Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Міжнародная канферэнцыя «Адзіны працэсуальны кодэкс як інструмент рэалізацыі права на справядлівы судовы разбор па грамадзянскіх і эканамічных справах» прайшла ў Мінску

2 сакавіка 2020  4661

27 лютага 2020 года адбылася міжнародная канферэнцыя, арганізаваная Вярхоўным Судом у рамках супрацоўніцтва з БДІПЧ АБСЕ і Саветам Еўропы «Адзіны працэсуальны кодэкс як інструмент рэалізацыі права на справядлівы судовы разбор па грамадзянскіх і эканамічных справах».

Вярхоўны Суд сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў у мэтах выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы распрацоўвае праект адзінага працэсуальнага кодэкса, які рэгулюе судаводства па грамадзянскіх і эканамічных справах.

Нягледзячы на адзінства судовай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь, судаводства па грамадзянскіх і эканамічных справах працягвае рэгулявацца працэсуальнымі кодэксамі, якія істотна адрозніваюцца. Пры гэтым маецца дастаткова вялікі аб’ём адрозненняў. У прыватнасці, гэта тычыцца працэсуальнай тэрміналогіі, прынцыпаў судаводства, вызначэння функцый і задач судоў, саставу ўдзельнікаў працэсу, іх прававога становішча, правіл даказвання і вылічэння працэсуальных тэрмінаў, рэгламентацыі пытанняў прымірэння бакоў, сістэм праверкі правільнасці судовых пастаноў, удасканалення апеляцыйнага вядзення, а таксама надання выключнага характару магчымасці перагляду судовых пастаноў, якія ўступілі ў законную сілу, у парадку нагляду.

Фота Андрэя Пакумейкі (БелТА)

Стварэнне адзінага працэсуальнага кодэкса – найбольш эфектыўны спосаб уніфікацыі грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства, паколькі сканцэнтраванне ў адзіным фармаце ўсіх працэсуальных норм дазволіць звесці да мінімуму рызыку з’яўлення прабелаў, разыходжанняў і калізій пры разглядзе грамадзянскіх і эканамічных спраў. Пры гэтым важным з’яўляецца захаванне балансу паміж рознымі ідэалогіямі існуючых працэсаў.

Канчатковай жа мэтай гэтай работы з’яўляецца стварэнне якаснага, жыццяздольнага, зразумелага для суддзяў і для звычайных грамадзян адзінага працэсуальнага кодэкса, які рэгулюе судаводства па грамадзянскіх і эканамічных справах і будзе адпавядаць як сусветным стандартам, што прад’яўляюцца да такога роду нарматыўных прававых актаў, так і патрабаванням і запытам грамадства, адлюстроўваючы асаблівасці судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь.

Падчас канферэнцыі беларускія і замежныя эксперты абмеркавалі актуальныя пытанні распрацоўкі адзінага працэсуальнага кодэкса як інструменту рэалізацыі права на справядлівы судовы разбор па грамадзянскіх і эканамічных справах. Вывучэнне міжнароднага вопыту ў гэтай сферы вельмі важнае для айчынных заканадаўцаў і правапрымяняльнікаў.

Звяртаючыся ад імя судзейскага корпуса Беларусі з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі, Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Алегавіч Сукала нагадаў аб патэнцыяле новага будынка Вярхоўнага Суда, на які звяртаў увагу Кіраўнік дзяржавы, і адзначыў важнасць тэмы, якая абмяркоўваецца на форуме: «У красавіку 2019 года на нарадзе па пытаннях удасканалення дзейнасці сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што новы будынак Вярхоўнага Суда адкрывае для ўсёй судовай сістэмы новыя ўмовы і магчымасці. Ён павінен стаць цэнтрам юрыдычнай думкі, пляцоўкай для дыскусій, абмеркаванняў найбольш адчувальных і актуальных для грамадства тэм. Па сваім змесце і маштабнасці да адной з іх, безумоўна, адносіцца неабходнасць распрацоўкі праекта адзінага працэсуальнага кодэкса, які рэгулюе судаводства па грамадзянскіх і эканамічных справах. Таму абмеркаванне актуальных і ў многім дыскусійных пытанняў уніфікацыі судовых працэдур і сістэматызацыі працэсуальных норм у сферы грамадзянскага і эканамічнага правасуддзя мае сур’ёзнае значэнне для далейшай работы над адзіным працэсуальным кодэксам».

Валянцін Сукала адзначыў, што заканатворчы працэс у гэтай сферы пачынаўся з параўнальнага даследавання працэсуальных інстытутаў дзеючых кодэксаў і на аснове гэтага з распрацоўкі канцэптуальных палажэнняў адзінага заканадаўчага акта. На сённяшні дзень, падкрэсліў Старшыня вышэйшай судовай інстанцыі краіны, адпаведнай рабочай групай Вярхоўнага Суда падрыхтаваны першы рабочы варыянт Агульнай часткі новага кодэкса. У рамках дадзенай дзейнасці рэалізуецца комплексны падыход, накіраваны не столькі на зліццё двух кодэксаў, колькі на вызначэнне новых падыходаў да вырашэння спрэчных прававых пытанняў, ліквідацыю прабелаў і супярэчнасцей у галінах працэсуальнага права, укараненне навел заканадаўства, запатрабаваных судовай практыкай і грамадскімі спадзяваннямі. Асноўнай мэтай стварэння адзінага цывілістычнага працэсу з’яўляецца ўмацаванне гарантый правоў грамадзян і юрыдычных асоб на судовую абарону і справядлівы судовы разбор, умацаванне ўзроўню законнасці і прававой акрэсленасці, своечасовае і правільнае вырашэнне спрэчак у судовым парадку.

Дасягненне гэтай важнай мэты мы бачым у тым ліку пры дапамозе міжнародных экспертаў і навуковай супольнасці. Сённяшняя канферэнцыя – адзін з далейшых крокаў на шляху вырашэння гэтага вельмі няпростага пытання, што дазволіць нам ацаніць дасягненні лепшых еўрапейскіх падыходаў да яго вырашэння.

Фота Андрэя Пакумейкі (БелТА)

Высокую ацэнку супрацоўніцтву Вярхоўнага Суда з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека дала дырэктар БДІПЧ АБСЕ Інгіб’ёрг Сольрун Гісладоцір.

Яна падкрэсліла, што гэта канферэнцыя з’яўляецца заключным мерапрыемствам праекта БДІПЧ «Садзейнічанне дэмакратызацыі і правам чалавека ў Беларусі», які рэалізуецца з 2018 года пры фінансавай падтрымцы з боку Еўрапейскага саюза.

Дырэктар БДІПЧ АБСЕ адзначыла канструктыўную накіраванасць супрацоўніцтва БДІПЧ з Вярхоўным Судом, вылучыўшы рад дасягнутых вынікаў. У ліку такіх дасягненняў, у прыватнасці, распрацоўка вучэбнай праграмы ў галіне правоў чалавека; умацаванне патэнцыялу ў сферы юстыцыі; павышэнне інфармаванасці аб пытаннях вяршэнства закона і правоў чалавека; рад паспяховых мерапрыемстваў па падтрымцы жанчын, асабліва маладых, у выкананні кіруючых роляў у распрацоўцы і выкананні палітыкі як на нацыянальным, так і на мясцовым узроўні.

Як сказала Інгіб’ёрг Сольрун Гісладоцір у заяве для прэсы перад пачаткам канферэнцыі, нягледзячы на тое, што сама канферэнцыя прысвечана канкрэтна тэме грамадзянскіх і камерцыйных спрэчак, асноўная тэматыка, безумоўна, ахоплівае значна больш шырокае кола пытанняў.

Таму важна ўлічваць прынцып вяршэнства закона і нормы ў галіне правоў чалавека ў любых экспертных дыскусіях аб прававой рэформе.

Фота Андрэя Пакумейкі (БелТА)

Дырэктар БДІПЧ АБСЕ адзначыла гатоўнасць беларускіх партнёраў да паляпшэння забеспячэння прынцыпу вяршэнства закона і правоў чалавека, якія з’яўляюцца асновай усіх сапраўды дэмакратычных дзяржаў, а таксама задаволенасць паспяховым супрацоўніцтвам БДІПЧ з Вярхоўным Судом Беларусі ў гэтым ключавым аспекце заканадаўчай рэформы, мэты якой поўнасцю адпавядаюць еўрапейскаму мандату ў плане ўмацавання належных працэдур судаводства і паляпшэння доступу да правасуддзя.

Інгіб’ёрг Сольрун Гісладоцір падкрэсліла важнасць мерапрыемства і выразіла сваю падтрымку Вярхоўнаму Суду ў яго намаганнях па пашырэнні доступу да правасуддзя для грамадзян Беларусі. На думку дырэктара БДІПЧ АБСЕ, грамадзянскія і камерцыйныя спрэчкі ўзнікаюць у штодзённым жыцці людзей і ўяўляюць сабой адзін з найбольш адчувальных для шырокай грамадскасці аспектаў сістэмы правасуддзя, і жыццёва важна, каб сістэма грамадзянскага правасуддзя была даступнай, эфектыўнай і эканамічна прымальнай. Таксама вельмі важна, каб судовыя разборы праводзіліся своечасова і без неабгрунтаваных затрымак. Выкананне гэтых асноўных прынцыпаў павышае давер грамадскасці да сістэмы правасуддзя, што ў канчатковым выніку ўмацоўвае вяршэнства закона.

Інгіб’ёрг Сольрун Гісладоцір выказала ўпэўненасць у працягу супрацоўніцтва Вярхоўнага Суда і БДІПЧ АБСЕ і яго ўзаемавыгаднасці. Прычым такое супрацоўніцтва неабходна ўзняць на новы ўзровень, ажыццяўляючы яшчэ больш амбіцыйныя праекты па ўмацаванні дэмакратычных інстытутаў, незалежнасці судовай улады і правоў чалавека.

Падчас пленарнай сесіі канферэнцыі з дакладам выступіў намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Аляксандравіч Забара.

Ён адзначыў, што, разглядаючы пытанне ўніфікацыі грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства, стратэгічна можна вызначыць два шляхі.

Першы – праз захаванне двух працэсуальных рэгламентаў з сінхронным унясеннем у кожны з іх неабходных змяненняў і дапаўненняў з агульнай мэтай забеспячэння адзінага прававога рэжыму судаводства.

Другі шлях – гэта шлях прыняцця адзінага працэсуальнага кодэкса, які ўніфікуе існуючыя працэсуальныя рэгламенты, аднак з захаваннем асаблівасцей разгляду некаторых катэгорый спраў, а таксама разгляду спраў спецыялізаванымі судамі, у тым ліку за кошт магчымага ўключэння ў структуру Кодэкса самастойных раздзелаў.

Параўнальны прававы аналіз пытанняў рэгулявання правіл судаводства па грамадзянскіх справах за мяжой паказвае, што ў сучаснай сусветнай прасторы прадстаўлены як краіны, што падтрымліваюць мадэль рэгулявання правіл судаводства з дапамогай аднаго агульнага працэсуальнага рэгламенту, так і краіны, што захоўваюць і развіваюць самастойныя працэсуальныя рэгламенты правіл судаводства для ўсіх або асобных спецыялізаваных судоў цывілістычнай накіраванасці па адпаведных юрысдыкцыях.

Андрэй Забара выказаў упэўненасць, што менавіта шлях адзінага працэсуальнага кодэкса ўяўляе сабой найбольш эфектыўны спосаб уніфікацыі грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства, паколькі замацаванне ў адным нарматыўным прававым акце ўсіх працэсуальных норм мінімізуе рызыку магчымых прабелаў, разыходжанняў і калізій у рэгуляванні працэдуры разгляду грамадзянскіх і эканамічных спраў.

На думку Андрэя Забары, пераход судоў Рэспублікі Беларусь на адзіны працэсуальны кодэкс станоўча адаб’ецца на іх рабоце, створыць больш эфектыўны механізм вырашэння імі грамадзянска-прававых (у т. л. эканамічных) спрэчак, што ў канчатковым выніку будзе садзейнічаць умацаванню аўтарытэту судоў, а таксама даверу грамадзян і суб’ектаў гаспадарання да інстытутаў правасуддзя.

Таксама на пленарнай сесіі выступіла загадчык кафедры працэсуальнага права юрыдычнага факультэта Малдаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дацэнт, доктар юрыдычных навук Алена Бялей з дакладам аб суадносінах грамадзянскага і адміністрацыйнага судаводства. Эксперт падрабязна расказала аб Адміністрацыйным кодэксе Рэспублікі Малдова, дзеючым з 1 красавіка 2019 года, і Грамадзянскім працэсуальным кодэксе Малдовы. Па словах эксперта, задачы грамадзянскага судаводства і задачы адміністрацыйнага судаводства не супярэчаць адна адной. У той жа час яна звярнула ўвагу і на існуючыя асаблівасці: кіруючую ролю судовай інстанцыі ў грамадзянскім працэсе і актыўную ролю судовай інстанцыі ў адміністрацыйным працэсе: «Асабліва гэта тычыцца доказнага працэсу, – падкрэсліла дакладчык. – Кампетэнтныя судовыя інстанцыі даследуюць абставіны (адміністрацыйнай) справы па ўласнай ініцыятыве. Яны вызначаюць спосаб і аб’ём расследавання і не звязаны ні довадамі ўдзельнікаў, ні іх хадайніцтвамі аб выпатрабаванні доказаў. Суддзя павінен указаць дадатковыя доказы, якія павінны быць прадстаўлены ўдзельнікамі ў прама ўстаноўлены судовай інстанцыяй тэрмін, запытаць, па заяве або па ўласнай ініцыятыве, доказы, неабходныя для поўнага разгляду і справядлівага вырашэння справы ў адміністрацыйным судаводстве». Алена Бялей таксама выказала меркаванне аб тым, што паколькі стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь падсістэмы адміністрацыйных судоў у бліжэйшай перспектыве не прадугледжваецца, спецыялізацыя суддзяў у галіне адміністрацыйных спраў можа быць прымальным рашэннем.

Аб прававым становішчы ўдзельнікаў грамадзянскага і гаспадарчага судаводства ў кантэксце асноўных тэндэнцый уніфікацыі працэсуальнага заканадаўства расказаў загадчык кафедры прававога забеспячэння эканамічнай дзейнасці Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь кандыдат юрыдычных навук Сяргей Апанасевіч.

Прафесар права факультэта грамадзянскага, крымінальна-працэсуальнага і крымінальнага права юрыдычнага факультэта ўніверсітэта Камплутэнсе ў Мадрыдзе д-р Ларэна Бахмаер падзялілася з удзельнікамі канферэнцыі сваімі разважаннямі на тэму выклікаў пры зліцці двух працэсуальных кодэксаў.

Фота Андрэя Пакумейкі (БелТА)

Работа канферэнцыі праходзіла ў трох паралельных тэматычных сесіях, пасля якіх удзельнікам былі прадстаўлены прэзентацыі рэкамендацый з кожнай з іх.

  • Першая тэматычная сесія была прысвечана абмеркаванню працэдуры перагляду спраў, рашэнні па якіх не ўступілі ў законную сілу (апеляцыя) і ўступілі ў законную сілу (касацыя, нагляднае вядзенне, перагляд рашэнняў у парадку рэвізіі). Удзельнікі сесіі абмеркавалі ўніфікацыю працэсуальнага і судовага ладу названых працэдур як для грамадзянскай, так і для эканамічнай юрысдыкцый.

Аб прынцыпах апеляцыйнай праверкі і касацыйнага разгляду спраў расказаў суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Анатолій Адамавіч Гарноўскі.

Якія асаблівасці працэдуры касацыйнага перагляду судовых рашэнняў, што ўступілі ў законную сілу, у заканадаўстве Украіны, а таксама аб навелах працэсуальных кодэксаў у грамадзянскай і гаспадарчай юрысдыкцыі Украіны расказала суддзя Вярхоўнага Суда Украіны Надзія Стэфаніў.

Якія падыходы да стварэння апеляцыйнага эканамічнага суда ў Рэспубліцы Беларусь, расказала начальнік упраўлення заканадаўства Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Таццяна Канстанцінаўна Козел.

Даклад д-ра Ларэны Бахмаер быў прысвечаны апеляцыі і надзвычайнаму перагляду ў адзіным кодэксе.

Аб рэформах заканадаўства ў сферы грамадзянска-працэсуальнага судаводства ў Рэспубліцы Казахстан, а таксама аб укараненні сучасных фарматаў работы судоў расказала суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Казахстан Марына Генадзьеўна Баравік.

Мадэратарам першай тэматычнай сесіі выступіў першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Леанідавіч Калінковіч. Ён і прэзентаваў рэкамендацыі першай сесіі ўдзельнікам.

Рэкамендацыі першай тэматычнай сесіі

1. Устанаўленне адзіных працэдур пры абскарджанні судовых рашэнняў магчыма ў рамках адзінага працэсуальнага кодэкса. Пры гэтым права на апеляцыйнае абскарджанне рашэнняў судоў першай інстанцыі павінна прадастаўляцца ў дачыненні да ўсіх судовых рашэнняў, незалежна ад таго, судом якога ўзроўню рашэнне выносіцца. Пры гэтым у працэсуальным заканадаўстве павінны ўтрымлівацца нормы, якія перашкаджаюць магчымасці злоўжывання працэсуальнымі правамі бакамі і іншымі ўдзельнікамі працэсу, у тым ліку з дапамогай судовых пошлін.

2. Адданасць выкананню агульнага правіла і прынцыпу: адзін суд – адна інстанцыя.

3. Апеляцыйная інстанцыя павінна валодаць неабходнымі паўнамоцтвамі для канчатковага вырашэння справы, уключаючы пытанні самастойнага даследавання доказаў і прыняцця па справе новага рашэння.

4. Падставы для абскарджання і перагляду судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу, трэба абмяжоўваць пытаннямі прымянення матэрыяльнага і працэсуальнага права і разумнымі тэрмінамі падачы скаргаў. Дапускаецца абмежаванне доступу ў касацыйную інстанцыю па так званых відавочных справах. Пры гэтым перагляд у касацыйным парадку рашэння, якое не абскарджвалася ў апеляцыю, трэба прызнаць магчымым толькі пры наяўнасці ўважлівых прычын, па якіх апеляцыйная скарга не падавалася. Пералік такіх прычын трэба ўстанавіць у законе. Пры гэтым колькасць касацыйных інстанцый і самі касацыйныя працэдуры не павінны прыводзіць да ўшчамлення правоў боку, які выйграў спрэчку, і да зацягвання выканання рашэння суда першай інстанцыі.

5. За судамі вышэйшай інстанцыі трэба захоўваць права ў парадку выключных працэдур унясення карэктываў у рашэнні ніжэйстаячых судоў для забеспячэння адзінства і законнасці судовай практыкі.

6. Звярнуць увагу на неабходнасць поруч з законнасцю і справядлівасцю прымаемых рашэнняў забяспечваць выразнасць і пераканаўчасць фармулёвак.

7. Ва ўмовах глабальнай лічбавізацыі грамадства і ўсё большай грамадскай цікавасці да дзейнасці судовай сістэмы неабходна павышаць узровень адкрытасці судоў, уключаючы захаванне прынцыпу галоснасці судовых разбораў, асвятленне дзейнасці судоў у СМІ, даступнасць тэкстаў прымаемых судовых актаў.

  • У другой сесіі, мадэратарам якой выступіў намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Аляксандравіч Забара, абмеркавалі варыянт урэгулявання ў адзіным судаводстве па грамадзянскіх і эканамічных справах пытанняў даказвання, рэалізацыі прынцыпу спаборнасці (з улікам максімальнай спаборнасці ў гаспадарчым працэсе і актыўнай роляй суда ў грамадзянскім працэсе), працэдур прымірэння і пасрэдніцтва, удзелу пракурора.

З дакладам аб прымяненні канстытуцыйнага прынцыпу спаборнасці пры разглядзе грамадзянскіх спраў выступіла суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Рыма Іванаўна Філіпчык.

Яна адзначыла, што ўніфікацыя грамадзянскага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства дазволіць сканцэнтраваць усе працэсуальныя нормы ў адным прававым акце, запоўніць існуючыя прабелы, няпэўнасці, недакладнасці (калізіі) у рэгуляванні парадку разгляду грамадзянскіх і эканамічных спраў і будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці судаводства.

Дакладчык звярнула ўвагу на асобныя асноватворныя прынцыпы судаводства, якія адлюстроўваюць агульнапрызнаныя ў супольнасці дэмакратычных дзяржаў стандарты справядлівага судовага разбору, без захавання якіх судаводства не мае права прэтэндаваць на ролю правасуддзя. Гэта прынцыпы спаборнасці і роўнасці бакоў.

«Пад спаборнасцю трэба разумець парадак разбору грамадзянскіх спраў, пры якім кожны бок адстойвае свае правы, прадстаўляючы доказы і непасрэдна ўдзельнічаючы ў іх даследаванні судом, абгрунтоўвае факты, якія маюць значэнне для правільнага вырашэння справы. Пры гэтым бок абавязаны добрасумленна карыстацца сваімі працэсуальнымі правамі, прадастаўленымі ва ўмовах спаборнасці», – падкрэсліла Рыма Філіпчык.

На думку суддзі, пры падрыхтоўцы праекта адзінага працэсуальнага кодэкса трэба замацаваць павышэнне актыўнасці бакоў у працэсе судовага разбору. Гэта неабходна рабіць з улікам суб’ектнага саставу асоб спрэчкі пры вырашэнні грамадзянскіх і эканамічных спраў. «І тут на першае месца выходзіць інстытут прадстаўніцтва, які па сутнасці сваёй непасрэдна звязаны з прынцыпам спаборнасці і павінен рэалізоўвацца праз канстытуцыйны прынцып забеспячэння права на юрыдычную дапамогу. Мы ўпэўнены, што толькі добрасумленная спаборнасць бакоў, своечасовае раскрыццё бакамі наяўных доказаў, у тым ліку дасудовы абмен спаборнымі паперамі і прадстаўленне суду адпаведных пісьмовых пярэчанняў па абставінах справы будуць садзейнічаць эфектыўнаму правасуддзю», – рэзюмавала Рыма Іванаўна.

З дакладам аб асноўных асаблівасцях і працэсуальных прынцыпах разгляду грамадзянскіх спрэчак судамі Нарвегіі выступіў суддзя Апеляцыйнага суда, прэзідэнт Нарвежскай асацыяцыі суддзяў Віга Сторхаўг Ларсен. У тым ліку ён азнаёміў удзельнікаў канферэнцыі са структурай нарвежскай судовай сістэмы, тэрмінамі разгляду грамадзянскіх спрэчак, падзяліўся вопытам развіцця інстытута медыяцыі, расказаў аб стадыі апеляцыйнага разгляду спраў.

Адзначыў, што інстытутам медыяцыі, пасрэдніцтва ўдзяляецца павышаная ўвага ў Нарвегіі. Яны не з’яўляюцца абавязковымі і, як правіла, ажыццяўляюцца падчас судовага працэсу пад кіраўніцтвам суддзі, у форме медыяцыі ў судзе або медыяцыі з боку самога суддзі. Перадача спраў медыятарам па-за судовай сістэмы адбываецца нячаста, але такая паслуга прадугледжана заканадаўствам аб урэгуляванні спрэчак.

Гаворачы аб апеляцыйным разглядзе спраў у Вярхоўным судзе Нарвегіі, Віга Сторхаўг Ларсен падкрэсліў, што вельмі нямногія грамадзянскія справы дапускаюцца да слухання ў Вярхоўным судзе (прыкладна 50 выпадкаў у год). Для таго, каб адбыўся апеляцыйны разгляд справы, неабходны дазвол на апеляцыю, выдадзены апеляцыйнай камісіяй.

Прадастаўляючы слова для выступлення міжнароднаму эксперту з Польшчы, Андрэй Забара адзначыў, што дасягненне бакамі грамадзянскіх і эканамічных спрэчак прымірэння, урэгуляванне спрэчкі без правядзення судовага разбору па сутнасці з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў далейшага ўдасканалення судовай дзейнасці. Такое прымірэнне садзейнічае фарміраванню культуры канструктыўнага вырашэння канфліктаў, аднаўленню партнёрскіх адносін, з’яўляецца эканамічна выгадным для бакоў.

З дакладам аб апошніх тэндэнцыях у медыяцыі ў грамадзянскім судаводстве выступіла д‑р Катажына Гайда-Рашчыніяльска, суддзя Кракаўскага акруговага суда, дацэнт кафедры грамадзянска-працэсуальнага права ўніверсітэта ў Катавіцы. Яна расказала аб медыяцыі ў сістэме альтэрнатыўнага ўрэгулявання спрэчак і яе тыпах, метадах альтэрнатыўнага ўрэгулявання спрэчак. Патлумачыла, што пасрэдніцтва можа мець месца да, падчас або пасля судовага разбору. Адзначыла актыўную ролю суддзі ў медыяцыі на ўсіх стадыях разгляду справы ў судзе.

Прадастаўляючы слова для выступлення міжнароднаму эксперту з Нідэрландаў, Забара адзначыў, што радам еўрапейскіх юрыстаў у апошні час выказваецца меркаванне аб актуальнасці трансфармацыі спаборніцтва бакоў перад судом у іх супрацоўніцтва для дасягнення мэты на ўмовах узаемнай павагі і ўзаемнага прызнання інтарэсаў адзін аднаго.

З дакладам аб еўрапейскіх стандартах супрацоўніцтва ў грамадзянскім і эканамічным судаводстве выступіў Рэмко ван Ры, прафесар параўнальнага грамадзянскага судаводства і судовай арганізацыі юрыдычнага факультэта Маастрыхцкага ўніверсітэта, дырэктар праграмы «Асновы і прынцыпы грамадзянскага судаводства ў Еўропе» Даследчай школы Ius Commune.

Ён азнаёміў з еўрапейскімі правіламі грамадзянскага працэсу, роляй суда, у тым ліку па ўрэгуляванні спрэчкі на любой стадыі судовага разбору. Дакладчык адзначыў, што суддзі павінны інфармаваць бакі аб наяўнасці альтэрнатыўных метадаў вырашэння спрэчак, калі такія ёсць, што суддзя можа ўдзельнічаць у спробах урэгулявання спрэчкі, дапамагаць бакам у дасягненні кансэнсуснага рашэння і садзейнічаць належнаму складанню пагаднення аб урэгуляванні спрэчкі.

З дакладам аб некаторых пытаннях аптымізацыі інстытута даказвання па Грамадзянскім і Гаспадарчым працэсуальных кодэксах Рэспублікі Беларусь выступіў суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Уладзіміравіч Плотнікаў.

Ён адзначыў, што ў працэсуальным праве інстытутам доказаў і даказвання адводзіцца адна з ключавых пазіцый, паколькі з іх дапамогай адбываецца працэс пазнання фактаў, якія маюць значэнне для правільнага разгляду справы ў судзе, і менавіта ўстанаўленне фактаў па справе, якія маюць значэнне, з’яўляецца асновай правапрымяняльнай дзейнасці суда.

На думку дакладчыка, збліжэнне грамадзянскага працэсу і судаводства па эканамічных справах у сферы даказвання павінна быць накіравана на забеспячэнне адзіных падыходаў да правоў удзельнікаў судаводства, прадстаўленне, даследаванне і ацэнку доказаў, вызначэнне ролі суда ў працэсе даказвання, аднолькавую трактоўку паняцця даказвання і доказаў. Пры гэтым адзінства даказвання ў грамадзянскім і эканамічным працэсах павінна грунтавацца на выпрацоўцы аптымальных рашэнняў на базе агульнага падыходу па рэалізацыі працэсуальных прынцыпаў спаборнасці і дыспазітыўнасці, забеспячэнні прынцыпу працэсуальнай эканоміі.

У завяршэнне выступлення Андрэй Плотнікаў падкрэсліў, што ўніфікацыю грамадзянскага і эканамічнага працэсаў трэба праводзіць шляхам захавання выпрацаваных дзеючымі Грамадзянскім і Гаспадарчым працэсуальнымі кодэксамі найбольш эфектыўных працэсуальных норм, якія атрымалі станоўчую практыку рэалізацыі ў судовай дзейнасці.

Падводзячы вынік работы сесіі, Андрэй Аляксандравіч Забара агучыў выпрацаваныя па выніках канферэнцыі выніковыя рэкамендацыі.

1. Аб спаборнасці і працэсуальнай роўнасці бакоў

Улічваючы канстытуцыйны характар прынцыпу спаборнасці і працэсуальнай роўнасці бакоў, трэба замацаваць гэты прынцып у праекце адзінага працэсуальнага кодэкса, вызначыўшы яго праз разгляд справы судом толькі ў межах заяўленых патрабаванняў, устанаўленне абавязку даказвання і прадастаўлення доказаў самімі юрыдычна зацікаўленымі ў выніку справы асобамі, роўныя іх правы ў даследаванні прадстаўленых доказаў і прадастаўленне магчымасці выказаць аб іх сваё меркаванне.

Пры гэтым за судом трэба пакінуць актыўную ролю ў частцы вызначэння і давядзення да бакоў прадмета даказвання, тэрмінаў прадстаўлення доказаў і дастатковасці прадстаўленых доказаў, растлумачэння бакам правоў і абавязкаў па прадстаўленні доказаў, арганізацыі садзейнічання ім у такім прадстаўленні; у частцы распарадчых дзеянняў па прыцягненні спецыяліста і назначэнні экспертызы. Аднак актыўнасць суда не павінна падмяняць актыўнасць саміх бакоў, а толькі дапамагаць ім у рэалізацыі сваіх правоў і прадастаўленні магчымасці выказаць аб іх сваё меркаванне.

Рэалізацыя прынцыпу спаборнасці і раўнапраўя бакоў патрабуе комплекснай рэалізацыі, у тым ліку развіцця і пашырэння інстытута прадстаўніцтва, павышэння прафесійных патрабаванняў да прадстаўнікоў у цывілістычным працэсе, урэгулявання пытанняў аказання юрыдычнай дапамогі (у тым ліку бясплатнай для сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян – асобам з абмежаванымі магчымасцямі з прычыны інваліднасці I–II груп, тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і інш.).

З прычыны прававой складанасці ўдзелу ў судах вышэйстаячых інстанцый трэба сур’ёзна прапрацаваць пытанне абавязковага прадстаўніцтва прафесійнымі юрыстамі ў судах касацыйнай і нагляднай інстанцый. Такая практыка прымяняецца ў судах Германіі, Францыі і станоўча сябе зарэкамендавала.

2. Па пытаннях доказаў і даказвання

Неабходна замацаваць у адзіным працэсуальным кодэксе абавязак юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб прадастаўляць і максімальна раскрываць існуючыя доказы да пачатку судовага разбору, несучы пры гэтым усе рызыкі наступлення вынікаў здзяйснення або нездзяйснення імі такіх дзеянняў. Вызначыць і рэгламентаваць канкрэтныя наступствы невыканання названых працэсуальных абавязкаў і паўнамоцтвы суда ў прымяненні такіх наступстваў (працэсуальных санкцый).

Зыходзячы з паэтапнага характару грамадзянскага працэсу вызначыць працэсуальныя асаблівасці дзеяння прынцыпу спаборнасці і роўнасці бакоў на ўсіх стадыях судаводства, прадугледзеўшы, што даказванне, як працэс прадстаўлення доказаў, павінна ажыццяўляцца, як правіла, у судзе першай інстанцыі. У судзе апеляцыйнай інстанцыі даказванне робіцца на падставе наяўных у справе доказаў і толькі ў выключных выпадках на падставе новых, дадаткова прадстаўленых доказаў, калі суд апеляцыйнай інстанцыі прызнае, што яны не маглі быць прадстаўлены ўдзельнікамі працэсу ў судзе першай інстанцыі ў выніку аб’ектыўных прычын. Прадстаўленне новых доказаў у судзе касацыйнай і нагляднай інстанцый недапушчальна.

Улічваючы высокі ўзровень пранікнення ў грамадзянскі абарот прадуктаў IT-тэхналогій, лічым неабходным замацаваць у адзіным кодэксе азначэнне тэрміна «электронны доказ», падкрэсліўшы, што да такіх будзе адносіцца ў тым ліку і сама інфармацыя, размешчаная ў глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт і адлюстраваная на тэхнічных носьбітах інфармацыі або іншым спосабам, які дазваляе яе ўспрымаць.

Трэба вылучыць «электронныя доказы» ў якасці самастойнага віду сродкаў даказвання, рэгламентаваўшы парадак іх замацавання, прадастаўлення суду, іх даследавання, праверкі і ацэнкі судом, а таксама далейшага захавання. Для належнага замацавання і афармлення інфармацыі да ўзбуджэння справы судом мэтазгодна выкарыстоўваць магчымасці натарыуса, ужо адзначанага ў арт. 234 дзеючага ГПК як суб’екта забеспячэння доказаў (у тым ліку інфармацыі з сеткі інтэрнэт).

Адначасова, улічваючы комплексны характар праблемы, варта дапоўніць працэсуальны статус спецыяліста паўнамоцтвамі па аказанні суду «тэхнічнай дапамогі ў вядзенні працэсуальных дзеянняў і даследавання электронных доказаў».

Акрамя таго, гаворачы аб спецыялісце, варта аднесці яго пісьмовае кансультатыўнае заключэнне да самастойных сродкаў даказвання па справе.

3. Аб злоўжыванні працэсуальнымі правамі

У адзіным працэсуальным рэгламенце трэба раскрыць само паняцце «злоўжыванне працэсуальнымі правамі»; магчыма, даць яму легальнае азначэнне. Зыходзячы з напрацаваных тэорыяй і практыкай падыходаў можна адзначыць, што пад названым злоўжываннем трэба разумець нядобрасумленнае выкарыстанне ўдзельнікамі судаводства працэсуальных правоў, якія ім належаць, у мэтах перашкоды своечасоваму і правільнаму разгляду судом справы і (ці) з мэтай прычынення шкоды іншым удзельнікам.

Мэтазгодна выкласці ў кодэксе прыкладны адкрыты пералік форм праявы злоўжывання, а таксама прадугледзець адэкватныя меры процідзеяння праяўленням злоўжывання працэсуальнымі правамі, як у выглядзе прымусовых мер працэсуальнага ўздзеяння, так і ў выглядзе адмовы судом у рэалізацыі канкрэтнага працэсуальнага права, што, безумоўна, будзе дысцыплінаваць нядобрасумленных удзельнікаў.

4. Па пытаннях працэдур прымірэння і пасрэдніцтва

Неабходна замацаваць і пашырыць магчымасці пазасудовага ўрэгулявання прававых спрэчак за кошт больш актыўнага ўкаранення працэдур медыяцыі, арбітражных (трацейскіх) працэдур, увядзення партысіпатыўнай працэдуры (перагаворы з абавязковым удзелам адвакатаў). У мэтах стымулявання працэдур медыяцыі абмеркаваць неабходнасць замацавання ў матэрыяльным законе абавязковасці папярэдняга дасудовага звароту да медыятара па асобных катэгорыях спраў (напрыклад, па спрэчках аб месцы пражывання дзяцей і парадку ўдзелу ў іх выхаванні).

Пашырыць магчымасці заключэння судамі міравых пагадненняў, прадугледзеўшы магчымасць для канчатковага вырашэння спрэчкі заключаць міравыя пагадненні, якія выходзяць за рамкі заяўленых іскавых патрабаванняў. Магчыма, устанавіць абмежаванні на адмену зацверджаных судом міравых пагадненняў па фармальных падставах, але толькі пры даказанасці наяўнасці недахопу волі бакоў пры іх заключэнні.

Вызначыць далейшае развіццё і актыўнае выкарыстанне прымірыцельных працэдур як адзін з прыярытэтных напрамкаў абароны парушаных правоў грамадзян і юрыдычных асоб, што будзе садзейнічаць фарміраванню культуры мірнага і канструктыўнага ўрэгулявання спрэчак, пашырэнню магчымасцей па іх добраахвотным урэгуляванні, захаванню сямейных і дзелавых праваадносін, устанаўленню адзінай этыкі дзелавога абароту.

Усё гэта дазволіць забяспечыць гарманізацыю сацыяльных адносін у цэлым і аптымізацыю судовай нагрузкі.

5. Аб удзеле пракурора

Неабходна вызначыць абноўлены працэсуальна-прававы статус пракурора ў грамадзянскім працэсе, прымаючы пад увагу, што ён не з’яўляецца суб’ектам спрэчных матэрыяльных праваадносін і мае працэсуальную зацікаўленасць у вырашэнні справы толькі для забеспячэння інтарэсаў дзяржавы ці законнасці пры ажыццяўленні правасуддзя.

Зыходзячы з дыспазітыўных пачаткаў цывілістычнага працэсу, варта максімальна зменшыць кола спраў з яго абавязковым удзелам, вызначыўшы вычарпальны пералік спрэчак, звязаных з абаронай правоў найбольш уразлівых катэгорый асоб, і пакінуўшы магчымасць уступлення пракурора ў любы працэс на любой яго стадыі з мэтай абароны дзяржаўных або грамадскіх інтарэсаў.

Што тычыцца прад’яўлення пракурорам іску ў абарону чыіх-небудзь інтарэсаў, то такая працэсуальная магчымасць павінна ім рэалізоўвацца толькі пры немагчымасці прад’яўлення іску самой юрыдычна зацікаўленай асобай і толькі з яе (або яе законнага прадстаўніка) папярэдняй на тое згоды.

  • Трэцяя тэматычная сесія была прысвечана магчымасцям рэгламентацыі адміністрацыйнага (публічнага) судаводства (па спрэчках грамадзян і арганізацый з дзяржавай) у рамках адзінага кодэкса.

У рамках сесіі з дакладам аб асноўных перспектывах развіцця адміністрацыйнай юстыцыі ў рамках аб’яднанага грамадзянскага судаводства выступіў суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Валер’евіч Алешчанка.

Суддзя па адміністрацыйных справах падраздзялення ў г. Грац Федэральнага адміністрацыйнага суда, прадстаўнік Асацыяцыі еўрапейскіх суддзяў па адміністрацыйных справах д-р Эва Вендлер расказала аб агульных прынцыпах справядлівага судовага разбору ў адміністрацыйным і грамадзянскім працэсуальным праве (падыход Аўстрыі).

З дакладам аб асаблівасцях разгляду эканамічных спраў, якія выцякаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, выступіла суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Людміла Анатольеўна Калеснікава.

Кансультатыўны саветнік у Генеральнай пракуратуры (Дублін) Кэралайн Дэйлі расказала аб прынцыпах эфектыўнага кіравання і іх уключэнні ў адзіную структуру, якая рэгулюе разгляд адміністрацыйных, грамадзянскіх і эканамічных спраў.

Загадчык кафедры працэсуальнага права юрыдычнага факультэта Малдаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дацэнт, доктар юрыдычных навук Алена Бялей у рамках тэматычнай сесіі расказала аб асаблівасцях адміністрацыйнага судаводства Рэспублікі Малдова.

Мадэрыраваў работу трэцяй тэматычнай сесіі намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Юрый Віктаравіч Кобец. Прадстаўляючы рэкамендацыі, атрыманыя падчас работы трэцяй сесіі, ён адзначыў, што, бясспрэчна, міжнародны вопыт будзе вельмі карысны пры выпрацоўцы падыходаў прававой рэгламентацыі судаводства па спрэчках грамадзян і арганізацый з дзяржавай, а даклады экспертаў яшчэ раз пацвердзілі справядлівасць і абгрунтаванасць рэалізуемых у Рэспубліцы Беларусь падыходаў да ўдасканалення працэсуальнага заканадаўства.

Удзельнікі трэцяй сесіі прыйшлі да вывадаў аб тым, што

1.1. У многіх юрысдыкцыях прававая рэгламентацыя адміністрацыйнага (публічнага) судаводства (па спрэчках грамадзян і арганізацый з дзяржавай) ажыццяўляецца ў рамках адзінага працэсуальнага кодэкса грамадзянскага судаводства.

1.2. Адрозненні ў суб’ектным складзе, характары спрэчных праваадносін, парадку разгляду грамадзянскіх і эканамічных спраў, якія выцякаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, не перашкаджаюць аб’яднанню Грамадзянскага і Гаспадарчага працэсуальных кодэксаў і вызначэнню ў яго структуры адзінай мадэлі адміністрацыйнага судаводства.

1.3. Адміністрацыйнае судаводства па грамадзянскіх і эканамічных справах па-рознаму рэгулюе парадак дасудовага ўрэгулявання спрэчных праваадносін. Але гэта не перашкаджае разгляду пытання аб устанаўленні абавязковага дасудовага парадку ўрэгулявання перад падачай у суд патрабавання супраць органа дзяржаўнай улады, каб даць адміністрацыйнаму органу магчымасць змяніць вынесенае ім рашэнне, перш чым супраць яго будзе заяўлена патрабаванне ў судзе.

1.4. У адміністрацыйным судаводстве ў якасці абмежавання прынцыпу спаборнасці неабходна замацаванне норм аб актыўнай ролі суда з тым, каб суд не быў звязаны довадамі бакоў і правяраў прававы акт, які аспрэчваецца, у поўным аб’ёме.

1.5. Устанавіць, што цяжар даказвання па справах гэтага віду судаводства ўскладваецца на публічны орган незалежна ад яго працэсуальнага становішча (ці заяўлена патрабаванне да яго або ім самім).

Некаторыя пытанні могуць запатрабаваць уключэння спецыяльных норм, але характар асобных супярэчнасцей не з’яўляецца перашкодай для аб’яднання кодэксаў.

У гэтай сувязі ўдзельнікамі трэцяй сесіі выпрацаваны наступныя рэкамендацыі:

2.1. У рамках распрацоўкі адзінага грамадзянскага працэсуальнага кодэкса забяспечыць адзіную прававую рэгламентацыю адміністрацыйнага (публічнага) судаводства (па спрэчках грамадзян і арганізацый з дзяржавай).

2.2. Разгледзець магчымасць устанаўлення, па агульным правіле, абавязковасці дасудовага ўрэгулявання спрэчных праваадносін перад падачай у суд патрабавання супраць органа дзяржаўнай улады, каб даць адміністрацыйнаму органу магчымасць самастойна выправіць памылку, адмяніць ці змяніць вынесенае ім рашэнне, перш чым супраць яго будзе заяўлена патрабаванне ў судзе.

Выключэнні павінны быць устаноўлены заканадаўчымі актамі (напрыклад, заканадаўствам аб выбарах).

2.3. Замацаваць у адміністрацыйным судаводстве поруч з прынцыпам спаборнасці нормы аб актыўнай ролі суда з удзелам прыярытэтнасці грамадскіх інтарэсаў, каб паўнамоцтвы суддзі маглі выходзіць за межы канкрэтных патрабаванняў бакоў і не быць прывязанымі да прадастаўленых імі прававых довадаў, калі дзяржаўная і грамадская ацэнка вынікаў канкрэтных спрэчак выходзіць за рамкі ўзаемаадносін непасрэдных яго ўдзельнікаў.

Пры гэтым мы зыходзім з таго, што больш актыўная роля суда ў вырашэнні разглядаемых канфліктаў дазволіць комплексна вырашаць праблемы, пазбегнуць фармальнай прававой ацэнкі пазіцый бакоў па канкрэтных справах, выносіць справядлівыя судовыя рашэнні, якія станоўча ўспрымаюцца ў грамадстве.

2.4. Разгледзець магчымасць замацавання альтэрнатыўнай тэрытарыяльнай падсуднасці па выбары заяўніка, а іменна  ̶ па месцы жыхарства (знаходжання) заяўніка ці па месцы знаходжання адміністрацыйнага органа, службовай асобы.

2.5. Замацаваць адзіныя тэрміны звароту за судовай абаронай па патрабаваннях аб аспрэчванні ненарматыўных прававых актаў, дзеянняў (бяздзейнасці) адміністрацыйнага органа, службовай асобы.

2.6. Замацаваць адзіны разумны працэсуальны тэрмін як для падрыхтоўкі, так і для разгляду спраў, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін.

2.7. Разгледзець магчымасць нарматыўнага замацавання правядзення пагаджальных працэдур у судаводстве па справах, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, для мэт урэгулявання спрэчных праваадносін у межах устаноўленай заканадаўствам кампетэнцыі адміністрацыйнага органа, службовай асобы.

2.8. Нарматыўна замацаваць выпадкі абавязковага па-за залежнасці ад заяў бакоў складання матывацыйнай часткі рашэння па некаторых найбольш важных і складаных катэгорыях спраў, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін.

2.9. У выпадку замацавання ўдзелу пракурора ў адміністрацыйным судаводстве варта разгледзець магчымасць канкрэтызацыі такіх выпадкаў і мінімізацыі яго ўдзелу ў адміністрацыйным судаводстве, калі ён не з’яўляўся ініцыятарам звароту ў суд у чыіх-небудзь інтарэсах.

2.10. Замацаваць працэдуру разгляду спраў як па патрабаваннях грамадзяніна, арганізацыі да адміністрацыйнага органа (напрыклад, аб аспрэчванні законнасці дзеянняў, рашэнняў), так і спраў па публічна-прававых патрабаваннях адміністрацыйнага органа да грамадзяніна, арганізацыі з тым, каб выключыць іх са сферы грамадзянскага іскавага вядзення (напрыклад, аб ліквідацыі юрыдычных асоб, аб спагнанні абавязковых плацяжоў).

2.11. Выключыць з дадзенага віду судаводства справы, якія па сваёй прыродзе не з’яўляюцца публічна-прававымі (напрыклад, аб аспрэчванні дзеянняў розных арганізацый і службовых асоб, якія не грунтуюцца на адносінах улады і падначалення).

2.12. Надзяліць заяўніка і адміністрацыйны орган статусам бакоў з мэтай пашырэння іх працэсуальных правоў і магчымасцей.

2.13. Забяспечыць легальнае замацаванне аднакратнасці судовай праверкі публічна-прававога акта, які аспрэчваецца, што ўласціва адміністрацыйнаму судаводству і карэнным чынам адрознівае яго ад грамадзянскага.

Цяперашняя канферэнцыя з’яўляецца заключным мерапрыемствам праекта БДІПЧ, які рэалізуецца з 2018 года пры фінансавай падтрымцы ЕС па садзейнічанні дэмакратызацыі і правам чалавека ў Беларусі.

У завяршэнне работы канферэнцыі ўсе ўдзельнікі сышліся на думцы аб важнасці канструктыўнага супрацоўніцтва беларускіх і еўрапейскіх экспертаў і неабходнасці яго далейшага мнагапланавага развіцця.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык