Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Пытанні распрацоўкі канцэпцыі законапраекта «Аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў» абмеркавалі падчас экспертнай сустрэчы ў Страсбургу

9 сакавіка 2020  2600

4 сакавіка 2020 года ў Страсбургу па запрашэнні Савета Еўропы адбылася экспертная сустрэча ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных падрыхтоўцы канцэпцыі законапраекта «Аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў», прадугледжанага Планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год.

Удзельнікамі дыялогу сталі прадстаўнікі Вярхоўнага Суда, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама эксперты Савета Еўропы.

На фота злева направа ўдзельнікі сустрэчы  ̶ члены рабочай групы па падрыхтоўцы канцэпцыі законапраекта: загадчык сектара інфармацыі і сувязей са СМІ  ̶  прэс-сакратар Вярхоўнага Суда Ю.А. Ляскова, начальнік упраўлення заканадаўства Вярхоўнага Суда Т.К. Козел, начальнік упраўлення тэматычных і лакальных банкаў даных НЦПІ І.У. Кебікава, намеснік начальніка ўпраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права – начальнік аддзела канстытуцыйнага права НЦЗПД М.А. Савановіч, галоўны спецыяліст аддзела канстытуцыйнага права ўпраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права НЦЗПД Д.Р. Паляшчук, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення – начальнік упраўлення арганізацыі дзейнасці судоў і работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Вярхоўнага Суда К.І. Дарашэвіч

Як адзначыў прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Савеце Еўропы Мікіта Бяленчанка, падчас падрыхтоўкі канцэпцыі нацыянальнага законапраекта вельмі важна вывучыць перадавы міжнародны вопыт і стандарты Савета Еўропы па забеспячэнні доступу да інфармацыі аб дзейнасці судоў.

Такі абмен думкамі мае ўзаемавыгадны інтарэс і дае магчымасць павысіць узровень экспертных ацэнак.

Падчас сустрэчы эксперты абмеркавалі шэраг праблемных пытанняў, сярод якіх адным з ключавых стала пытанне рэгламентацыі ўзаемадзеяння судоў і СМІ ў кантэксце пошуку балансу інтарэсаў галоснасці правасуддзя і абароны персанальных даных асоб – удзельнікаў судовых працэсаў. Як вызначыць правільную прапорцыю паміж прыватнасцю і грамадскім інтарэсам. Ці магчымы адзіныя стандарты і формулы, якія выразна вызначаюць крытэрыі такой збалансаванасці.

На фота: у цэнтры Ліліт Данегіян, кіраўнік аддзела рэформ у сферы юстыцыі, Паола Кавальерэ, д-р навук, спецыяліст па пытаннях электронных медыя і IT-заканадаўства, Эдынбургскі ўніверсітэт, Аляксандра Сытнік, кансультант па прававых пытаннях аддзела прававога супрацоўніцтва

Абмеркаванне паказала, што гэта пытанне актуальнае і для краін – членаў Савета Еўропы. Як адзначыў у сваім выступленні эксперт Савета Еўропы Паола Кавальерэ, д-р навук, спецыяліст па пытаннях электронных медыя і IT-заканадаўства (Эдынбургскі ўніверсітэт), Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека гаворыць аб прынцыпах, якія замацаваны ў канстытуцыях еўрапейскіх дзяржаў. Якім пры гэтым павінна быць рэгуляванне транспарэнтнасці судовай сістэмы? Як ураўнаважыць палажэнні артыкулаў 6 (Права на справядлівы судовы разбор), 8 (Права на павагу прыватнага і сямейнага жыцця) і 10 (Свабода выказвання меркавання) Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека?

Так, артыкул 10 прызнае, што свабода выказвання не можа быць абсалютнай, але любыя абмежаванні павінны адпавядаць закону і быць абгрунтаваны ў дэмакратычным грамадстве. Асноўны аргумент заключаецца ў тым, што паколькі свабода выказвання з’яўляецца такой фундаментальнай дэмакратычнай каштоўнасцю, абмежаванні дзяржаў не могуць быць адвольнымі.

Эксперт таксама расказаў аб прынцыпах узаемадзеяння са СМІ судоў у Вялікабрытаніі. Так, журналісты ў судах не маюць права рабіць любыя фота- і відэаматэрыялы, рабіць замалёўкі, нельга здымаць на мабільныя тэлефоны. Парушэнне гэтых правіл расцэньваецца як непавага, пагарда да суда. Медыя, якія парушылі забарону, пазбаўляюцца права наведваць судовыя пасяджэнні.

Месцы для прэсы заўсёды размешчаны асобна і скарыстацца імі могуць толькі журналісты, якія атрымалі судовую акрэдытацыю на канкрэтны судовы разбор. У той жа час на адкрытыя працэсы могуць свабодна прыйсці ўсе жадаючыя і весці з месца запісы – толькі на паперы і ўручную.

Суддзя можа запатрабаваць ад журналіста не распаўсюджваць запісы апытання сведак і любыя іншыя даныя, атрыманыя журналістам падчас судовага пасяджэння. Аднак такое патрабаванне суддзі павінна быць абгрунтавана.

Паола Кавальерэ паведаміў аб росце колькасці іскаў з боку ўрада да журналістаў і блогераў. Часта такія прэтэнзіі звязаны з фотавыявамі. Суд вызначае, якім быў грамадскі інтарэс пры публікацыі фота і ці пераважыў ён патрабаванне прыватнасці. У цэлым, забаронена публікаваць інфармацыю, якая дазваляе ідэнтыфікаваць асобу (парушэнне цягне забарону на дзейнасць журналіста), таксама інфармацыю аб сябрах і сваяках злачынцы (дазволена толькі пры ўмове наяўнасці грамадскага інтарэсу). Эксперт звярнуў увагу, што суддзя можа прадпісаць, што іменна можна, а што нельга публікаваць. Забароны на апублікаванне судовай інфармацыі ў гэтых выпадках звязаны, як правіла, з наяўнасцю пагрозы жыццю чалавека, урону правасуддзю, пагрозы скажэння выніку справы, боязі сведак і іх далейшай адмовы ад дачы паказанняў.

Важна, што абмежаванне на апублікаванне звестак павінна быць або заканадаўча замацаваным, гэта значыць аўтаматычным (напрыклад, па справах аб злачынствах непаўналетніх ці з іх удзелам), або абмежаванне ўстанаўлівае суддзя па сваім меркаванні, зыходзячы са ступені ўздзеяння публікацыі на суд. Пры гэтым, прымаючы рашэнне па абмежаванні, суддзя выслухвае аргументацыю журналіста, і ад перакананасці яго довадаў залежыць рашэнне суддзі па гэтым пытанні. Галоўнае патрабаванне да журналіста – бесстароннасць пры падачы інфармацыі аб ходзе разгляду справы і дакладнасць.

Паола Кавальерэ таксама азнаёміў слухачоў з вопытам арганізацыі ўзаемадзеяння судоў і СМІ ў Германіі і Іспаніі.

Напрыклад, па словах эксперта, у Германіі існуе розны ўзровень доступу да інфармацыі аб судовых пасяджэннях. Слуханні адкрытыя, але няма права доступу трэціх асоб да судовых пратаколаў, заявы і паказанні таксама не даступны журналістам. Асабістыя даныя з тэкстаў судовых рашэнняў цалкам вынішчаюцца, але іх абязлічаныя копіі прадастаўляюцца на платнай аснове любому жадаючаму.

У Іспаніі, на думку эксперта, сістэма больш ураўнаважана. Грамадзянскае і крымінальнае судаводства адкрытае (за выключэннем прама прадугледжаных законам выпадкаў, напрыклад, па справах з удзелам непаўналетніх і пры наяўнасці пагрозы дзяржбяспекі). Прамога закона аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў у Іспаніі няма. Аднак ёсць мноства рэкамендацый, якія арыентуюць журналістаў на тое, як іменна трэба падаваць інфармацыю аб судовай дзейнасці. Напрыклад, абмяжоўваецца распаўсюджванне інфармацыі аб дзецях, аб асобах, якія маюць інваліднасць, забаронена любое раскрыццё ахвяры злачынства, забаронена размяшчаць фота- і відэакамеры блізка ад чалавека, якога здымаюць. Забаронены блізкія планы здымання. Важна, што само здыманне можна праводзіць толькі пры наяўнасці згоды аб’екта здымання, і калі такая згода адсутнічае, здыманне спыняюць.

Вельмі цікавую інфармацыю прадставіў удзельнікам экспертнай сустрэчы Ягор Бойчанка, член Асацыяцыі адвакатаў Страсбурга. Узаемадзеянне судоў і СМІ ў Францыі, адзначыў эксперт, не ўрэгулявана спецыяльным законам, аднак ёсць нейкія агульныя дамоўленасці паміж журналістамі і судамі. Большасць інфармацыі, па словах адваката Бойчанкі, прадастаўляецца французскім СМІ па пісьмовым запыце ў суды. Прычым абавязкі адказваць на такія запыты ў суда няма. Пры гэтым дзейнічае забарона на выкарыстанне любой тэхнікі пасля пачатку судовага пасяджэння. Усе запісы можна рабіць толькі ўручную. Забаронена фатаграфаваць абвінавачаных, кіруючыся перш за ўсё тым, што такім чынам можна ідэнтыфікаваць ахвяру злачынства. У Францыі няма агульных сайтаў судоў, спісы спраў вывешваюцца ў дзень слухання ў судзе, але ніяк не ў адкрытым доступе ў сетцы інтэрнэт. Расклад суда прысяжных пры гэтым вывешваецца на сайце адвакатуры за тыдзень да слуханняў. Расклад таксама публікуецца ў мясцовай газеце без указання імёнаў фігурантаў справы, але з указаннем імёнаў суддзяў і адвакатаў.

Фота- і відэаздымка сюжэтаў аб судовым пасяджэнні можа рабіцца толькі за межамі залы судовага пасяджэння. Як правіла, гэта калідор суда. Права на фота- і відэазапіс журналісты атрымліваюць па пісьмовым запыце загадзя.

Эксперт падкрэсліў, што СМІ, якія парушаюць патрабаванні ўзаемадзеяння з судом, губляюць права наведваць судовыя пасяджэнні.

Ніно Бакакуры, суддзя Вярхоўнага Суда Грузіі, падрабязна расказала аб дзеючай для краін – удзельнікаў Савета Еўропы інструкцыі па камунікацыі са СМІ (носіць рэкамендацыйны характар). Як адзначыла эксперт, дыялог з грамадскасцю, як прамы, так і праз СМІ, мае вельмі вялікае значэнне для павышэння дасведчанасці грамадзян аб законе і ўмацавання іх даверу да судовай улады. Вельмі важна, каб дыялог паміж трыма галінамі ўлады ў дзяржаве і паміж судовай уладай і грамадскасцю, а таксама любыя інспекцыі і расследаванні праходзілі ў абставінах узаемнай павагі. Эксперт адзначыла, што гід па камунікацыі складаецца з 9 глаў і апісвае формы, метады, бакі і сродкі ўзаемадзеяння, рэгламент дзеянняў у крызіснай сітуацыі, іншыя аспекты камунікацыі, уключаючы этычныя нормы.

Таксама падчас сустрэчы эксперты абмеркавалі пытанне парадку ананімізацыі (абязлічвання) персанальных даных з тэкстаў судовых актаў, выкарыстанне даных трэцімі асобамі, разгледзелі шэраг прыкладаў судовай практыкі Еўрапейскага Суда па правах чалавека.

Аляксандра Сытнік, кансультант па прававых пытаннях аддзела прававога супрацоўніцтва Савета Еўропы, адзначыла, што больш за ўсё скарг паступае на парушэнні палажэнняў артыкулаў 8 і 10 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека. Гэта значыць канфлікт права на прыватнасць і права на свабоду выказвання меркавання ўзнікае тады, калі баланс парушаецца. І суду важна вывучыць усе абставіны пры вынясенні таго ці іншага рашэння, зыходзячы з трох аспектаў: у чым была грамадская цікавасць, калі ёсць умяшанне ў прыватнае жыццё, ці быў парушаны закон і якую мэту ставіў журналіст, парушаючы прыватнасць.

У завяршэнні сустрэчы беларускія эксперты і эксперты Савета Еўропы сышліся на думцы аб тым, што забеспячэнне збалансаванага асвятлення судовых працэсаў у мэтах, перш за ўсё, аб’ектыўнасці такога асвятлення залежыць ад узроўню агульнай прававой культуры грамадства, ступені даверу паміж судамі і журналістамі, а таксама ад выразнасці і празрыстасці інфармацыйнай палітыкі судовай сістэмы.

Несумненна, што вопыт, атрыманы падчас візіту ў Страсбург, будзе выкарыстаны пры падрыхтоўцы канцэпцыі законапраекта «Аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў».

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ