Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Эканамічны суд прызнаў дзеянні райвыканкама незаконнымі

2 лютага 2022  427

Эканамічны суд Гродзенскай вобласці разгледзеў матэрыялы справы па заяве таварыства з дадатковай адказнасцю «М» (заяўнік) аб прызнанні незаконнымі дзеянняў Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта (зацікаўленая асоба) у сувязі з адмовай у прадаўжэнні тэрміну кансервацыі асноўных сродкаў ТДА «М».

Як стала вядома з матэрыялаў справы, ТДА «М» з’яўляецца ўласнікам аб’ектаў нерухомасці: мясаперапрацоўчага комплексу, склада, трансфарматарнай падстанцыі, кантрольна-прапускнога пункта, размешчаных у Навагрудскім раёне. Вытворчая дзейнасць на аб’ектах не вядзецца з 2013 года. Навагрудскі райвыканкам, як упаўнаважаная асоба, тройчы агульным тэрмінам на тры гады прымаў рашэнне аб кансервацыі дадзеных аб’ектаў.

У лютым 2021 года ТДА «М» па прычыне наяўнасці страт у сваёй дзейнасці за апошнія пяць месяцаў запар звярнулася ў райвыканкам з заявай аб прадаўжэнні тэрміну кансервацыі аб’ектаў яшчэ на адзін год ‒ з сакавіка 2021 па сакавік 2022 г. Райвыканкам адмовіў у задавальненні заявы ТДА «М», палічыўшы, што чарговае прадаўжэнне тэрмінаў кансервацыі аб’ектаў немэтазгоднае і не прыводзіць да чаканага эканамічнага эфекту, а ТДА «М», атрымліваючы прэферэнцыі ў частцы вызвалення ад аплаты падатку на нерухомасць, не накіроўвае вызваленыя сродкі на развіццё або ўцягванне аб’ектаў у гаспадарчы абарот.

Разгледзеўшы матэрыялы справы, суд прыйшоў да наступных вывадаў: згодна з дзеючым заканадаўствам прадаўжэнне тэрмінаў кансервацыі асноўных сродкаў дапускаецца, сярод іншага, у выпадку наяўнасці ў арганізацыі страт за апошнія пяць месяцаў запар. У перыяд з 07.06.2018 па 31.10.2021 парадак кансервацыі маёмасці, якая адносіцца да асноўных сродкаў, прадаўжэнне тэрміну кансервацыі, правядзенне паўторнай кансервацыі асноўных сродкаў рэгуляваліся Палажэннем аб парадку кансервацыі асноўных сродкаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22.05.2003 № 683.

Пры гэтым вызначэнне мэтазгоднасці або немэтазгоднасці кансервацыі асноўных сродкаў аднесена толькі да кампетэнцыі пастаянна дзеючых камісій па кансервацыі асноўных сродкаў, якія ствараюцца ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, іншых дзяржаўных арганізацыях, падначаленых Ураду Рэспублікі Беларусь, і райвыканкам не можа па аналогіі прымяняць дадзеную норму.

Паколькі Навагрудскі райвыканкам не прадаставіў суду звесткі аб наяўнасці абставін, якія супярэчаць нормам дзеючага заканадаўства аб кансервацыі асноўных сродкаў, эканамічны суд прыйшоў да вываду аб незаконнасці дзеянняў Навагрудскага райвыканкама па адмове ТДА «М» у прадаўжэнні тэрміну кансервацыі асноўных сродкаў.

Суд абавязаў зацікаўленую асобу ліквідаваць у поўным аб’ёме дапушчанае парушэнне правоў і законных інтарэсаў ТДА «М».

Рашэнне ў вышэйстаячую інстанцыю не абскарджвалася і ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі