Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Віцебскім абласным судом пастаноўлены прыгавор па крымінальнай справе аб здзяйсненні жорсткага забойства мужчыны і разбою ў г. Полацку

15 лістапада 2019  2006

11 лістапада 2019 года Віцебскім абласным судом разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да В., 06.05.2001 года нараджэння, раней не судзімага, і Х., 29.08.2002 года нараджэння, раней судзімага, у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 207, п.п. 6, 12, 15 ч. 2 арт. 139 КК.

Абвінавачаныя В., Х. і іншая асоба, крымінальная справа ў дачыненні да якой вылучана ў асобнае вядзенне, у начны час 22 красавіка 2019 года, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, знаходзячыся ў жылым доме ў г Полацку, а таксама на прысядзібным зямельным участку, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена, групай асоб, пры гэтым намерам кожнага ахопліваліся дзеянні іншых удзельнікаў групы, з мэтай наўмыснага проціпраўнага бязвыплатнага непасрэднага завалодання, з карыслівай мэтай, шляхам разбою, маёмасцю і грашовымі сродкамі пацярпелых сына Ц.Р.А. і маці Ц.В.А., з прымяненнем насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага Ц.Р.А., і пагрозай прымянення такога насілля, з наўмысным прычыненнем апошняму цяжкіх цялесных пашкоджанняў, а таксама з мэтай яго забойства, спалучанага з разбоем, з асаблівай жорсткасцю, нанеслі пацярпеламу не менш за 21 удар рукамі, нагамі, іншымі тупымі і рубячымі прадметамі, пры гэтым выказвалі ў адрас пацярпелага пагрозы забойствам, патрабуючы перадачы ім грашовых сродкаў. Пасля чаго перамясцілі пацярпелага ў загадзя выкапаную імі на прысядзібным зямельным участку яму, дзе таксама выказвалі яму патрабаванні аб перадачы ім грашовых сродкаў. Атрымаўшы ад пацярпелага інфармацыю аб месцы захоўвання грашовых сродкаў, абвінавачаныя В., Х. праніклі ў дом, але не знайшлі там грашовых сродкаў і былі выяўлены бацькам пацярпелага, які прачнуўся ад шуму.

Далей В., Х. і іншая асоба закапалі пацярпелага Ц.Р.А. на прысядзібным зямельным участку, засыпаўшы яго грунтам і цэментам.

Смерць Ц.Р.А. наступіла на месцы здарэння ад механічнай асфіксіі і ад адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы.

У выніку здзяйснення названых дзеянняў абвінавачаныя завалодалі маёмасцю пацярпелых на агульную суму не менш за 228 рублёў, пасля чаго з месца злачынства зніклі, выкрадзеную маёмасць выкарысталі па сваім меркаванні.

У судовым пасяджэнні абвінавачаныя В. і Х. сваю віну ў здзейсненых злачынствах не прызналі.

Прыгаворам суда

абвінавачаны В. прызнаны вінаватым:

у прымяненні насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, пагрозе прымянення такога насілля, з мэтай непасрэднага завалодання маёмасцю (разбоі), здзейсненым з пранікненнем у жыллё, групай асоб, з прычыненнем цяжкага цялеснага пашкоджання, і па ч. 3 арт. 207 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 8 гадоў;

у наўмысным проціпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойстве), здзейсненым з асаблівай жорсткасцю, спалучаным з разбоем, групай асоб, і па п.п. 6, 12, 15 ч. 2 арт. 139 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 12 гадоў.

У адпаведнасці з ч. 3 арт. 72 КК па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова прызначана абвінавачанаму В. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 14 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Абвінавачаны Х. прызнаны вінаватым:

у прымяненні насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, пагрозе прымянення такога насілля, з мэтай непасрэднага завалодання маёмасцю (разбоі), здзейсненым з пранікненнем у жыллё, групай асоб, з прычыненнем цяжкага цялеснага пашкоджання, і па ч. 3 арт. 207 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 8 гадоў;

у наўмысным проціпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойстве), здзейсненым з асаблівай жорсткасцю, спалучаным з разбоем, групай асоб, і па п.п. 6, 12, 15 ч. 2 арт. 139 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 11 гадоў.

У адпаведнасці з ч. 3 арт. 72 КК па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова прызначана абвінавачанаму Х. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 13 гадоў з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі.

Спагнана з абвінавачаных В. і Х. у салідарным парадку грашовая кампенсацыя маральнай шкоды на карысць маці забітага ў суме 50 000 рублёў.

У адпаведнасці з п. 2, п. 3 арт. 943 ГК пры адсутнасці ў непаўналетняга Х. даходаў ці іншай маёмасці, дастатковых для пакрыцця шкоды, пастаноўлена спагнаць з яго бацькі і маці ў лік пакрыцця маральнай шкоды на карысць пацярпелай з кожнага па 25 000 рублёў.

Па дасягненні Х. 18-гадовага ўзросту або ў выпадку, калі ў яго да дасягнення паўналецця з’явяцца даходы ці іншая маёмасць, дастатковая для пакрыцця шкоды, або, калі ён да дасягнення паўналецця набудзе дзеяздольнасць, абавязак па пакрыццю шкоды ўскладваецца на абвінавачанага Х.

Прыгавор суда не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі