Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Тэма прымянення пункта 4 артыкула 33 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь не губляе сваёй актуальнасці

14 мая 2019  2265

13 мая 2019 года тэму прымянення пункта 4 артыкула 33 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь абмеркавалі падчас канферэнцыі, арганізаванай Саюзам юрыстаў сумесна з Беларускай Рэспубліканскай калегіяй адвакатаў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Вацлававіч Міцкевіч, намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Юрый Віктаравіч Кобец, суддзя Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Святлана Іванаўна Дубай, старшыня Беларускай Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Іванавіч Чайчыц, намеснік міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Эла Аляксандраўна Сяліцкая, намеснік дырэктара дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Віктар Іванавіч Франскевіч.

Слухачамі выступілі адвакаты – прадстаўнікі ад усіх тэрытарыяльных калегій. З улікам шырокага кола запрошаных экспертаў яны змаглі абмеркаваць усе хвалюючыя супольнасць пытанні па дадзенай тэме.

Звяртаючыся з прывітаннем да ўдзельнікаў канферэнцыі, Валерый Міцкевіч адзначыў важнасць такога абмеркавання навацый падатковага заканадаўства менавіта на стадыі фарміравання новай правапрымяняльнай практыкі: «Пакуль яшчэ нормы толькі пачынаюць працаваць, а правапрымяняльная практыка толькі пачынае фарміравацца, варта з усімі зацікаўленымі абмеркаваць тыя праблемныя аспекты, якія ўжо сёння становяцца відавочнымі».

Юрый Кобец, выступаючы падчас канферэнцыі, таксама падкрэсліў важнасць узнятай тэмы і накіраванасць эканамічных судоў пры гэтым перш за ўсё на вяршэнства закона пры вырашэнні спрэчак гэтай катэгорыі: «Важнасць сённяшняга абмеркавання не толькі ў прымяненні канкрэтных палажэнняў артыкула 33 Падатковага кодэкса, але і ў частцы рэалізацыі агульных падыходаў правапрымяняльнай практыкі, прадыктаванай Дэкрэтам № 7 Кіраўніка дзяржавы. У гэтай рабоце асноўная задача эканамічных судоў у забеспячэнні вяршэнства закона без урону эканамічнай дзейнасці і з захаваннем адзінага справядлівага падыходу да ўсіх удзельнікаў грамадзянскага абароту», – адзначыў ён.

Юрый Віктаравіч Кобец асабліва падкрэсліў недапушчальнасць фармальнага падыходу пры разглядзе спраў гэтай катэгорыі:

«Прымяняльна да разгляду эканамічнымі судамі спраў, звязаных з падатковымі абавязацельствамі суб’ектаў гаспадарання, суды сёння не абмяжоўваюцца простай канстатацыяй фармальных парушэнняў. У мэтах праверкі абгрунтаванасці карэкціроўкі кантралюючымі органамі падатковай базы мы старанна вывучаем сутнасць скажэння звестак аб фактах здзяйснення гаспадарчай аперацыі, прычынную сувязь паміж дзеяннямі плацельшчыка і дапушчанымі скажэннямі, характар дзеяння плацельшчыка і яго службовых асоб, што выявілася ў такім скажэнні звестак, наяўнасць страт для бюджэту. Акрамя таго, судом ацэньваюцца дзеянні плацельшчыка ў цэлым па выкананні ім абавязацельстваў, ускладзеных на яго падатковым заканадаўствам. Толькі пасля высвятлення ўсіх гэтых абставін прымаецца канчатковае рашэнне. У гэтым мы бачым і рэалізацыю прынцыпу справядлівасці судовага разбору ў эканамічным правасуддзі, вынікам якога з’яўляецца рашэнне, якое адпавядае перш за ўсё эканамічнай логіцы і сутнасці спрэчкі», – сказаў ён.

Кіраўнік судовай калегіі па эканамічных справах Вярхоўнага Суда завастрыў увагу і на новых выкліках, з якімі даводзіцца сутыкацца судам у апошні час: «Перш за ўсё, гэта выбіральнае разуменне бакамі прынцыпу добрасумленнасці. Але добрасумленнасць універсальная – і для дзяржаўных органаў, і для прадпрымальнікаў. Нельга патрабаваць справядлівасці ў судовым разборы, не выканаўшы пры гэтым уласных абавязацельстваў перад дзяржавай і дзейнічаючы насуперак агульнапрынятым правілам, замацаваным заканадаўствам. Пры гэтым на практыцы суды часта вымушаны траціць значную частку свайго часу не на прававую ацэнку разглядаемай сітуацыі, а на элементарнае ўстанаўленне фактычных абставін па справе і сапраўдных намераў бакоў. Тут важна разуменне таго, што дзеянні бакоў, якія па сутнасці з’яўляюцца нядобрасумленнымі, ніколі не будуць садзейнічаць справядлівасці судовага разбору. Больш таго, на наш погляд, само права на справядлівы разбор у гэтым выпадку губляе ўсякі сэнс. У гэтай сувязі я б хацеў нагадаць, што самай вялікай каштоўнасцю з’яўляецца давер – як паміж бізнесам і дзяржавай, так і паміж суб’ектамі гаспадарання ў цэлым. Дабіцца гэтага можна толькі пры ўмове, калі тыя, хто прымае бізнес-рашэнні, будуць кіравацца агульнымі інтарэсамі, а не асабістай маментальнай выгадай, а прадстаўнікі суб’ектаў гаспадарання будуць сумленна, зразумела і адкрыта даносіць гэтую пазіцыю да суда. Сёння, на наш погляд, сама пабудова заяў, якія падаюцца ў суд, павінна ў корані адрознівацца ад таго, што было раней – мы адыходзім ад фармальнага падыходу. Але пры гэтым важна пазбегнуць рызыкі папулізму. Мяркуем, у гэтым дапаможа толькі адкрытасць намераў бакоў у судовым разборы».

У заканчэнні свайго выступлення, Юрый Віктаравіч Кобец адзначыў, што з адменай Указа № 488 праблема незаконнай мінімізацыі падатковых адлічэнняў сама па сабе не знікла, кантралюючыя органы працягнуць з ёй барацьбу. Аднак усе ўдзельнікі грамадзянскага абароту павінны памятаць, што суд не ўзаконіць ні адно дзеянне, накіраванае на неабгрунтаванае памяншэнне падатковых адлічэнняў. Пры гэтым мы будзем раздзяляць незаконную дзейнасць і разумную, заснаваную на дзеючым заканадаўстве, аптымізацыю падаткаў.

Падчас мерапрыемства з дакладам выступіла і суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Святлана Іванаўна Дубай. Поўны тэкст выступлення суддзі будзе апублікаваны ў бліжэйшым нумары часопіса «Судебный вестник Плюс: экономическое правосудие».

Сустрэча паказала зацікаўленасць усіх удзельнікаў у дыялогу і выпрацоўцы агульных падыходаў да вырашэння пытанняў, што ўзнікаюць у ходзе правапрымяняльнай практыкі.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык