Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Адказы на звароты, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Вярхоўнага Суда, што паступілі на імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў ходзе правядзення сустрэчы 1 сакавіка 2019 года з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнага супольніцтва, беларускіх і замежных СМІ «Вялікая размова з Прэзідэнтам»

1 красавіка 2019  1508

У сувязі з даручэннем Кіраўніка дзяржавы, якое было дадзена ў ходзе правядзення сустрэчы 1 сакавіка 2019 года з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнага супольніцтва, беларускіх і замежных СМІ «Вялікая размова з Прэзідэнтам», разгледжаны звароты, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Вярхоўнага Суда, што паступілі на імя А.Р. Лукашэнкі.

Паколькі ў асобных выпадках установачныя даныя заяўнікаў адсутнічалі, адказы на пастаўленыя пытанні прыводзяцца ў гэтай рубрыцы.

Вывучэнне і аналіз довадаў зваротаў сведчаць аб тым, што ў пераважнай большасці іх паступленне абумоўлена нязгодай заяўнікаў з вынікамі разгляду канкрэтных спраў.

Паколькі змест асобных зваротаў не дазваляе вызначыць, калі і якім судом вырашана справа, рашэнне па якой аспрэчваецца ў звароце, прапануем заяўнікам рэалізаваць права на зварот са скаргай у вызначаным адпаведным працэсуальным законам парадку. Падрабязная інфармацыя аб парадку абскарджання судовых пастаноў размешчана на інтэрнэт-партале судоў агульнай юрысдыкцыі.

Частка пытанняў, выкладзеных грамадзянамі ў зваротах, тычылася прымянення мер крымінальнай адказнасці да асобных катэгорый асоб.

Згодна з артыкулам 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Асобы, якія здзейснілі злачынствы, роўныя перад законам і падлягаюць крымінальнай адказнасці незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб'яднанняў, а таксама іншых абставін (ч. 3 арт. 3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КК)).

Пры гэтым прынцып роўнасці не выключае прынцыпу індывідуалізацыі крымінальнай адказнасці.

Суд пры абранні канкрэтнай меры крымінальнай адказнасці вінаватаму ў злачынстве ўлічвае індывідуальныя асаблівасці канкрэтнага выпадку і асобы, якая здзейсніла злачынства.

КК не ўтрымлівае прадпісанняў аб безумоўным прымяненні да ўпершыню асуджаных жанчын адтэрміноўкі выканання пакарання, умоўнага непрымянення пакарання, а таксама асуджэння без прызначэння пакарання.

Калі пры прызначэнні пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў асобе, упершыню асуджанай да пазбаўлення волі, за злачынства, якое не з'яўляецца цяжкім, суд, улічваючы характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, асобу вінаватага і іншыя абставіны справы, прыйдзе да пераканання, што мэты крымінальнай адказнасці могуць быць дасягнуты без адбывання прызначанага пакарання праз ускладанне на асуджанага пэўных абавязкаў і кантролю за яго паводзінамі, ён можа прымяніць адтэрміноўку выканання прызначанага пакарання на тэрмін ад аднаго года да двух гадоў. Суд можа ў гэтых выпадках адтэрмінаваць і выкананне дадатковых пакаранняў (ч. 1 арт. 77 КК).

Адтэрміноўка выканання пакарання можа быць прызначана на тэрмін ад двух да трох гадоў асобе, якая асуджаецца за здзяйсненне цяжкага злачынства, калі такое злачынства здзейснена асобай ва ўзросце да васямнаццаці гадоў, або асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, інвалідам I і II групы, а таксама асобе, якая ўпершыню асуджана за здзяйсненне цяжкага злачынства, якое не звязанае з замахам на жыццё ці здароўе чалавека, пры поўным пакрыцці абвінавачаным да заканчэння судовага следства прычыненага злачынствам урону (шкоды), вяртанні беспадстаўнага абагачэння, выплаце даходу, атрыманага злачынным шляхам (ч. 2 арт. 77 КК).

Калі пры прызначэнні пакарання асобе, якая ўпершыню асуджана да пазбаўлення волі за здзяйсненне злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкага злачынства, суд, улічваючы характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, асобу віноўнага і іншыя абставіны справы, прыйдзе да пераканання, што мэты крымінальнай адказнасці могуць быць дасягнуты без адбывання прызначанага пакарання праз ажыццяўленне кантролю за паводзінамі асуджанага, ён можа пастанавіць аб умоўным непрымяненні прызначанага пакарання з абавязковым указаннем у прыгаворы матываў прынятага рашэння. У гэтым выпадку суд пастанаўляе не прыводзіць у выкананне прызначанае пакаранне, калі на працягу вызначанага судом выпрабавальнага тэрміну асуджаны не здзейсніць новае злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі (ч. 1 арт. 78 КК).

Калі ў працэсе судовага разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да асобы, якая здзейсніла ўпершыню злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкае злачынства, будзе прызнана, што з прычыны доўгіх бездакорных паводзін пасля здзяйснення злачынства гэта асоба даказала сваё імкненне да законапаслухмяных паводзін і з улікам характару і ступені грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, асобы вінаватага яго далейшае выпраўленне магчыма без прымянення пакарання, але пры ажыццяўленні за ёй прафілактычнага нагляду, суд можа вынесці такой асобе абвінаваўчы прыгавор без прызначэння пакарання (ч. 1 арт. 79 КК).

На падставе вышэйвыкладзеных норм КК суд у кожным канкрэтным выпадку з улікам усіх абставін разглядае пытанне аб магчымасці прымянення норм артыкулаў 77–79 КК.

Таксама адзначаем, што крымінальным і крымінальна-выканаўчым заканадаўствам прадугледжваецца шэраг мер, накіраваных на гуманізацыю як мер крымінальнай адказнасці, так і мер адбывання пакарання асуджанымі жанчынамі, а таксама ўлічваецца сацыяльная значнасць выконваемай жанчынай функцыі мацярынства.

У прыватнасці, да жанчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, і жанчын, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, магчыма прымяненне ўмоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання праз вызначэнне меншых частак тэрмінаў адбытага пакарання ў якасці ўмовы такога вызвалення – адна трэць, палавіна, дзве трэці (ч. 3-1 арт. 90 КК).

Акрамя таго, у адпаведнасці з КК да цяжарных жанчын, асоб, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, асоб, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, жанчын, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, замежных грамадзян і не пражываючых пастаянна ў Рэспубліцы Беларусь асоб без грамадзянства не могуць быць прызначаны грамадскія работы (пункты 1–4, 7 ч. 4 арт. 49), папраўчыя работы (пункты 1–4, 7 ч. 3 арт. 52).

Дастаткова вострым для асуджаных і іх сваякоў па-ранейшаму застаецца пытанне крымінальнай адказнасці асоб, якія займаюцца незаконным абаротам наркотыкаў.

Суды арыентаваны на ажыццяўленне правасуддзя па справах, у тым ліку звязаных з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да наркотыкаў, строга ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства і зыходзяць з прынцыпу індывідуалізацыі пакарання, улічваюць, у прыватнасці, характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, да якіх належыць і аб'ём наркотыку, які выкарыстоўваецца ў незаконным абароце.

Прынятыя ў гэтай сферы ў апошнія гады заканадаўчыя меры, у тым ліку ўнесеныя карэкціроўкі ў КК, накіраваныя на забеспячэнне абароны жыцця і здароўя грамадзян, спыненне распаўсюджання наркаманіі як пагрозы для дэмаграфіі і здароўя нацыі. 

Пры гэтым неабходна адзначыць, што ў Рэспубліцы Беларусь у 2016–2018 гады назіраецца скарачэнне агульнай колькасці асуджаных за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Толькі ў 2018 годзе за названыя злачынствы асуджана на 16,7 % асоб меней, чым у 2017 годзе, з іх за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту – меней на 22 %. Колькасць асоб, асуджаных за здзяйсненне ў непаўналетнім узросце незаконных дзеянняў з наркотыкамі, зменшылася ў 2018 годзе больш чым у 4 разы ў параўнанні з 2015 годам і склала 61 асобу. Пры гэтым колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту, у 2018 годзе зменшылася да 26 асоб, што ў паўтара раза меней, чым у 2017 годзе.

КК дазваляе судам у дастатковай ступені дыферэнцыраваць адказнасць за незаконныя дзеянні з наркотыкамі ў залежнасці ад наяўнасці або адсутнасці ў асобы мэты збыту, а таксама з улікам кваліфікуючых прыкмет злачынства. Асобам, якія здзейснілі злачынствы ў непаўналетнім узросце, меры крымінальнай адказнасці прадугледжаны больш мяккія, чым дарослым; для тых, хто сапраўды ўстаў на шлях выпраўлення, існуе магчымасць прымянення ўмоўна-датэрміновага вызвалення і замены пакарання на больш мяккае.

У радзе зваротаў былі пастаўлены пытанні, якія закранаюць сферу шлюбна-сямейных адносін, у прыватнасці, скасаванне шлюбу паміж мужам і жонкай, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці, а таксама правы ўласнасці, у тым ліку і былых мужа і жонкі, на маёмасць, сумесна нажытую ў шлюбе.

Скасаванне шлюбу судом рэгламентуецца арт. 36 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і.

Пры прыёме іскавай заявы аб скасаванні шлюбу суд прадастаўляе мужу і жонцы трохмесячны тэрмін для прыняцця мер да прымірэння, а таксама для дасягнення згоды аб агульных непаўналетніх дзецях і раздзеле маёмасці.

Па сканчэнні трохмесячнага тэрміну шлюб скасоўваецца, калі судом будзе вызначана, што далейшае сумеснае жыццё мужа і жонкі і захаванне сям'і сталі немагчымымі.

Пры вынясенні рашэння аб скасаванні шлюбу суд прымае меры да абароны інтарэсаў непаўналетніх дзяцей і непрацаздольнага мужа ці жонкі.

Варта адзначыць, што ў мэтах выканання патрабаванняў заканадаўства аб шлюбе і сям'і па ўмацаванні сям'і, абароне правоў і інтарэсаў дзяцей судамі пры разглядзе спраў аб скасаванні шлюбу прымаюцца вычарпальныя меры, накіраваныя на прымірэнне мужа і жонкі і захаванне сям'і, а пры вырашэнні спрэчак аб выхаванні і ўтрыманні дзяцей суд зыходзіць з прыярытэту іх інтарэсаў у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Зыходзячы з артыкулаў 23 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, маёмасць, нажытая мужам і жонкай у перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на каго з іх яна набыта або на каго ці кім з іх унесены грашовыя сродкі, з'яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю. Муж і жонка маюць роўныя правы ўладання, карыстання і распараджэння гэтай маёмасцю, калі іншае не прадугледжана Шлюбным дагаворам.

У выпадку раздзелу маёмасці, якая з'яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю мужа і жонкі, іх долі прызнаюцца роўнымі, калі іншае не прадугледжана Шлюбным дагаворам.

Суд, разглядаючы кожную канкрэтную справу, мае права адступіць ад гэтага правіла, улічваючы інтарэсы непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дапамозе непрацаздольных дарослых дзяцей або інтарэсаў мужа ці жонкі, што заслугоўваюць увагі.

Пры гэтым доля мужа ці жонкі, у прыватнасці, можа быць павялічана, калі хто-небудзь з іх ухіляўся ад працоўнай дзейнасці ці расходаваў агульную маёмасць на шкоду інтарэсам сям'і.

Пры раздзеле маёмасці, якая з'яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю мужа і жонкі, пры наяўнасці Шлюбнага дагавора суд зыходзіць з яго ўмоў і вызначае, якія прадметы належаць перадачы кожнаму з іх.

У выпадку, калі мужу ці жонцы перадаюцца прадметы, вартасць якіх перавышае належную долю, аднаму з іх прысуджаецца адпаведная грашовая кампенсацыя.

Пры раздзеле маёмасці судом улічваюцца таксама агульныя даўгі мужа і жонкі і права патрабавання па абавязацельствах, якія ўзніклі ў інтарэсах сям'і.

Што тычыцца закранутага ў адным са зваротаў пытання аб парадку прымянення асобных палажэнняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г.№ 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», Вярхоўны Суд знаходзіць істотную прававую рэгламентацыю аптымальнай, якая не патрабуе ў цяперашні час якіх-небудзь карэктыў.

Не засталіся без увагі заяўнікаў і пытанні рэфармавання судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь і арганізацыйнага забеспячэння судовай дзейнасці.

За апошнія некалькі гадоў у гэтым напрамку прароблена маштабная работа, якая закранула як працэс ажыццяўлення правасуддзя, так і судовы лад і кампетэнцыю судоў.

У выніку выканання Паслання аб перспектывах развіцця сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2011 г. № 454, рэалізаваны комплекс мер па павышэнні якасці, аператыўнасці і даступнасці правасуддзя.

У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2013 г. № 6 «Аб удасканаленні судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь» створана і з 1 студзеня 2014 г. функцыянуе адзіная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі, якая ўзначальваецца Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Вярхоўны Суд ажыццяўляе паўнамоцтвы па арганізацыйным, матэрыяльна-тэхнічным і кадравым забеспячэнні дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі.

Для павышэння кадравага патэнцыялу судоў, належнай рэалізацыі функцыі па кадравым забеспячэнні судовай сістэмы праводзіцца сістэмная работа па падборы, падрыхтоўцы і фарміраванні кваліфікаванага судзейскага корпуса краіны, па ліквідацыі карупцыйных рызык.

Па выніках правядзення судова-прававой рэформы распрацаваны і 22 снежня 2016 года прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змен і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях судовага ладу і судаводства», якім Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і статусе суддзяў выкладзены ў новай рэдакцыі.

У выніку заканадаўствам Рэспублікі Беларусь па пытаннях судовага ладу і судаводства забяспечана комплекснае прававое рэгуляванне розных напрамкаў судовай дзейнасці і створаны ўмовы для забеспячэння якаснага і аператыўнага ажыццяўлення правасуддзя, найбольш поўнага аднаўлення правоў кожнага, хто звярнуўся за судовай абаронай.

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык