Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Перспектывы і выклікі пры гарманізацыі Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса і Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса ў Рэспубліцы Беларусь абмеркавалі ў ходзе экспертных сустрэч пры падтрымцы Германскага фонду Міжнароднага Прававога супрацоўніцтва

29 лістапада 2019  4343

27 і 28 лістапада пры падтрымцы Германскага фонду Міжнароднага прававога супрацоўніцтва і Вярхоўнага Суда прайшлі экспертныя сустрэчы па пытаннях адміністрацыйнага судаводства і вопыту прымянення адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса ў Германіі ў кантэксце перспектыў і выклікаў пры гарманізацыі Грамадзянскага і Гаспадарчага працэсуальных кодэксаў у Рэспубліцы Беларусь.

Удзельнікамі сустрэч сталі нямецкія эксперты, прадстаўнікі кіраўніцтва Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, суддзі і работнікі апарату Вярхоўнага Суда, прадстаўнікі навуковай экспертнай супольнасці.

Першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Леанідавіч Калінковіч адзначыў важнасць вывучэння Міжнароднага прававога вопыту пры ўніфікацыі Грамадзянскага працэсуальнага і Гаспадарчага працэсуальнага кодэксаў Беларусі і падзякаваў Германскаму фонду Міжнароднага прававога супрацоўніцтва за даўняе і надзейнае партнёрства ў працы па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства.

27 лістапада ў ходзе семінара па пытаннях адміністрацыйнага судаводства выступілі беларускія і нямецкія эксперты.

У прыватнасці, суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Валер’евіч Алешчанка азнаёміў калег з парадкам разгляду адміністрацыйна-прававых спрэчак па дзеючым Грамадзянскім працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь.

Суддзя нагадаў, што арганізацыя правасуддзя па адміністрацыйных спрэчках у Рэспубліцы Беларусь характарызуецца тым, што ўсе справы дадзенай катэгорыі разглядаюцца судамі агульнай юрысдыкцыі (раённымі і абласнымі судамі, а таксама эканамічнымі судамі абласцей і г. Мінска). Гэта значыць спецыялізаванай падсістэмы адміністрацыйных судоў у нашай краіне няма, што гістарычна абумоўлена. «У нас адсутнічае Кодэкс адміністрацыйнага судаводства, які б замацоўваў адзіныя нормы адміністрацыйнай юстыцыі для судоў, што разглядаюць  грамадзянскія справы, і для эканамічных судоў. Гістарычна склалася, што працэдура вырашэння публічна-прававых спрэчак паміж грамадзянінам, арганізацыяй, з аднаго боку, і дзяржавай (у асобе органаў публічнай улады), з другога боку, замацавана ў двух працэсуальных рэгламентах – Грамадзянскім працэсуальным кодэксе і Гаспадарчым працэсуальным кодэксе», – падкрэсліў Алешчанка. Сярод прычын, якія ўплываюць на такі парадак, суддзя назваў і нешматлікасць гэтых спраў у агульным аб’ёме грамадзянскага правасуддзя.

Далей Андрэй Алешчанка расказаў аб асноўных асаблівасцях разгляду адміністрацыйных спрэчак раённымі і абласнымі судамі ў парадку, устаноўленым Грамадзянскім працэсуальным кодэксам.

Аб асаблівасцях разгляду эканамічных спраў, што вынікаюць з адміністрацыйных, іншых публічных адносін, расказала суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Людміла Анатольеўна Калеснікава.

Адзначыўшы, што судаводства па эканамічных справах ажыццяўляецца на аснове Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які ўтрымлівае парадак разгляду спрэчак і іншых спраў, што ўзнікаюць як з грамадзянскіх, так і з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, Людміла Калеснікава падкрэсліла, што на працягу апошніх 6 гадоў колькасць спраў, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, нязначная – менш за 1 % у агульным аб’ёме эканамічнага правасуддзя.

У дакладзе суддзя раскрыла асаблівасці разгляду такіх спраў – як у іскавым, так і ў няіскавым вядзеннях.

Асаблівую цікавасць у нямецкіх экспертаў выклікала інфармацыя дакладчыка аб асаблівасцях няіскавага вядзення па немаёмасных справах, што ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, якія рэгулююцца асобнай главой Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса. Суддзя адзначыла, што гэта вядзенне з’яўляецца прамежкавым паміж мадэллю судовага абскарджання дзеянняў адміністрацыйных органаў, якая існавала ў савецкі перыяд, і адміністрацыйным іскам. Людміла Анатольеўна Калеснікава расказала нямецкім калегам, якія заявы разглядаюцца ў рамках гэтага вядзення, якія ёсць спосабы судовай абароны, у чым заключаецца актыўная роля суда.

У завяршэнне свайго выступлення Людміла Калеснікава падкрэсліла: «Пры вызначэнні мадэлі вядзення па справах, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, у адзіным працэсуальным кодэксе важна, каб гэта мадэль дазваляла незалежна ад суб’ектнага складу і характару праваадносін ажыццяўляць судовую абарону спосабамі, прадугледжанымі заканадаўчымі актамі, і аднаўляць парушанае права рашэннем суда без падмены кампетэнцыі адпаведнага органа. Пры гэтым парадак судовай абароны ў сферы эканомікі не можа быць пагоршаны».

Нямецкі вопыт адміністрацыйнага судаводства прадставілі беларускім калегам старшынствуючы суддзя Адміністрацыйнага суда г. Міндэна Клаус Хаге і старшыня Зямельнага суда г. Аўрыха ў адстаўцы Ханс-Ота Бартэльс. Яны азнаёмілі беларускіх калег з нямецкай практыкай размежавання адміністрацыйнай і агульнай юрысдыкцыі, адказалі на рад пытанняў беларускага боку.

Вывучэнню вопыту прымянення адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса ў Германіі ў кантэксце работы па гарманізацыі Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса і Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь была прысвечана сустрэча 28 лістапада.

Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы, намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Аляксандравіч Забара адзначыў, што вывучэнне вопыту нямецкіх калег-суддзяў дапаможа максімальна дэталёва разгледзець пытанні, вынесеныя на абмеркаванне экспертнай супольнасці дзвюх краін, і ўзяць на ўзбраенне самыя перадавыя і лепшыя ідэі правапрымяняльнага вопыту Германіі. Гэта яшчэ адзін крок да таго, каб зрабіць наша правасуддзе сучасным, эфектыўным, эканамічным.

У ходзе другога дня семінара выступілі айчынныя і нямецкія эксперты.

Клаус Хаге і Ханс-Ота Бартэльс прадставілі беларускім калегам падрабязны агляд адміністрацыйнага судаводства ў ФРГ і даклад аб асноўных прынцыпах арганізацыі адміністрацыйнага працэсу (аб яго канстытуцыйных асновах, аб ходзе вядзення, аб працэсуальных прынцыпах). Нямецкія эксперты расказалі аб асноўных рысах і працэсуальных прынцыпах Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса ФРГ на прыкладзе сацыяльных, працоўных і сямейных спраў і эканамічных спрэчак.

Андрэй Валер’евіч Алешчанка выступіў з дакладам, прысвечаным перспектывам развіцця адміністрацыйнай юстыцыі ў адзіным Грамадзянскім працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь.

У якасці першаступенных задач рэфармавання працэсу ў сферы адміністрацыйнага правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь дакладчык назваў уніфікацыю норм дзеючых Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса і Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса, прысвечаных вырашэнню публічна-прававых спраў, а таксама ўдасканаленне і далейшае развіццё інстытута адміністрацыйнай юстыцыі шляхам распрацоўкі сучасных працэсуальных мадэлей і канструявання эфектыўных прававых норм.

У рабоце семінара прынялі ўдзел і прадстаўнікі навуковай супольнасці. Прафесар кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права БДУ, к.ю.н. Іван Мікалаевіч Калядка выступіў з дакладам аб адміністрацыйным судаводстве па Грамадзянскім працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Загадчык кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права БДУ, дацэнт, к.ю.н. Аксана Мікалаеўна Здрок выступіла экспертам па пытаннях інстытута прымірэння ў аспекце ўніфікацыі грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства.

З дакладам, прысвечаным некаторым пытанням уніфікацыі грамадзянскага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, выступіў суддзя Вярхоўнага Суда Анатолій Адамавіч Гарноўскі.

Як адзначыў дакладчык, Вярхоўным Судом зроблена вялікая папярэдняя работа, накіраваная на ўстанаўленне аб’ектыўных перадумоў для ўніфікацыі норм Грамадзянскага і Гаспадарчага працэсуальных кодэксаў. Праведзены параўнальны аналіз норм дзеючых працэсуальных кодэксаў, перш за ўсё на прадмет выяўлення істотных адрозненняў працэсуальных норм. Вывучаны пытанні рэгулявання правіл судаводства па грамадзянскіх справах у замежных краінах, перш за ўсё, у краінах-удзельніках Еўразійскага эканамічнага саюза і краінах-удзельніках СНД.

Анатолій Гарноўскі падкрэсліў, што параўнальны аналіз дзеючых кодэксаў паказаў, што ў грамадзянскім і гаспадарчым працэсах ёсць многа агульных інстытутаў. «Структурна Грамадзянскі працэсуальны кодэкс і Гаспадарчы працэсуальны кодэкс у многім дубліруюць адзін аднаго ў прымяненні да агульнай часткі, стадый працэсу. І гэта цалкам заканамерна, таму што гаспадарчае працэсуальнае заканадаўства будавалася на базе грамадзянскага працэсу з улікам Міжнароднага вопыту развіцця працэсу цывілістычнага, а таксама патрэбы ў адэкватных правілах судовай абароны парушаных правоў і законных інтарэсаў», – сказаў суддзя.

Разам з тым, нягледзячы на падабенства, якое мае месца, у ходзе аналізу выяўлены і істотныя адрозненні палажэнняў Грамадзянскага і Гаспадарчага працэсуальных кодэксаў, якія не звязаны са спецыфікай працэсуальных адносін і прадметам судовага разбору. Гэта тычыцца працэсуальнай тэрміналогіі, прынцыпаў судаводства, складу ўдзельнікаў працэсу і іх прававога становішча, правіл вылічэння працэсуальных тэрмінаў, арганізацыі пытанняў прымірэння бакоў і некаторых іншых.

Анатолій Адамавіч Гарноўскі расказаў, што па выніках такой работы, а таксама з улікам вывучэння розных варыянтаў уніфікацыі працэсуальнага заканадаўства прыйшлі да высновы, што ўніфікацыя грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства можа быць ажыццёўлена шляхам распрацоўкі і прыняцця адзінага працэсуальнага кодэкса, на падставе першаснага аб’яднання наяўнага прававога рэгулявання і выбудоўвання як адзіных падыходаў у прававым рэгуляванні (дзе это магчыма), так і захавання спецыфікі рэгламентавання (дзе гэта неабходна).

Сярод асноўных задач, якія патрабуюць вырашэння пры стварэнні адзінага працэсуальнага кодэкса, на думку дакладчыка, можна вылучыць наступныя:

  • ліквідацыя супярэчнасцей і істотных адрозненняў паміж Грамадзянскім і Гаспадарчым працэсуальнымі кодэксамі;
  • захаванне прагрэсіўных норм і напрамкаў, што ўтрымліваюцца ў працэсуальных кодэксах, і распаўсюджанне іх на агульны парадак вядзення працэсу;
  • уніфікацыя працэсуальных тэрмінаў і правіл іх вылічэння;
  • замацаванне асаблівасцей разгляду асобных катэгорый спраў;
  • умацаванне альтэрнатыўных спосабаў вырашэння спрэчак, прымірыцельных працэдур;
  • захаванне і пашырэнне прававога рэгулявання пытанняў «электроннага правасуддзя»;
  • удасканаленне інстытута перагляду судовых пастаноў.

Рэзюмуючы, Анатолій Гарноўскі адзначыў, што распрацоўка адзінага працэсуальнага кодэкса ўяўляе сабой даволі працаёмкі і працяглы працэс: «У цяперашні час мы знаходзімся толькі на яго пачатковым этапе. Уяўляецца, што непасрэдная распрацоўка рэдакцый прававых норм павінна ажыццяўляцца пры непасрэдным удзеле як правапрымяняльнікаў, так і прадстаўнікоў юрыдычнай навукі. Канчатковай жа мэтай гэтай працы з’яўляецца стварэнне якаснага, жыццяздольнага і зразумелага і для суддзяў, і для звычайных грамадзян адзінага Кодэкса грамадзянскага судаводства, які будзе адпавядаць як сусветным стандартам, што прад’яўляюцца да такога роду нарматыўных прававых актаў, так і патрабаванням і запытам беларускага грамадства, адлюстроўваючы асаблівасці судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь».

У завяршэнне сустрэчы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Юрый Віктаравіч Кобец запэўніў прысутных, што пазіцыі, выказаныя ўдзельнікамі семінара, будуць вывучаны пры распрацоўцы адзінага працэсуальнага кодэкса.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык