Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Заработная плата «ў канвертах», заніжэнне падатковай базы і ўхіленне ад аплаты падаходнага падатку – пастановы УДФР пакінуты судом у сіле

3 сакавіка 2022  569

У эканамічны суд Гродзенскай вобласці звярнулася ТАА «Р» (заяўнік) са скаргамі на пастановы ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці, якія не ўступілі ў законную сілу.

Як вядома з матэрыялаў справы, службовай асобай УДФР вынесена пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні аб прыцягненні ТАА «Р» да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 1 артыкула 12.10 КаАП 2003 года ў выглядзе штрафу ў памеры 90 базавых велічынь, што склала 2610 рублёў. 

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні заяўнік пры ажыццяўленні рознічнага гандлю аўтамабільнымі дэталямі, вузламі і прыладамі ў магазіне «Аўтазапчасткі» дапусціў парушэнне парадку прыёму грашовых сродкаў, у прыватнасці, не прымяняючы касавае абсталяванне, заяўнік у перыяд з 2018 па 2020 гады прымаў грашовыя сродкі наяўнымі на агульную суму 1 231 355,79 рубля. Дадзенае правапарушэнне пацвярджалася актам праверкі, звесткамі, пратаколамі допыту работнікаў ТАА «Р».

Заяўнік жа ўказваў на тое, што мае месца двайное ўключэнне некаторых сум за кошт дубліравання пазіцый тавару, якія супадаюць.

У рамках ацэнкі довадаў скаргі суд праверыў разлік указанай сумы выручкі. Аналіз звестак абвяргаў довады заяўніка аб наяўнасці ў разліку сум за кошт дубліравання пазіцый тавараў, якія супадаюць. Доказаў выкарыстання касавага абсталявання пры прыёме наяўных грашовых сродкаў заяўнік не прадаставіў.

Такім чынам, суд прыйшоў да вываду, што службовай асобай органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, не дапушчана парушэнняў, якія маглі б паслужыць падставай для адмены або змянення пастановы. Скаргу заяўніка – ТАА «Р» суд пакінуў без задавальнення.

Упаўнаважаны орган падчас адміністрацыйнага працэсу выявіў шэраг іншых правапарушэнняў. Так, было ўстаноўлена, што ТАА «Р» пры выплаце заработнай платы работнікам не ўтрымліваў і не пералічаў падаходны падатак. Работнікі заяўніка пацвердзілі, што атрымлівалі зарплату «ў канвертах». У якасці зарплаты супрацоўнікам выкарыстоўвалася няўлічаная выручка магазіна, скрытая ад падаткаабкладання. Упаўнаважаны орган прыняў рашэнне прыцягнуць ТАА «Р» да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 2 артыкула 13.7 КаАП 2003 года ў выглядзе штрафу ў памеры 40 % ад сумы падаходнага падатку, што склала 664 448,03 рубля. Скарга ТАА «Р» на дадзеную пастанову была разгледжана судом і пакінута без задавальнення.

Акрамя таго, у выніку неадлюстравання па бухгалтарскім і падатковым уліку выручкі ТАА «Р» пры рэалізацыі тавараў заяўнікам дапушчана заніжэнне падатковай базы для вылічэння падатку пры спрошчанай сістэме – валавой выручкі на агульную суму 1 393 746,29 рубля. Па дадзеным факце ўпаўнаважаны орган вынес пастанову аб прыцягненні ТАА «Р» да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 1 артыкула 13.6 КаАП 2003 года ў выглядзе штрафу ў памеры 40 % ад сумы падатку, збору, падлеглай аплаце і нявыплачанай у бюджэт, што склала 27 874,92 рубля.

Скарга ТАА «Р» на дадзеную пастанову таксама была разгледжана судом і пакінута без задавальнення.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі