Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Прэзідыум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову аб практыцы разгляду судамі крымінальных спраў аб злачынствах супраць інфармацыйнай бяспекі (глава 31 КК)

4 студзеня 2020  3902

Процідзеянне злачынствам супраць інфармацыйнай бяспекі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы.

Правільнае і аднастайнае прымяненне судамі заканадаўства пры разглядзе крымінальных спраў гэтай катэгорыі, пастанова законных, абгрунтаваных і справядлівых прыгавораў прызваны забяспечваць абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб, а таксама абарону інтарэсаў грамадства і дзяржавы ў інфармацыйнай сферы, садзейнічаць падтрыманню правапарадку і прадухіленню здзяйснення злачынстваў.

18 снежня 2019 года адбылося пасяджэнне Прэзідыума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, прысвечанае практыцы разгляду судамі крымінальных спраў аб злачынствах супраць інфармацыйнай бяспекі (глава 31 КК).

У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, Следчага камітэта, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

У ходзе пасяджэння Прэзідыума з дакладам выступіў суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Анатольевіч Улога.

Дакладчык акцэнтаваў увагу на тым, што паняцце кіберзлачынстваў значна шырэй, чым злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі. Злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі часта ўваходзяць у сукупнасць з такімі злачынствамі, як распаўсюджванне парнаграфіі і абарот наркатычных сродкаў, рознымі відамі кібермахлярства і парушэннем аўтарскіх правоў.

Суддзя-дакладчык адзначыў, што за апошнія 6 гадоў абвінаваўчыя прыгаворы па разглядаемай катэгорыі спраў пастаноўлены ў дачыненні ўсяго да 114 асоб, што звязана ў тым ліку з вельмі высокай ступенню латэнтнасці такіх злачынстваў. Тым не менш працэсы лічбавай трансфармацыі, якія адбываюцца ў грамадстве, патрабуюць пабудовы эфектыўнай сістэмы мер, у тым ліку і па разглядзе крымінальных спраў дадзенай катэгорыі.

Дзмітрый Улога звярнуў увагу, што абагульненне судовай практыкі па дадзенай катэгорыі спраў дазволіла ўлічыць у пастанове Прэзідыума рад важных пазіцый. Сярод іх, напрыклад, растлумачэнне паняцця «парушэнне сістэмы абароны». Так, у пастанове Прэзідыума агаворана, што да парушэння сістэмы абароны могуць быць аднесены дзеянні па доступе да інфармацыі, якая абараняецца, спалучаныя з пераадоленнем прававых, арганізацыйных і тэхнічных мер, накіраваных на забеспячэнне канфідэнцыяльнасці, цэласнасці, сапраўднасці, даступнасці і захаванасці інфармацыі, без ведама і згоды законнага карыстальніка інфармацыі і (ці) уласніка (уладальніка) праграмна-тэхнічных сродкаў, інфармацыйных рэсурсаў, інфармацыйных сістэм і інфармацыйных сетак.

Акрамя таго, у азначэнні звязана дадзенае ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» азначэнне «абарона інфармацыі» з такім юрыдычным крытэрыем, як «без ведама і згоды законнага карыстальніка інфармацыі». Гэта абумоўлена тым, падкрэсліў Дзмітрый Улога, што шэраг дзеянняў па праверцы сістэмы абароны, у тым ліку і шляхам пераадолення названых у Законе мер, можа ажыццяўляцца ўпаўнаважанымі, самім уладальнікам праграмна-тэхнічных сродкаў, інфармацыйных рэсурсаў, інфармацыйных сістэм і інфармацыйных сетак, з мэтай, напрыклад, выяўлення магчымых недахопаў сістэмы абароны. Такія дзеянні не павінны падпадаць пад крымінальна-прававое рэгуляванне. На думку суддзі, дадзенае растлумачэнне дазволіць судам пазбегнуць памылак па вызначэнні крымінальна-прававога паняцця «парушэнне сістэмы абароны».

Абагульненне судовай практыкі выявіла шэраг іншых праблем, звязаных у асноўным са складанасцю тэрміналогіі. Дзмітрый Улога звярнуў увагу на тое, што пры разглядзе крымінальных спраў у радзе выпадкаў суды памылкова кваліфікавалі дзеянні абвінавачаных па ч. 2 арт. 351 КК, неабгрунтавана расцэньваючы дзеянні па несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі як доступ да камп’ютарнай сістэмы ці сеткі. Пры гэтым складанасць уяўляе менавіта тое, як сфармуляваны дыспазіцыі артыкулаў 349 і 351 КК, а заканадаўства не ўтрымлівае якіх-небудзь растлумачэнняў паняццяў камп’ютарнай сістэмы ці сеткі і іх адмежавання ад паняцця камп’ютарнай інфармацыі.

Суддзя адзначыў, што паколькі памылкі ў разуменні гэтых катэгорый носяць не адзінкавы характар, на ўзроўні пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Суда звернута ўвага судоў на неабходнасць адмежавання такой кваліфікуючай прыкметы камп’ютарнага сабатажу, як несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай сістэмы ці сеткі, ад несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, г.зн. прыкметы артыкула 349 КК.

У завяршэнне Дзмітрый Улога нагадаў, што пытанні інфармацыйнай бяспекі, у тым ліку адказнасці ў дадзенай сферы, сталі прадметам разгляду Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь. Згодна з шэрагам праграмных і планавых дакументаў прадугледжана падрыхтоўка прапаноў па ўдасканаленні крымінальнага заканадаўства аб злачынствах супраць інфармацыйнай бяспекі. Суддзя падкрэсліў, што ўжо сёння неабходна сумеснымі намаганнямі зацікаўленых ведамстваў разглядаць пытанне далейшага ўдасканалення заканадаўства, а прыняцце адпаведнай пастановы Прэзідыума будзе садзейнічаць законнаму і абгрунтаванаму вырашэнню спраў названай катэгорыі.

Намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Руслан Генадзьевіч Аніскевіч у сваім выступленні таксама завастрыў увагу на некаторых акцэнтах, выяўленых у ходзе абагульнення судовай практыкі па крымінальных справах аб злачынствах супраць інфармацыйнай бяспекі.

Руслан Аніскевіч адзначыў, што нягледзячы на невялікі аб’ём крымінальных спраў гэтай катэгорыі, погляд на праблему правапрымяняльнай практыкі па іх павінен быць максімальна шырокім. Перспектыва вызначаецца самой логікай імклівага развіцця лічбавага свету. Гэты выклік нельга ігнараваць. На ключавое значэнне інфармацыйнай сферы ўказана і ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь: «<…> інфармацыйная сфера набывае ключавое значэнне для сучаснага чалавека, грамадства, дзяржавы і аказвае ўсёабдымны ўплыў на эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў краінах і рэгіёнах». Нельга ігнараваць і той факт, што адначасова з лічбавай трансфармацыяй эканомікі павялічваецца лік замахаў з боку крымінальнага свету на гэту сферу. Судовая сістэма не павінна адставаць. Варта своечасова рэагаваць на змены, якія адбываюцца, уключаючы і тыя, што непасрэдна тычацца лічбавізацыі правасуддзя. Пры пераходзе на лічбавыя носьбіты нязменна паўстае пытанне аб захаванасці даных і забеспячэнні належнага ўзроўню іх бяспекі. У дадзеным кантэксце асаблівае значэнне набывае пытанне доступу да інфармацыі, яе мадыфікацыі і праверка сапраўднасці інфармацыі.

Калі прааналізаваць вынікі абагульнення судовай практыкі па гэтай катэгорыі спраў, відавочнай становіцца праблема тэрміналогіі. Паняційны апарат дастаткова складаны і патрабуе наяўнасці як элементарных, так і спецыяльных ведаў у галіне інфармацыйных тэхналогій. Большасць памылак, якія дапускаліся судамі пры разглядзе спраў дадзенай катэгорыі, абумоўлена недастатковым узроўнем тэхнічных ведаў у сферы камп’ютарных тэхналогій. Акрамя таго, паняційны апарат, які сёння ёсць у Крымінальным кодэксе, ужо не заўсёды адлюстроўвае сутнасць паняцця, якое змянілася. У той жа час у КК адсутнічаюць дэфініцыі новых паняццяў у сферы інфармацыйных тэхналогій. Выхадам з сітуацыі можа стаць развіццё спецыялізацыі суддзяў па дадзенай катэгорыі спраў, павышэнне ўзроўню тэхнічных і тэхналагічных ведаў, удасканаленне заканадаўства ў гэтай сферы. Варта таксама звярнуць увагу на навуковы патэнцыял міждысцыплінарнай тэмы кіберзлачынстваў. Навуковыя распрацоўкі ў гэтай галіне былі б вельмі карысныя судзейскай супольнасці ў практычнай дзейнасці. Тым больш, што тэма кіберзлачынстваў, бясспрэчна, шырэйшая і ахоплівае не толькі злачынствы, прадугледжаныя главой 31 КК, але і эканамічныя злачынствы, злачынствы, звязаныя з крадзяжамі, з махлярствам у сферы камп’ютарных тэхналогій, з незаконным абаротам наркотыкаў, і раду іншых.

Руслан Аніскевіч зрабіў акцэнт і на неабходнасці змены падыходаў да ацэнкі ступені адказнасці абвінавачаных па радзе саставаў. Варта падумаць аб тым, што нельга атаясамліваць негатыўныя наступствы такіх дзеянняў, як, напрыклад, несанкцыянаваны доступ на чужую старонку ў сацыяльнай сетцы фізічнай асобы і несанкцыянаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу якога-небудзь банка, хоць у абодвух выпадках сёння гэта састаў злачынства, прадугледжаны артыкулам 349 КК. Залішняй крыміналізацыі быць не павінна.

У цэлым, сістэмнае процідзеянне кіберзлачыннасці можна забяспечыць пры комплексным рашэнні задач, якія стаяць і перад судовай сістэмай, і перад праваахоўнымі органамі. Пры гэтым поспех залежыць ад скаардынаванасці дзеянняў усіх зацікаўленых асоб.

З тэкстам пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь можна азнаёміцца па спасылцы.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык