Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Практыку прымянення эканамічнымі судамі заканадаўства аб інвестыцыйнай дзейнасці абмеркавалі падчас выязнога пасяджэння судовай калегіі па эканамічных справах Вярхоўнага Суда

23 ліпеня 2018

20 ліпеня 2018 года па ініцыятыве Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь на базе СЗАТ «БЕЛДЖЫ» адбылося выязное пасяджэнне судовай калегіі па эканамічных справах, прысвечанае абмеркаванню пытанняў удасканалення заканадаўства аб інвестыцыйнай дзейнасці і судовай абароны правоў і законных інтарэсаў інвестараў.

У выязным пасяджэнні ўдзельнічалі намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда, старшыня судовай калегіі па эканамічных справах Юрый Віктаравіч Кобец, суддзі судовай калегіі па эканамічных справах Вярхоўнага Суда.

Да ўдзелу ў пасяджэнні былі запрошаны Шчэпаў Уладзіслаў Аляксандравіч, Старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Брыч Леанід Рыгоравіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Красоўская Тамара Пятроўна, Старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Карагін Уладзімір Мікалаевіч, Старшыня Вышэйшага Каардынацыйнага Савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, Дзенгалёў Генадзій Іванавіч, старшыня Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта, Тараканаў Юрый Аляксеевіч, начальнік упраўлення дзяржаўнай палітыкі па прыцягненні інвестыцый Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Хлабордаў Уладзімір Аляксандравіч, начальнік юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Свідэрскі Генадзій Браніслававіч, выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара СЗАТ «БЕЛДЖЫ».

Прадстаўнікі Вярхоўнага Суда, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі, мясцовых органаў выканаўчай улады, бізнес-супольнасці абмеркавалі агульныя крытэрыі балансу інтарэсаў дзяржавы і інвестараў.

Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў пасяджэння, Юрый Кобец адзначыў, што інвестыцыйная прывабнасць Беларусі ў многім залежыць ад прававога рэгулявання парадку вырашэння інвестыцыйных спрэчак, якія так ці інакш узнікаюць у працэсе рэалізацыі інвестыцыйных праектаў:

«Для таго, каб знайсці агульныя крытэрыі балансу інтарэсаў інвестараў і дзяржавы, з аднаго боку, павысіўшы ўзровень інвестыцыйнай прывабнасці, з другога - не парушыўшы дзяржаўныя інтарэсы, неабходна супольна адкрыта і шчыра гаварыць аб наяўных праблемах і шукаць шляхі іх вырашэння».

Аб некаторых праблемных пытаннях расказаў Генадзій Дзенгалёў, старшыня Барысаўскага райвыканкама.

У прыватнасці, ён адзначыў неабходнасць узмацнення работы па прыцягненні інвестыцый у такі напрамак развіцця рэгіёнаў, як медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. Па словах Дзенгалёва, неабходна вывучаць і ўкараняць паспяховы замежны вопыт ранняй дыягностыкі захворванняў: «Замежныя кампаніі гатовыя прыходзіць на беларускі рынак, інвеставаць у медыцыну, прывозіць сучаснае абсталяванне, высокакваліфікаваных урачоў, будаваць цэнтры па ранняй дыягностыцы розных захворванняў. Ім цікавая Беларусь. І інвестары ўпэўненыя, што ў такія цэнтры паедуць лячыцца і замежныя грамадзяне. Аднак праблема ўзнікае пры афармленні страхоўкі на лячэнне. І гэта спыняе. Інвестар жа пралічвае ў тым ліку магчымасць атрымання прыбытку ад інвестыцый». Дзенгалёў таксама расказаў аб паспяховым развіцці дрэваапрацоўчага прадпрыемства раёна, якое з'яўляецца адным з найбуйнейшых экспарцёраў вырабаў з драўніны ў краіны Балтыі і Беларусі.

Генадзій Браніслававіч Свідэрскі, выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара СЗАТ «БЕЛДЖЫ», выказаў меркаванне, што такі "сумесны разгляд пытанняў паслужыць таму, што ўмовы вядзення бізнесу не толькі будуць дэклараваныя, але і па іх будуць праводзіцца рэальныя дзеянні, якія могуць прыносіць даходы як інвестару, так і нашай краіне".

Адзначым, выязное пасяджэнне невыпадкова прайшло на СЗАТ «БЕЛДЖЫ». Буйному сумеснаму з Кітаем інвестыцыйнаму праекту 4 гады. Завод сёння з'яўляецца флагманам развіцця айчыннага легкавога аўтапрома.

Асноўным дакладчыкам на пасяджэнні выступіў суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Уладзіміравіч Плотнікаў. Ён азнаёміў прысутных з асноўнымі пытаннямі практыкі прымянення эканамічнымі судамі заканадаўства аб інвестыцыйнай дзейнасці.

Плотнікаў адзначыў, што ў існуючых умовах найбольш актуальным напрамкам эканамічнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь прызнаецца паляпшэнне інвестыцыйнага клімату, развіццё механізмаў актывізацыі прытоку знешніх і ўнутраных інвестыцый, інвестыцыйнай актыўнасці ў першую чаргу на аснове ўдасканалення нарматыўна-прававой базы, накіраванай на стымуляванне прыцягнення інвестыцыйных рэсурсаў у прыярытэтныя для эканомікі сферы дзейнасці. Інвестыцыйны клімат уключае ў сябе правілы ўваходжання інвестыцый у краіну, умовы іх абароны, і задачай унутранай палітыкі, на думку суддзі, з'яўляецца забеспячэнне яго прадказальнасці.

Андрэй Плотнікаў прывёў самыя яркія прыклады судовай практыкі разгляду інвестыцыйных спрэчак і азнаёміў прысутных з вывадамі. На думку дакладчыка, сёння можна вылучыць наступныя асноўныя групы пытанняў, што маюць спрэчны характар пры ацэнцы абставін рэалізацыі інвестыцыйнага дагавора: умовы аб прымяненні, пакрыцці льгот і прэферэнцый; прававы рэжым зямельнага ўчастка і будаўнічага аб'екта на ім пры ажыццяўленні інвестыцыйнай дзейнасці; адказнасць інвестара ў выглядзе няўстойкі, прадугледжанай інвестыцыйным дагаворам.

Суддзя адзначыў, што ў цяперашні час, у мэтах аднастайнага прымянення ўмоў інвестыцыйнага дагавора і выпрацоўкі агульнага падыходу да прымянення штрафных санкцый варта ўстанавіць адзіны максімальны памер няўстойкі з правам дзяржаўнага органа і выканкама на змяненне яе памеру – права на ўстанаўленне ў інвестыцыйным дагаворы няўстойкі ў меншым памеры.

Акрамя таго, з улікам прапаноў Вярхоўнага Суда, праектам змен у Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.08.2009 № 10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для ажыццяўлення інвестыцый у Рэспубліцы Беларусь» прапануецца ўстанавіць адкрыты пералік абставін непераадольнай сілы, шляхам абавязковага замацавання ў інвестыцыйным дагаворы нормы аб форс-мажорных абставінах.

Плотнікаў таксама падкрэсліў, што прасочваецца і наяўнасць неабходнасці дадатковага рэгулявання парадку вызвалення ад увазных мытных пошлін у дачыненні да тавараў, якія ўвозяцца ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. На думку дакладчыка, менавіта вывучэнне практыкі прымянення норм заканадаўства аб інвестыцыйнай дзейнасці павінна забяспечыць яго эфектыўнасць. У выніку заканадаўчае рэгуляванне інвестыцыйнай дзейнасці стане для інвестараў больш прадказальным, а значыць – прывабным.

Перад удзельнікамі пасяджэння выступіў і Старшыня Вышэйшага каардынацыйнага савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Мікалаевіч Карагін. Перш за ўсё, ён адзначыў прагрэс у развіцці дыялогу бізнесу і ўлады: «Штогод мы вымяраем узровень задаволенасці станам дыялогу бізнесу і ўлады. Гэта адна з пазіцый індэкса дзелавога аптымізму. У апошнія гады намецілася, і гэта пазітыўна, вялікая ступень даверу. З лютага 2014 па люты 2018 года паказчык задаволенасці дыялогам узрос у 4,5 разы. На развіццё такога дыялогу нацэлена і выканаўчая ўлада. Пры міністэрствах створаны грамадска-кансультатыўныя саветы. Ёсць крокі з боку заканадаўчай улады. Праводзяцца адкрытыя парламенцкія слуханні. Прадпрымальнікі прымаюць удзел у форумах і асамблеях, сумеснымі намаганнямі ідзе ўдасканаленне заканадаўства. Пляцовак для дыялогу бізнесу і ўлады стала болей, але яны патрабуюць кампетэнтнага ўдзелу не толькі з боку ўлады, але і саміх прадпрымальнікаў», – падкрэсліў Карагін.

Аб інвестыцыйным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і мерах па яго ўдасканаленні расказаў удзельнікам пасяджэння начальнік упраўлення дзяржаўнай палітыкі па прыцягненні інвестыцый Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь Юрый Аляксеевіч Тараканаў.

Ён адзначыў, што ўдасканаленне заканадаўства ў мэтах паляпшэння інвестыцыйнага клімату ў краіне і прыцягнення інвестыцый з'яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Урада і Міністэрства эканомікі. Меры, якія прымаюцца, па словах Тараканава, дазволілі Беларусі з 2006 па 2017 год падняцца з 124-га да 37-га месца ў свеце па лёгкасці вядзення бізнесу ў міжнародным рэйтынгу «Вядзенне бізнесу», увайсці ў пяцёрку краін-лідэраў паспяховых рэформ. Прадстаўнік Мінэканомікі звярнуў увагу на тое, што ў рэспубліцы сфарміравана база нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць інвестыцыйную дзейнасць на нацыянальным узроўні з улікам лепшага сусветнага вопыту. Акрамя таго, асаблівую ўвагу Урад і Міністэрства эканомікі надаюць пытанням заахвочвання і абароны інвестыцый на міжнародным узроўні. Таксама Рэспубліка Беларусь мэтанакіравана і паслядоўна праводзіць работу па ўдасканаленні інвестыцыйнага клімату.

Дакладчык дэтальна спыніўся на прынятых мерах па ўдасканаленні заканадаўства. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на тое, што ў перыяд 2015–2017 гадоў у Беларусі палепшаны ўмовы дзейнасці СЭЗ, удасканалены рэжым індустрыяльнага парка «Вялікі камень», удасканалены рэжым Парка высокіх тэхналогій. Прыняты рад ключавых актаў Кіраўніка дзяржавы, у тым ліку па паляпшэнні бізнес-клімату, сярод якіх Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», накіраваны на ўдасканаленне ўмоў вядзення бізнесу.

Акрамя таго, аб сістэмным характары дзейнасці па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату сведчыць і План мерапрыемстваў па ўдасканаленні інвестыцыйнага клімату ў Рэспубліцы Беларусь, сфарміраваны рабочай групай пры Савеце Міністраў з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, бізнес-супольнасці на базе комплекснага аналізу інвестыцыйнага заканадаўства.

Планам прадугледжаны мерапрыемствы, накіраваныя на зніжэнне мер адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, карэкціроўку інвестыцыйнага заканадаўства, удасканаленне заканадаўства аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, маёмасных адносінах, архітэктурна-будаўнічай дзейнасці, зямельных адносінах, мытным, падатковым рэгуляванні, міграцыйнай палітыцы, павышэнне эфектыўнасці Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі. Вынікам праведзенай работы стала распрацоўка і ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў рада законапраектаў. Сярод іх законапраекты «Аб інвестыцыях» (змены ў частцы прадастаўлення інвестарам кампенсацый вартасці маёмасці, якая з'яўляецца інвестыцыямі, а таксама адмовы дзяржавы ад судовага імунітэту), «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці» (законапраект прадугледжвае незваротнасць прыватызацыі і скарачэнне тэрміну іскавай даўнасці па прыватызацыйных здзелках з 10-ці да 3-х гадоў. Гэта замацаванне дадатковых заканадаўчых гарантый добрасумленным інвестарам пры прыватызацыі); «Аб гаспадарчых таварыствах» (законапраект закліканы палепшыць абарону правоў і інтарэсаў удзельнікаў гаспадарчых таварыстваў. У прыватнасці, прапануецца: выключыць абмежаванне на ўдзел гаспадарчага таварыства з адным удзельнікам у іншым такім жа таварыстве, што асабліва актуальна для замежных інвестараў; увесці механізм, які дазваляе канверціраваць даўгі гаспадарчых таварыстваў у долі (акцыі); прадаставіць дадатковыя правы ўдзельнікам).

Міністэрствам эканомікі, як дабавіў Юрый Тараканаў, працягваецца работа па карэкціроўцы Дэкрэта № 10 па інвестыцыйных дагаворах, дзе прапануецца знізіць нагрузку на інвестара ў перыяд рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. У рамках асобных даручэнняў Кіраўніка дзяржавы і Урада па стварэнні спрыяльных умоў для ажыццяўлення інвестыцый і вядзення бізнесу прадугледжваецца карэкціроўка Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у тым ліку накіраваная на зніжэнне падатковай нагрузкі на суб'екты гаспадарання ў сувязі з рэінвесціраваннем прыбытку ў развіццё вытворчасці і стварэннем імі новых працоўных месцаў, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – карэкціроўка накіравана на змякчэнне адказнасці за здзяйсненне асобных эканамічных злачынстваў, у тым ліку магчымасць трансфармацыі крымінальнай адказнасці па асобных дзеяннях у адміністрацыйную адказнасць.

Завяршаючы выступленне, Юрый Тараканаў падкрэсліў, што работа, якая праводзіцца, павінна быць увязана з якаснай работай дзяржаўных органаў па ўзаемадзеянні з інвестарамі. «Апошнім часам, – адзначыў Тараканаў, – Міністэрствам эканомікі адзначаецца факт павелічэння колькасці зваротаў інвестараў, якія жадаюць урэгуляваць інвестыцыйную спрэчку ў даарбітражным парадку да яе падачы ў міжнародны суд. Пры гэтым прычынай такіх зваротаў з'яўляюцца дзеянні або бяздзеянне дзяржаўных органаў. У сувязі з гэтым Міністэрства эканомікі, кіруючыся пазіцыяй Міжнароднага суда ААН, адзначае, што дзеянні або бяздзеянне ўсіх органаў дзяржавы павінны разглядацца як дзеянні або бяздзеянне дзяржавы, бо дзяржава нясе адказнасць за дзеянні сваіх кіраўнікоў незалежна ад таго, ці належаць яны да заканадаўчай, выканаўчай або судовай улады, паколькі гэтыя дзеянні ажыццяўляюцца імі ў іх афіцыйнай якасці. Акрамя таго, Міжнародны Суд ААН не праводзіць таксама прынцыповай розніцы паміж дзеяннямі вышэйстаячых і ніжэйстаячых службовых асоб пры ўмове, што яны дзейнічаюць у сваёй афіцыйнай якасці. З мэтай мінімізацыі рызык, звязаных са зваротам у міжнародны арбітражны суд, Міністэрства эканомікі сумесна з Міністэрствам юстыцыі падрыхтавала і накіравала дзяржаўным органам рэкамендацыі па пытанні ўліку рызык арбітражных спрэчак пры заключэнні, выкананні, спыненні інвестыцыйных дагавораў з замежнымі інвестарамі».

Старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Аляксандравіч Шчэпаў падтрымаў палажэнні, агучаныя прадстаўнікамі Міністэрства эканомікі і Вярхоўнага Суда, пацвердзіўшы гатоўнасць заканадаўцы прыняць рад мер, накіраваных на паляпшэнне інвестыцыйнага заканадаўства і, як вынік, інвестыцыйнага клімату. Ён расказаў таксама аб падрыхтоўцы парламенцкіх слуханняў па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату, адзначыўшы, што ў ходзе работы неабходна ўлічваць вынікі судовай практыкі.

Падводзячы вынікі, Юрый Віктаравіч Кобец яшчэ раз адзначыў важнасць дыялогу дзяржаўных органаў і бізнес-супольнасці, што дазваляе пачуць думку кожнага зацікаўленага. Акрамя таго, як адзначыў Кобец, надзвычай важныя тэрміны разгляду інвестыцыйных спрэчак: «Мы не можам дазволіць сабе ў цяперашніх умовах, калі эканоміка развіваецца імклівымі тэмпамі, месяцамі разглядаць інвестыцыйныя спрэчкі. Нягледзячы на дастаткова жорсткае працэсуальнае рэгуляванне тэрмінаў разгляду спраў, на практыцы часам вынясенне рашэнняў адкладваецца па тых ці іншых падставах». Юрый Кобец таксама звярнуў увагу на недапушчальнасць фармальнага разгляду спраў: «Мы ні ў якім разе не можам быць фармальнымі. Стабільнасць, празрыстасць і прадказальнасць судовай практыкі па дадзенай катэгорыі спраў здольныя павысіць інвестыцыйную прывабнасць не горш, чым наяўнасць ільгот і прэферэнцый».

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык