Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Адбылося пасяджэнне Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, прысвечанае практыцы прымянення судамі норм Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць апеляцыйнае вядзенне

26 верасня 2019  4470

26 верасня 2019 года адбылося пасяджэнне Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, прысвечанае практыцы прымянення судамі норм Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць апеляцыйнае вядзенне.

У ходзе работы Пленума з асноўным дакладам па праекце пастановы выступіў суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Віктаравіч Кавальчук. У парадку абмеркавання выступілі старшыня Гродзенскага абласнога суда Аляксандр Анатольевіч Корзун, намеснік Старшыні Мінскага гарадскога суда Таццяна Віктараўна Тупік, намеснік Старшыні Мінскага абласнога суда Генадзій Фёдаравіч Кляшчонак, суддзя Магілёўскага абласнога суда Сяргей Аляксеевіч Каралёў.

У рабоце Пленума таксама прынялі ўдзел намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксей Канстанцінавіч Стук і Старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Іванавіч Чайчыц.

Інстытут апеляцыйнага вядзення па крымінальных справах уведзены тры гады таму Законам Рэспублікі Беларусь ад 05.01.2016 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь». За гэты час сфарміравалася практыка перагляду крымінальных спраў у апеляцыйным парадку, выпрацаваны падыходы да прымянення норм крымінальна-працэсуальнага закона, якія рэгулююць апеляцыйнае вядзенне. Адной з галоўных мэт увядзення апеляцыі па крымінальных справах была мінімізацыя колькасці спраў, якія накіроўваюцца на новы судовы разгляд і, у выніку, павышэнне аператыўнасці і эканамічнасці судовай дзейнасці.

У адрозненне ад касацыйнага вядзення, якое існавала раней, у апеляцыйным вядзенні значна ўзрасла роля суда, які пастанавіў прыгавор, у падрыхтоўцы крымінальнай справы да разгляду судом другой інстанцыі. Новыя палажэнні закона дазваляюць забяспечыць больш поўную рэалізацыю права на абскарджанне судовых пастаноў як абвінавачаным і яго абаронцам, так і асобай, што пацярпела ад злачынства.

Асноўная ідэалогія інстытута апеляцыйнага вядзення заключаецца ў тым, каб пры абскарджанні прыгавору суда першай інстанцыі забяспечыць канчатковае вырашэнне справы, завяршыўшы правасуддзе ў судзе другой інстанцыі.

Для забеспячэння ўсебаковасці і паўнаты апеляцыйнага разгляду справы судом у поўнай меры павінны быць выкарыстаны паўнамоцтвы, пералічаныя ў частках 6 і 7 артыкула 385 КПК. Пацярпелыя, сведкі, дапытаныя ў судзе першай інстанцыі, эксперты, спецыялісты могуць быць выкліканы ў суд апеляцыйнай інстанцыі для дачы растлумачэнняў па сутнасці дадзеных імі паказанняў або заключэнняў, калі іх выклік па хадайніцтве бакоў або па сваёй ініцыятыве прызнаў неабходным суддзя ў ходзе падрыхтоўкі судовага пасяджэння або суд апеляцыйнай інстанцыі пры разглядзе справы. Акрамя таго, пры разглядзе крымінальнай справы суд па хадайніцтве бакоў або па ўласнай ініцыятыве таксама мае права прызначыць судова-псіхіятрычную ці іншую экспертызу, калі яе правядзенне магчымае па матэрыялах, якія ёсць у справе або дадаткова прадстаўлены; даследаваць доказы, якія ёсць у крымінальнай справе, што не былі даследаваны судом першай інстанцыі, і даць ім ацэнку, калі для гэтага не патрабуецца правядзення судовага разбору па першай інстанцыі; даць ацэнку доказам, якія былі даследаваны судом першай інстанцыі, але не атрымалі ацэнкі ў прыгаворы, калі для гэтага не патрабуецца правядзення судовага разбору па першай інстанцыі; запатрабаваць дакументы і іншыя звесткі аб стане здароўя, сямейным становішчы, мінулых судзімасцях і іншых даных аб асобе абвінавачанага; а таксама выпатрабаваць іншыя дакументы і звесткі, што маюць значэнне для вырашэння справы.

Даныя судовай статыстыкі сведчаць аб пэўнай эфектыўнасці абноўленага інстытута перагляду судовых рашэнняў, якія не ўступілі ў законную силу, у апеляцыйным парадку і яго станоўчым уплыве на павышэнне гарантаванага Канстытуцыяй узроўню судовай абароны ўдзельнікаў крымінальнага судаводства.

За апошнія 5 гадоў штогод абскарджваюцца прыгаворы раённых (гарадскіх) судоў, якія не ўступілі ў законную сілу, у дачыненні да 20% асоб, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, што сведчыць аб адсутнасці якіх-небудзь працэсуальных перашкод на доступ да правасуддзя ва ўмовах апеляцыйнага вядзення. Больш за тое, бакі атрымалі больш надзейныя гарантыі правільнасці судовых рашэнняў з прычыны разбору справы як у судзе першай інстанцыі, так і другой, надзеленай шырокімі паўнамоцтвамі па пераглядзе справы па сутнасці.

Значнае павелічэнне аб’ёму паўнамоцтваў судоў другой інстанцыі накіравана перш за ўсё на пашырэнне іх магчымасцей па непасрэдным выпраўленні памылак судоў першай інстанцыі, ім ствараюцца ўмовы для ліквідацыі большасці судовых памылак яшчэ да ўступлення прыгавору ў законную сілу, выключаючы іх перанос на стадыю выканання судовага рашэння.

У цэлым апеляцыйнае вядзенне дазваляе вышэйстаячым судам своечасова прымаць меры па фарміраванні аднастайнай і законнай правапрымяняльнай практыкі, фармулюючы пэўныя прававыя пазіцыі пры пераглядзе судовых рашэнняў.

Праведзены аналіз судовай практыкі дазволіў выявіць спрэчныя, няясныя моманты і выпадкі неаднастайнага тлумачэння і прымянення палажэнняў закона, якія патрабуюць дадатковага вырашэння.

Пленум Вярхоўнага Суда ў ходзе пасяджэння абмеркаваў вынікі абагульнення судовай практыкі прымянення судамі норм Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць апеляцыйнае вядзенне, і ў мэтах забеспячэння правільнага і аднастайнага прымянення заканадаўства даў судам неабходныя растлумачэнні.

Увага судоў звернута на тое, што правільнае і аднастайнае прымяненне крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, якое рэгулюе апеляцыйнае вядзенне, з’яўляецца гарантыяй канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону, уключаючы права на абскарджанне судовых пастаноў (артыкул 60, частка 3 артыкула 115 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь). Суды павінны забяспечыць даступнасць і адкрытасць правасуддзя. Ніякіх абмежаванняў па доступе да апеляцыйнага абскарджання і апратэставання, акрамя вызначаных законам, не існуе.

Пленум арыентуе суды на тое, што задача суда апеляцыйнай інстанцыі – паставіць кропку ў разглядзе крымінальнай справы.

Для гэтага суды першай інстанцыі, пастанавіўшы прыгавор або іншае выніковае рашэнне па крымінальнай справе, у выпадку падачы апеляцыйных (прыватных) скарг або прынясення апеляцыйных (прыватных) пратэстаў абавязаны арганізаваць належную падрыхтоўку і своечасовае накіраванне крымінальных спраў у апеляцыйную інстанцыю.

Суды апеляцыйнай інстанцыі, не абмяжоўваючыся довадамі апеляцыйных (прыватных) скарг і пратэстаў, павінны забяспечыць праверку правільнасці ўстанаўлення фактычных абставін крымінальнай справы і прымянення крымінальнага закона, справядлівасці пакарання або іншых мер крымінальнай адказнасці, захавання норм крымінальна-працэсуальнага закона пры разглядзе крымінальных спраў судамі першай інстанцыі, а пры выяўленні парушэнняў – прыняць вычарпальныя меры па іх ліквідацыі і канчатковым вырашэнні крымінальных спраў.

 

Некаторыя агульныя пазіцыі і падыходы да пытання, прынятага да разгляду, выклаў у сваім выступленні першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Леанідавіч Калінковіч.

Ён адзначыў, што нягледзячы на некаторыя негатыўныя моманты, у цэлым пераход да апеляцыйнага вядзення адбыўся: "Гэты пераход удалося ажыццявіць без сур’ёзных арганізацыйных цяжкасцей, не дапусціўшы нівеліравання ролі судоў першай інстанцыі і пераўтварэння апеляцыі ў грувасткага і маруднага дублёра суда першай інстанцыі". Калінковіч зрабіў акцэнт на тым, што пакуль усё ж такая небяспека існуе, пра што сведчыць і характар выяўленых недахопаў, ліквідаваць якія даводзіцца сіламі апеляцыйнай і нагляднай інстанцый. "Усё гэта патрабуе шматразовага павелічэння намаганняў у навядзенні зладжанага парадку ў рабоце судоў першай інстанцыі, выключэння з іх практыкі як мінімум фармальных тэхнічных памылак, а як максімум – памылак прымянення закона". Калінковіч падкрэсліў, што пакуль дзеючы закон яшчэ не поўная апеляцыя. Ён прамежкавы, мае свае фармальныя межы. За мінулыя тры гады ўдалося накапіць правапрымяняльны вопыт, які паказаў як слабыя месцы дзеючага закона, так і перспектыву яго развіцця, што і будзе рэалізавана ў рамках адпаведнага даручэння Кіраўніка дзяржавы па развіцці інстытута апеляцыі і скарачэнні функцый нагляду. Але ў цэлым устаноўлены працэсуальны парадак сёння ўспрыняты грамадствам, удзельнікамі крымінальнага працэсу і ад яго чакаюць эфектыўнасці і справядлівасці. І гэтыя чаканні судзейская супольнасць не мае права падмануць.

Дасягненню гэтай мэты, па словах Калінковіча, павінна садзейнічаць прынятая сёння пастанова Пленума, а таксама максімальна шырокая публікацыя яго матэрыялаў.

Калінковіч падкрэсліў, што Пленум упершыню ў адносінах да апеляцыі па крымінальных справах надаў асаблівую ўвагу даступнасці і арганізацыі падрыхтоўкі апеляцыйных пасяджэнняў. Акрамя таго, практычна ўпершыню ў айчыннай практыцы зроблена сістэмная спроба разгорнутых растлумачэнняў паняцця справядлівасці прыгавору ў адносінах да прызначанага пакарання.

У прыватнасці, суд апеляцыйнай інстанцыі можа зрабіць вывад аб відавочнай несправядлівасці пакарання або прымененых іншых мер крымінальнай адказнасці як у выніку мяккасці, так і ў выніку строгасці ў выпадках, калі суд першай інстанцыі:

  • відавочна няправільна ацаніў грамадскую небяспечнасць злачынства, асобу абвінавачанага і яго ролю ў зробленым;
  • пакінуў без увагі або недастаткова ўлічыў наступствы, якія-небудзь з абставін, што змякчаюць або абцяжарваюць адказнасць абвінавачанага;
  • пры абранні меры крымінальнай адказнасці непаўналетняй асобе не дастаткова ўлічыў умовы яе жыцця і выхавання, ступень уплыву іншых асоб.

Відавочна несправядлівым можа быць прызнана як асноўнае, так і дадатковае пакаранне, прызначанае па прыгаворы.

У гэтых палажэннях, падкрэсліў Калінковіч, утрымліваюцца важныя адпраўныя кропкі для далейшай грамадскай ацэнкі судовага вердыкту як справядлівага.

Рэзюміруючы, ён яшчэ раз зрабіў акцэнт на тым, што мэтанакіраваная работа судоў па выкананні рэкамендацый Пленума "павінна быць накіравана на недапушчэнне неабгрунтаваных адмоў у прыняцці апеляцыйных скарг і пратэстаў, на забеспячэнне ўдумлівага апеляцыйнага разгляду, без неабгрунтаваных затрымак і адкладанняў". На думку Калінковіча, суды павінны максімальна шырока на практыцы выкарыстоўваць паўнамоцтвы суда апеляцыйнай інстанцыі па ўнясенні змяненняў у прыгавор суда першай інстанцыі, накіраваных на паляпшэнне становішча абвінавачанага, і канчатковага вырашэння справы. Суды павінны надаваць належную ўвагу забеспячэнню якасці і справядлівасці апеляцыйных рашэнняў "у імя правасуддзя, не маючы на мэце толькі паляпшэнне судовай статыстыкі".

Апеляцыйнае вядзенне і яго вынікі з’яўляюцца дзейным інструментам аднаўлення справядлівасці і выкаранення памылак, фарміравання аднастайнай судовай практыкі, правільных і сучасных алгарытмаў судзейскага мыслення, неад’емным элементам падрыхтоўкі судзейскіх кадраў. Залогам паспяховай рэалізацыі пастаўленых задач павінны стаць не фармальныя, а аб’ектыўныя, удумлівыя адносіны да вырашэння кожнай справы і нацэленасць кожнага суддзі на прыняцце па справе канчатковага законнага і справядлівага рашэння.

СМІ аб рабоце Пленума:

БТ: Валерий Калинкович: Система судов в Беларуси сбалансированная

ОНТ: Обвиняемым могут разрешить участвовать в апелляционном суде удалённо

БЕЛТА: Пленарное заседание Верховного суда состоялось в Минске

БЕЛТА: Обвиняемые под стражей могут получить возможность удаленно участвовать в апелляционном суде

БЕЛТА: В Беларуси ежегодно обжалуются 20% приговоров

БЕЛТА: Калинкович отмечает недопустимость давления на суд через публикации в интернете

SPUTNIK: Калинкович о факте давления следователей на суд: вопрос будет решаться

TUT.BY: Суды в Беларуси конкретизируют, что считать несправедливым приговором

Некаторыя даныя судовай статыстыкі да пасяджэння Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, прысвечанага практыцы прымянення судамі норм Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць апеляцыйнае вядзенне

Даныя аб удзельнай вазе абскарджаных прыгавораў з моманту ўвядзення апеляцыйнага вядзення (у разрэзе абласцей).

З 2013 да 2015 гадоў назіралася паступовае павелічэнне колькасці скарг і пратэстаў, якія паступаюць у касацыйныя інстанцыі судоў усіх узроўняў. Калі ў 2013 годзе ўдзельная вага абскарджаных прыгавораў ад агульнай колькасці вынесеных склала 17,6 %, то ў 2014 годзе – 19,6 %, у 2015 – 21,9%.

Увядзенне апеляцыйнага вядзення (з 27 лютага 2016 года) прывяло да нязначнага павелічэння ў цэлым па краіне ўдзельнай вагі абскарджаных прыгавораў – да 22,4 % (у касацыйным і апеляцыйным парадках).

Аднак па выніках 2017 года гэты паказчык зменшыўся да ўзроўню 2015 года – да 21,9 %.

У наступныя гады ўдзельная вага абскарджаных прыгавораў стабілізавалася і два гады запар (2018 год і першае паўгоддзе 2019 года) застаецца на адным узроўні – 20,4 %.

Аналіз статыстычных даных сведчыць, што прыведзеная вышэй дынаміка характэрная для большасці рэгіёнаў рэспублікі.

Так, найбольшае зніжэнне ўдзельнай вагі абскарджаных судовых вердыктаў – амаль у паўтара разы – адбылося ў сталічных судах – з 31,4 % за 2016 год да 20,6 % за першае паўгоддзе 2019 года. У судах Брэсцкай вобласці гэты паказчык за аналагічны перыяд знізіўся з 26,6 да 21,9 %.

У той жа час у дзвюх абласцях краіны – Мінскай і Магілёўскай увядзенне апеляцыйнага вядзення пацягнула хоць нязначны, але рост актыўнасці бакоў па абскарджанні прыгавораў на 3,5 % (з 14 да 17.5 %) і 0,9 % (з 18,4 да 19,3 %) адпаведна (за перыяд з 2016 па 2019 гады).

Дынаміка скасаванняў прыгавораў з накіраваннем справы на новы судовы разбор (па якіх падставах найбольш часта касуецца прыгавор суда першай інстанцыі)

У цэлым па рэспубліцы колькасць скасаваных у апеляцыйным парадку судовых пастаноў з накіраваннем крымінальных спраў на новы разгляд у параўнанні з касацыйным за апошнія 5 гадоў зменшылася значна – амаль у 4 разы. Так, калі ў 2013 годзе былі скасаваны прыгаворы ў дачыненні да 486 асоб або амаль 7 % ад агульнай колькасці абскарджаных, то ў 2018 годзе – у дачыненні да 126, што складае менш за паўтара працэнты ад агульнай колькасці абскарджаных.

Што тычыцца апеляцыйнай практыкі Вярхоўнага Суда, то выпадкі скасавання прыгавораў з накіраваннем спраў на новы судовы разбор сталі адзінкавымі. Калі ў 2015 годзе такіх выпадкаў было 24, то ў 2018 годзе – 1, а за першае паўгоддзе 2019 года абласныя суды скасаванняў сваіх прыгавораў не дапусцілі зусім.

Аналіз статыстычных даных у разрэзе рэгіёнаў за перыяд з 2013 па 2018 гады паказвае, што самым кардынальным чынам колькасць скасаваных прыгавораў з накіраваннем спраў на новы судовы разгляд зменшылася ў судах г. Мінска – у 16 разоў, Гомельскай вобласці – у 8 разоў, у Магілёўскай вобласці – у 4,5 разоў.

У абсалютнай большасці выпадкаў скасаванні прыгавораў з накіраваннем справы на новы судовы разбор абумоўлены істотнымі парушэннямі крымінальна-працэсуальнага закона. Напрыклад, адмова ў задавальненні хадайніцтваў бакоў аб допыце новых сведак. Па прычыне таго, што суд апеляцыйнай інстанцыі, прыйшоўшы да высновы аб неабгрунтаванасці такой адмовы, выправіць прабел судовага следства не мае права, ён вымушаны прымаць рашэнне аб скасаванні прыгавору.

Па якіх падставах суд апеляцыйнай інстанцыі можа, не накіроўваючы справу на новы судовы разбор, унесці неабходныя змены ў прыгавор

Паўнамоцтвы суда апеляцыйнай інстанцыі, звязаныя з паляпшэннем становішча абвінавачанага, у параўнанні з паўнамоцтвамі суда касацыйнай інстанцыі не змяніліся. Суд апеляцыйнай інстанцыі, як і раней, мае права ўнесці такія змены ў дачыненні да любога абвінавачанага, незалежна ад таго, кім з іх абскарджаны прыгавор.

У той жа час змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў КПК, істотна пашыраны межы паўнамоцтваў суда апеляцыйнай інстанцыі на змяненне прыгавору па падставах, якія пагаршаюць становішча абвінавачанага, з адначасовым абмежаваннем магчымасці скасавання прыгавору з накіраваннем справы на новы разгляд у суд першай інстанцыі.

Так, часткай 2 арт. 387 КПК прадугледжана, што скасаванне абвінаваўчага прыгавору з накіраваннем справы на новы разгляд магчыма толькі ў тым выпадку, калі парушэнні, дапушчаныя судом першай інстанцыі і звязаныя з недаследаваннем доказаў, неабгрунтаванай адмовай у задавальненні хадайніцтваў, не дазваляюць суду апеляцыйнай інстанцыі самастойна выправіць гэтыя парушэнні.

Калі ж усе хадайніцтвы, накіраваныя на даследаванне доказаў і канкрэтных абставін крымінальнай справы, судом першай інстанцыі вырашаны, усе сведкі дапытаны, то суд апеляцыйнай інстанцыі не мае права ўхіліцца ад вынясення канчатковага рашэння па справе.

Дынаміка змяненняў прыгавораў адносна становішча абвінавачанага (пагаршэння або паляпшэння)

Аналіз судовай статыстыкі паказвае, што нягледзячы на шырокія паўнамоцтвы суда апеляцыйнай інстанцыі па змяненні прыгавораў з пагаршэннем становішча абвінавачанага, суды часцей паляпшаюць становішча абвінавачанага, чым пагаршаюць.

  • Так, у 1-м паўгоддзі 2019 года з паляпшэннем іх становішча зменены прыгаворы ў дачыненні да 222 асоб супраць 169 асоб з пагаршэннем,
  • у 2018 годзе – 735 асоб супраць 417,
  • у 2017 годзе – 698 асоб супраць 553 асоб,
  • у 2015 годзе – 562 супраць 479,
  • у 2014 годзе – 416 супраць 288,
  • у 2013 годзе – 372 супраць 212.

Толькі ў 2016 годзе назіралася некалькі іншая дынаміка – 583 асобы з паляпшэннем іх становішча супраць 655 асоб з пагаршэннем.

Пры гэтым у 1-м паўгоддзі 2019 года судамі апеляцыйнай інстанцыі

  • без змянення кваліфікацыі дзеяння зніжана пакаранне 135 асобам (у 2018 годзе – 441 асобе, у 2017 годзе – 432 асобам, у 2016 годзе – 371 асобе, у 2015 годзе – 402 асобам, у 2014 годзе – 255 асобам, у 2013 годзе – 225 асобам),
  • зменена кваліфікацыя дзеяння са зніжэннем пакарання 46 асобам (у 2018 годзе – 170 асобам, у 2017 годзе – 148 асобам, у 2016 годзе – 114 асобам, у 2015 годзе – 85 асобам, у 2014 годзе – 76 асобам, у 2013 годзе – 67 асобам),
  • зменена кваліфікацыя дзеяння без зніжэння выніковага пакарання 28 асобам (у 2018 годзе – 70 асобам, у 2017 годзе – 66 асобам, у 2016 годзе – 46 асобам, у 2015 годзе – 34 асобам, у 2014 годзе – 34 асобам, у 2013 годзе – 39 асобам),
  • змякчаны від папраўчай установы, умовы адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання свабоды 12 асобам (у 2018 годзе – 50 асобам, у 2017 годзе – 51 асобе, у 2016 годзе – 51 асобе, у 2015 годзе – 41 асобе, у 2014 годзе – 51 асобе, у 2013 годзе – 41 асобе) і адна асоба вызвалена ад крымінальнай адказнасці па прычыне сканчэння тэрміну даўнасці (у 2018 годзе – 4 асобы, у 2017 годзе – 1 асоба, у 2016 годзе – 1 асоба).

Змяненне абвінаваўчага прыгавору па падставах, якія пагаршаюць становішча абвінавачанага, як і пры касацыйным вядзенні, дапускаецца толькі ў выпадку, калі па гэтых падставах пададзена скарга пацярпелым, прыватным абвінаваўцам або іх прадстаўнікамі ці прынесены пратэст пракурорам.

Унесеныя ў ч. 3 арт. 396 КПК дапаўненні дазваляюць суду апеляцыйнай інстанцыі павялічыць тэрмін або памер не толькі асноўнага, але і дадатковага пакарання, замяніць іншыя меры крымінальнай адказнасці і прымусовыя меры выхаваўчага характару больш строгімі мерамі або прызначыць замест іх крымінальнае пакаранне, выключыць неабгрунтаванае прымяненне акта амністыі. Акрамя таго, суд мае права прыняць рашэнне адносна вызначэння лёсу рэчыўных доказаў і маёмасці, на якую накладзены арышт.

У судовай статыстыцы выдзяляецца колькасць змененых прыгавораў з пагаршэннем становішча абвінавачанага.

Колькасць такіх змяненняў з моманту ўводу пашыраных паўнамоцтваў суда апеляцыйнай інстанцыі павялічылася. Так, калі пры разглядзе спраў з прымяненнем касацыйнага парадку разгляду з пагаршэннем становішча абвінавачанага ў 2013 годзе былі зменены прыгаворы ў дачыненні да 212 асоб, то ў 2016 годзе – у дачыненні да 655 асоб. У наступныя гады назіраецца паступовае зніжэнне гэтага паказчыка: у 2017 годзе – 553 асоб, у 2018 годзе – 417 асоб, у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгаворы ў дачыненні да 169 асоб.

Асноўны аб’ём змяненняў з пагаршэннем становішча абвінавачанага ажыццяўляецца па наступных падставах:

  • прызначанае па прыгаворы суда першай інстанцыі пакаранне прызнанае відавочна несправядлівым па прычыне мяккасці (у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгаворы ў дачыненні да 70 асоб, у 2018 годзе – 169 асоб, у 2017 годзе – 203 асоб, у 2016 годзе – 260 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі));
  • не прыменены або няправільна прыменены нормы крымінальнага закона, якія рэгулююць назначэнне пакарання па правілах артыкулаў 65, 66, 69, 69-1, 71-73 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама неабгрунтавана прыменена амністыя (у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгаворы ў дачыненні да 25 асоб, у 2018 годзе – 52 асоб, у 2017 годзе – 76 асоб, у 2016 годзе – 73 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі));
  • судом першай інстанцыі не было прынята рашэнне аб лёсе рэчыўных доказаў або рашэнне пастаноўлена з парушэннем закона (у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгаворы ў дачыненні да 13 асоб, у 2018 годзе – 45 асоб, у 2017 годзе – 84 асоб, у 2016 годзе – 68 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі));
  • судом першай інстанцыі не прызначана дадатковае пакаранне (у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгаворы ў дачыненні да 13 асоб, у 2018 годзе – 37 асоб, у 2017 годзе – 50 асоб, у 2016 годзе – 63 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі));
  • прыменены закон аб больш цяжкім злачынстве (у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгаворы ў дачыненні да 9 асоб, у 2018 годзе – 39 асоб, у 2017 годзе – 30 асоб, у 2016 годзе – 20 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі));
  • судом першай інстанцыі прызначаны больш мяккі від папраўчай установы, чым прадугледжана законам, рэжым адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, умовы адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання свабоды (у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгаворы ў дачыненні да 11 асоб, у 2018 годзе – 20 асоб, у 2017 годзе – 30 асоб, у 2016 годзе – 25 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі)).

Таксама суд апеляцыйнай інстанцыі мае права:

  • адмяніць асуджэнне з адтэрміноўкай выканання пакарання (артыкул 77 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), або асуджэнне з умоўным непрымяненнем пакарання (артыкул 78 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), або асуджэнне без прызначэння пакарання (артыкул 79 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), або асуджэнне з прымяненнем прымусовых мер выхаваўчага характару (артыкул 117 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) і прызначыць абвінавачанаму пакаранне, прадугледжанае крымінальным законам (у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгаворы ў дачыненні да 10 асоб, у 2018 годзе – 14 асоб, у 2017 годзе – 13 асоб, у 2016 годзе – 11 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі));
  • адмяніць асуджэнне без прызначэння пакарання (артыкул 79 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) або асуджэнне з прымяненнем прымусовых мер выхаваўчага характару (артыкул 117 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), прызначыць пакаранне ў адпаведнасці з крымінальным законам і адтэрмінаваць яго выкананне ці пастанавіць аб яго ўмоўным непрымяненні пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных артыкуламі 77 або 78 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь адпаведна (у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгавор у дачыненні да 1 асобы, у 2018 годзе – 1 асобы, у 2017 годзе – 1 асобы, у 2016 годзе – 5 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі));
  • адмяніць асуджэнне з умоўным непрымяненнем пакарання (артыкул 78 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) і прымяніць адтэрміноўку выканання пакарання пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных артыкулам 77 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у 2018 годзе зменены прыгаворы ў дачыненні да 5 асоб, у 2017 годзе – 2 асоб, у 2016 годзе – 1 асобы (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі));
  • павялічыць тэрмін адтэрміноўкі выканання пакарання або выпрабавальны тэрмін пры асуджэнні абвінавачанага адпаведна з адтэрміноўкай выканання пакарання або яго ўмоўным непрымяненнем, ускласці на абвінавачанага дадатковыя абавязкі, прадугледжаныя артыкуламі 77, 78 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, адмяніць адтэрміноўку дадатковага пакарання, прызначыць дадатковае пакаранне, калі будзе прызнана, што мер, якія прымяніў суд першай інстанцыі, недастаткова для выпраўлення абвінавачанага (у 2018 годзе зменены прыгаворы ў дачыненні да 6 асоб, у 2017 годзе – 5 асоб, у 2016 годзе – 14 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі));
  • змяніць фактычны пачатак вылічэння тэрміну адбывання пакарання ў сувязі з няправільным яго вылічэннем, незахаваннем судом першай інстанцыі правіл складання пакаранняў або заліку тэрміну ўтрымання пад вартай ці дамашнім арыштам у тэрмін пакарання (у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгаворы ў дачыненні да 6 асоб, у 2018 годзе – 11 асоб, у 2017 годзе – 30 асоб, у 2016 годзе – 33 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі));
  • прымяніць у дачыненні да абвінавачанага палажэнні артыкулаў 106 і 107 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у 1-м паўгоддзі 2019 года зменены прыгаворы ў дачыненні да 11 асоб, у 2018 годзе – 18 асоб, у 2017 годзе – 29 асоб, у 2016 годзе – 27 асоб (за 2016 год даныя толькі па апеляцыі)).

Законам ад 09.01.2019 паўнамоцтвы суда апеляцыйнай інстанцыі пашыраны ў частцы права павялічыць тэрмін, памер асноўнага і (або) дадатковага пакаранняў, прызначыць больш строгі від пакарання, за выключэннем пажыццёвага заключэння і смяротнай кары, калі гэта выклікана няправільным прымяненнем норм крымінальнага закона, якія рэгулююць прызначэнне пакарання па правілах артыкулаў 49 – 57 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама прымяніць палажэнні артыкула 46-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык