Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь


Чытайце ў нумары "Судовы веснiк". № 3/2019

Для прагляду неабходна аўтарызавацца або зарэгістравацца

Напярэдадні вераснёвага пасяджэння Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда, старшыня судовай калегіі па крымінальных справах Руслан Аніскевіч расказаў у інтэрв’ю часопісу аб некаторых выніках прымянення апеляцыі ў крымінальным судаводстве і задачах, на вырашэнне якіх будзе накіроўваць суды пастанова Пленума.

Вярхоўным Судом праведзена абагульненне практыкі разгляду судамі грамадзянскіх і эканамічных спраў, звязаных з заключэннем і выкананнем дагавораў пазыкі. З вынікамі абагульнення знаёміць агляд у рубрыцы “На тэму Пленума”.

У матэрыяле суддзі Вярхоўнага Суда А. Алешчанкі (рубрыка “Абмяркоўваем”) разглядаюцца варыянты вызначэння круга ўдзельнікаў грамадзянскага судаводства ў кантэксце распрацоўкі праекта адзінага працэсуальнага кодэкса, рэгулюючага судаводства па грамадзянскіх і эканамічных справах. Публікацыя з’яўляецца запрашэннем суддзяў і прадстаўнікоў юрыдычнага супольніцтва рэспублікі да дыскусіі на тэму ўдасканалення цывілістычнага працэса шляхам прыняцця адзінага кодэкса.

У артыкуле суддзі Вярхоўнага Суда Дз. Аляксандрава (рубрыка “За літарай закона”) выкладаюцца падыходы да кваліфікацыі асобных дзеянняў, звязаных са здзяйсненнем нядобрасумленнай канкурэнцыі, у якасці парушэння забароны, усталяванай антыманапольным заканадаўствам.

Прэзідыум Вярхоўнага Суда абмеркаваў судовую практыку разгляду спраў аб высяленні з жылых памяшканняў па патрабаванні ўласніка жылога памяшкання членаў, былых членаў яго сям’і, іншых грамадзян, якія маюць права валодання і карыстання жылым памяшканнем (арт. 95 ЖК). Тлумачэнні судам па пытаннях прымянення жыллёвага заканадаўства дадзены ў прынятай па выніках пасяджэння пастанове, а больш поўнае ўяўленне аб судовай практыцы, якая складваецца па названай катэгорыі спраў,  дазваляе атрымаць апублікаваны ў дадзеным выпуску часопіса агляд.

Адной з эфектыўных мер процідзеяння дамашнему насіллю з’яўляецца прыцягненне вінаватых асоб да адказнасці, у тым ліку крымінальнай. У публікацыі суддзі Мінскага абласнога суда І. Майко (“Судовая практыка”) звернута ўвага на некаторыя пытанні, якія датычацца прымянення працэсуальнага і матэрыяльнга заканадаўства пры разглядзе крымінальных спраў аб злачынствах, прадугледжаных арт.арт. 153–154, 186 Крымінальнага кодэкса.

У рубрыцы “Праблемы, меркаванні, прапановы” закранута адна з тэм, якія актыўна абмяркоўваюцца ў апошні час, –  прэзумпцыя невінаватасці плацельшчыка падаткаў (матэрыял Ю. Амяльчэні і Н. Крук). Аўтары атрыкула разглядаюць падыходы да вызначэння паняцця добрасумленнасці плацельшчыка, аналізуюць крытэрыі, якія выкарыстоўваюцца ў нарматыўных прававых актах і правапрымяняльнай практыцы для ацэнкі паводзінаў плацельшчыка як добрасумленнага або нядобрасумленнага, уносяць прапановы па ўдасканаленні падатковага заканадаўства. З дадзенай публікацыяй можна азнаёміцца ў падраздзеле партала “Актуальныя артыкулы”.