Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у XVI нарадзе старшынь вярхоўных судоў дзяржаў – членаў ШАС у рэжыме анлайн

24 верасня 2021  1383

24 верасня 2021 года ў фармаце відэаканферэнцыі адбылася XVI нарада старшынь вярхоўных судоў дзяржаў – членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Нарада адбывалася пад старшынствам Вярхоўнага суда Кыргызскай Рэспублікі.

Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Алегавіч Сукала прыняў удзел у нарадзе ў якасці назіральніка. Нагадаем, што на саміце ШАС у г. Уфе 10 ліпеня 2015 г. кіраўнікамі дзяржаў ШАС падпісана рашэнне аб прадастаўленні Рэспубліцы Беларусь статусу назіральніка ў ШАС.

Вітаючы калег, Валянцін Сукала выказаў глыбокую ўдзячнасць за арганізацыю сустрэчы і за запрашэнне прыняць у ёй удзел.

«Мы высока цэнім магчымасць прысутнічаць у якасці назіральніка ў мерапрыемствах ШАС і асабліва рады такой магчымасці ў юбілейны для арганізацыі год», – адзначыў ён.

«Дваццацігадовая дзейнасць ШАС па ўмацаванні міру, забеспячэнні бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне ўмацавала яе становішча на міжнароднай арэне як аўтарытэтнай структуры і ўплывовага ўдзельніка міжнародных адносін. З задавальненнем адзначаю, што паміж нашымі дзяржавамі дасягнуты высокі ўзровень дыялогу, дынамічна развіваюцца адносіны ў розных сферах, актыўна ўзаемадзейнічаюць судовыя органы. У сітуацыі, калі міжнародная абстаноўка застаецца непрадказальнай, складана пераацаніць важнасць такога аб’яднання намаганняў, заснаванага на прынцыпах узаемнага даверу, павагі і добрасуседства. У гэтым кантэксце асаблівую значнасць набывае правядзенне настолькі важкай прадстаўнічай нарады суддзяў, якая бясспрэчна будзе садзейнічаць паглыбленню прававога супрацоўніцтва на прасторы ШАС», – сказаў Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

На чарговай нарадзе, якая традыцыйна прайшла ў сяброўскай і канструктыўнай абстаноўцы, удзельнікі адзначылі, што XVI нарада старшынь вярхоўных судоў дзяржаў – членаў ШАС у год дваццацігоддзя арганізацыі мае важнае значэнне для далейшага паляпшэння эфектыўнасці міжсудовага дыялогу і стварэння ўмоў для паглыблення судовых рэформ.

Падчас нарады разгледжаны тэмы практыкі выканання рашэнняў трацейскіх (арбітражных судоў); гуманізацыі крымінальнага заканадаўства дзяржаў – членаў ШАС; лічбавізацыі судоў і прымянення IT-тэхналогій у працэсе выканання правасуддзя. Удзельнікі падзяліліся вопытам у галіне развіцця ювенальнай юстыцыі, вызначэння юрысдыкцыі суда па пагадненні бакоў без прывязкі да канкрэтнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Разгледзелі пытанні, звязаныя з галоснасцю правасуддзя, абмеркавалі ўплыў сродкаў масавай інфармацыі на выкананне правасуддзя, іншыя пытанні.

Канстатуючы дасягнутае ўзаемаразуменне ў пытаннях развіцця судовых сістэм дзяржаў –членаў ШАС, прытрымліваючыся прынцыпаў і палажэнняў Хартыі ШАС, Дагавора аб доўгатэрміновым добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве дзяржаў – членаў ШАС, улічваючы дамоўленасці і задачы, замацаваныя ў Стратэгіі развіцця ШАС да 2025 года, кіраўнікі дэлегацый дзяржаў – членаў ШАС прынялі сумесную заяву.

У заяве ўтрымліваецца важны пастулат аб тым, што развіццё і ўдасканаленне супрацоўніцтва паміж вярхоўнымі судамі дзяржаў – членаў ШАС садзейнічае захаванню і пашырэнню ўзаемнага даверу, бяспекі, добрасуседства і дружбы паміж дзяржавамі – членамі ШАС.

Удзельнікі нарады адзначылі важнасць працягу змястоўнага дыялогу паміж вярхоўнымі судамі для развіцця судовых сістэм дзяржаў – членаў ШАС, што грунтуюцца на агульнапрызнаных нормах і прынцыпах нацыянальнага і міжнароднага права.

Чарговая нарада старшынь вярхоўных судоў дзяржаў – членаў ШАС адбудзецца ў 2022 годзе ў Рэспубліцы Таджыкістан.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі