крымінальна-працэсуальны кодэкс дае суду магчымасць допыту асоб без абвяшчэння іх сапраўдных персанальных даных і па-за візуальным назіраннем асоб, якія знаходзяцца ў зале судовага пасяджэння.

У сваім дакладзе Кавальчук таксама акцэнтаваў увагу на важнасці захавання працэсуальных тэрмінаў судовага разбору, на забеспячэнні такога алгарытму дзейнасці судовых органаў, які дазваляе вяршыць правасуддзе без затрымак і цяганіны. Суддзя адзначыў, што апрача пэўных арганізацыйных мер, якія прадпрымаюцца судамі ўсіх узроўняў, гэтаму садзейнічаюць працэсуальныя магчымасці па разглядзе судамі крымінальных спраў у скарочаных формах вядзення. Гэта значыць з прымяненнем скарочанага парадку судовага следства, спраў паскоранага і завочнага вядзення.

У канцы свайго выступлення суддзя падкрэсліў, што забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў кожнага грамадзяніна ў судовым разборы патрабуе пастаяннай увагі з боку судовай сістэмы, а выяўленне праблем у гэтай сферы павінна цягнуць за сабой неадкладную рэакцыю і аператыўную ліквідацыю недахопаў.

Падчас семінара выступілі і міжнародныя эксперты.

Так, дацэнт Школы права і сацыяльнай справядлівасці Універсітэта Ліверпуля (Вялікабрытанія) Канстанцін Дзегцяроў у дакладзе ўдзяліў увагу паняццю «справядлівае правасуддзе» і «вяршэнства права» ў практыцы Еўрапейскага суда па правах чалавека і дакументах Савета Еўропы.

Пра паняцце законнасці ў практыцы Еўрапейскага суда па правах чалавека расказала Аляксандра Сытнік, кіраўнік праекта Савета Еўропы «Садзейнічанне ў рэалізацыі судовай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь».

Пра паняцце самавольства і дактрыну чацвёртай інстанцыі ў практыцы Еўрапейскага суда па правах чалавека расказаў эксперт Савета Еўропы Андрэй Есін.

З такімі еўрапейскімі стандартамі, як незалежнасць і падсправаздачнасць судовай сістэмы, азнаёміў удзельнікаў семінара юрыст сакратарыята Еўрапейскага суда па правах чалавека Кірыла Бойчанка. У другой частцы семінара эксперт таксама азнаёміў беларускіх калег са стандартамі Еўрапейскага суда па правах чалавека адносна прымянення меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Пра механізмы выканання рашэнняў Еўрапейскага суда па правах чалавека і ўплыў рашэнняў Еўрапейскага суда па правах чалавека на работу суддзяў нацыянальных судоў расказаў юрыст Дэпартамента выканання рашэнняў Еўрапейскага суда па правах чалавека Муса Хасанаў.

Цікавым быў і прадстаўлены вопыт практыкуючага адваката Страсбургскай калегіі адвакатаў Аляксандра Аўчыннікава. Ён расказаў аб правах падазронага, абвінавачанага, падсуднага ў крымінальным працэсе па стандартах Еўрапейскага суда па правах чалавека і выкарыстанні названых стандартаў у практыцы судоў Францыі.

Падводзячы вынікі работы семінара, Валерый Калінковіч падзякаваў усім удзельнікам за канструктыўную плённую працу, адкрытыя цікавыя прапановы і змястоўныя дыскусіі:

«Размова сёння атрымалася дастаткова карысная і шчырая. Яна дапамагла праясніць і многія падыходы Еўрапейскай канцэпцыі да паняцця справядлівасці правасуддзя, і тыя прававыя механізмы, якія дзейнічаюць у міжнародных прававых інстытутах пры ацэнцы таго ці іншага судовага разбору і судовага рашэння як справядлівага. Сённяшняе мерапрыемства нам вельмі дапаможа ў далейшых камунікацыях не толькі з Саветам Еўропы, але і з іншымі міжнароднымі арганізацыямі па пытаннях прытрымлівання правоў чалавека і практычнай дзейнасці пры ажыццяўленні правасуддзя».

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык