Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 226-12-06

+375 (17) 327-12-25

г. Мінск, вул. Леніна, 28

г. Мінск, вул. Валадарскага, 8

Расклад пасяджэнняў

Адбыўся тэматычны семінар па пытаннях развіцця сістэмы электроннага правасуддзя

5 кастрычніка 2018  2304

4 кастрычніка 2018 года ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў сумеснага праекта Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека і Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у сферы верхавенства права адбыўся семінар, прысвечаны пытанням развіцця сістэмы электроннага правасуддзя.

Удзельнікамі семінара сталі суддзі і спецыялісты эканамічных судоў абласцей, якія павышаюць кваліфікацыю ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, пракурораў і ўстаноў юстыцыі БДУ, а таксама еўрапейскія эксперты ў галіне права.

З прывітальным словам выступіў намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Юрый Віктаравіч Кобец. Ён адзначыў, што сёння ў сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі працягваецца мэтанакіраваная работа па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій у сферу судаводства. Перш за ўсё яна накіраваная на павышэнне якасці і эфектыўнасці правасуддзя, яго аператыўнасці і даступнасці. Пры гэтым неабходна памятаць, што тэхналогіі не павінны падмяняць і выцясняць сутнасць правасуддзя і да таго ж яны павінны суправаджацца своечасовымі карэспандуючымі зменамі на заканадаўчым узроўні.

«Інфармацыйныя тэхналогіі заўсёды будуць развівацца хутчэй, чым іх заканадаўчае рэгуляванне. Якім чынам калі не сінхранізаваць, то хаця б зрабіць гэтыя два ўзаемазвязаныя працэсы максімальна ўзгодненымі – пытанне, якое патрабуе вывучэння вопыту ў тым ліку міжнародных экспертаў», – падкрэсліў Кобец.

У ходзе семінара ўдзельнікі азнаёміліся з рознымі формамі сістэм электроннага правасуддзя, якія выкарыстоўваюцца ў краінах рэгіёна АБСЕ, а таксама з адпаведнымі ключавымі паняццямі і азначэннямі.

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі і бяспекі Нідэрландаў, старшыня экспертнага савета па e-CODEX г-н Эрнст Стэйгенга і даследчык Інстытута вывучэння судовых сістэм, прадстаўнік Нацыянальнага даследчага савета Італіі г-н Марка Веліконья падзяліліся вопытам развіцця сістэм электроннага правасуддзя ў краінах рэгіёну АБСЕ і падрабязна расказалі аб сістэме e-CODEX (аб'ядноўвае еўрапейскія судовыя сістэмы).

Эксперты расказалі аб фактарах поспеху развіцця сістэм электроннага правасуддзя ў краінах рэгіёну АБСЕ. Сярод іх, па словах экспертаў, адзіная агульнадзяржаўная юрысдыкцыя ў дачыненні да анлайн-працэдур, спрашчэнне функцый, а таксама заканадаўчы акт у падтрымку ствараемай службы. Падкрэслілі дакладчыкі і магчымасць пераключэння паміж рэжымамі анлайн і афлайн у сістэме электроннага правасуддзя.

Г-н Марка Веліконья таксама расказаў пра няпросты шлях развіцця грамадзянскага анлайн-судаводства ў Італіі. Ён адзначыў, што гэта сістэма, якая паспяхова працуе сёння, створана 20 гадоў таму, аднак на працягу некалькіх гадоў з цяжкасцю функцыянавала па радзе прычын, сярод якіх рызыка занадта хуткага рэгулявання тэхналогій, рызыка выкарыстання яшчэ неправераных тэхналогій, дубліраванне «папяровых» працэдур і электронных, а таксама неабходнасць кантролю.

Эксперт асаблівую ўвагу завастрыў на актуальнасці захавання балансу прыярытэтаў у судовай дзейнасці: «Сёння трэба думаць не што і как змяняць, а да якіх наступстваў гэтыя змены прывядуць. Ці не парушаць яны экасістэму правасуддзя. Суддзі хочацца быць наватарам, але першае, за што нясуць адказнасць суддзі, гэта справядлівы судовы разбор і захаванне заканадаўства».

Г-н Эрнст Стэйгенга расказаў аб інфармацыйнай сістэме ў галіне распрацоўкі заканадаўства, якая дзейнічае ва ўсіх міністэрствах Нідэрландаў (KIWI Keten Informatiesysteem Wetgeving In-wording), а таксама аб сістэме такіх элементаў электроннага правасуддзя, развітых у краінах рэгіёну АБСЕ, як абмен электроннымі паведамленнямі ў сферы ўнутрыдзяржаўнага правасуддзя (EBV - Elektronisch berichtenverkeer) і абмен электроннымі паведамленнямі ў сферы еўрапейскага правасуддзя e-CODEX.

Як адзначыў эксперт, сістэма e-CODEX дапамагае пераадольваць юрыдычныя межы і дае еўрапейцам адчуванне большай бяспекі і прававой абароненасці ў Еўропе. Дадзеная сістэма забяспечвае лёгкі доступ да трансгранічнага правасуддзя для фізічных і юрыдычных асоб, а таксама юрыстаў у Еўропе і забяспечвае агульнаеўрапейскую лічбавую інфраструктуру для бяспечнай трансгранічнай камунікацыі ў сферы правасуддзя. Сістэма e-CODEX, як патлумачыў эксперт, функцыянуе на прынцыпах субсідыярнасці і інвестыцый у нацыянальныя ІТ-рашэнні, яна сумяшчальная з рознымі прававымі сістэмамі.

«Дзяржавы-члены ЕС выкарыстоўваюць сістэму e-CODEX на аснове існуючых нацыянальных электронных сістэм або вырашаюць праблемы, якія ўзнікаюць. Сёння акцэнт зрушыўся з тэматыкі ІТ у бок развіцця заканадаўства і насустрач патрэбам практыкуючых юрыстаў», – падкрэсліў Эрнст Стэйгенга.

Суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Уладзіміравіч Плотнікаў выступіў з дакладам аб практычных аспектах стварэння электроннага правасуддзя ў Беларусі. Ён расказаў калегам аб існуючым прававым рэгуляванні прымянення інфармацыйных тэхналогій у сферы судаводства, азнаёміў з вопытам укаранення сістэмы e-court, які ўжо ёсць (электроннае судаводства па эканамічных справах), а таксама аб праблемных пытаннях, якія ўзнікаюць.

З вопытам развіцця і ўкаранення элементаў электроннага правасуддзя ў Нідэрландах удзельнікаў семінара азнаёміла суддзя акружнога суда Амстэрдама г-жа Вільма Х. ван-Бентэм. На думку эксперта, вельмі важна першапачаткова вызначыцца з паняццем. Электроннае правасуддзе – гэта выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у судовай сістэме. Разважаючы аб несумненных плюсах праекта, такіх як значная эканомія часу і сродкаў, больш эфектыўнае ажыццяўленне і своечасовае выкананне правасуддзя і адсочванне вядзення па справе, а таксама ацэнка вынікаў справы, суддзя расказала таксама аб праблемах і прычынах няўдач некаторых праектаў укаранення электроннага правасуддзя ў судовую сістэму Нідэрландаў.

У прыватнасці, яна адзначыла, што сёння элементы электроннага правасуддзя ў Нідэрландах укаранёныя ў штодзённым вядзенні па крымінальных справах і гэты працэс працягваецца: юрысты (адвакаты) атрымліваюць доступ да сістэмы пры дапамозе пароля, аднак пацярпелыя або іх абаронцы такога доступу не маюць. Частка элементаў электроннага правасуддзя прымяняецца ў грамадзянскім судаводстве (у тым ліку па эканамічных справах) – толькі ў двух судах краіны і з 2017 года такія тэхналогіі часткова ўкараняюцца па адміністрацыйных справах і справах аб банкруцтве.

Спроба абнаўлення судовай сістэмы і ўкаранення электроннага судаводства па ўсіх справах, ініцыяваная Міністэрствам юстыцыі Нідэрландаў, па словах Вільмы Х. ван-Бентэм, пацярпела няўдачу, бо "сама мэта была надзвычай амбіцыйная, да пачатку праграмы рабочыя працэсы ў судах не былі гарманізаваныя, праект не знайшоў падтрымкі ўнутры самой судовай сістэмы, да таго ж за ажыццяўленне праекта не адказвалі самі суды".

У завяршэнне работы семінара ўсе ўдзельнікі абмяняліся думкамі па пытанні перспектыў развіцця электроннага правасуддзя, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі павінны прапаноўваць новыя шляхі рашэння прыкладных задач у прававой сферы, павышаючы ўзровень адкрытасці і даступнасці правасуддзя. Аднак такое развіццё тэхналогій павінна адбывацца з улікам рызык і выклікаў, якія ўзнікаюць. Прыярытэтным пры гэтым павінна быць вяршэнства закона, бесстароннасць і незалежнасць суддзяў, даступнасць, эфектыўнасць і якасць правасуддзя.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык