Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову аб прымяненні судамі заканадаўства аб пакрыцці шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці

30 верасня 2022  7339

29 верасня 2022 года ў фокусе ўвагі Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь былі пытанні прымянення судамі заканадаўства аб пакрыцці шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці.

У пасяджэнні Пленума прынялі ўдзел Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Паўлавіч Худык, намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Максім Валер’евіч Варонін, намеснік начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Юрый Пятровіч Коўшык.

 

Пры падрыхтоўцы праекта пастановы Пленума Вярхоўным Судом з мэтай праверкі правільнасці прымянення адпаведнага заканадаўства, выяўлення няясных і спрэчных пытанняў у правапрымяненні вывучана і абагульнена судовая практыка.

Як паказала абагульненне судовай практыкі, эканамічнымі судамі за 2019–2021 гады разгледжана 248 такіх спраў. Аднак гэта нязначная колькасць у агульным аб’ёме спраў не сведчыць аб іх няважнасці для эканомікі краіны. Наадварот, выкананне заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя забяспечвае ў першую чаргу экалагічную бяспеку і выступае ў якасці адной з найважнейшых функцый дзяржавы. Захаванне прыроды – абсалютны прыярытэт для нашай краіны.

 

Намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Юрый Віктаравіч Кобец падкрэсліў асаблівую значнасць тэмы, якая ўзнімаецца на пасяджэнні Пленума: «Права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе з’яўляецца адным з правоў, неадчужальных і прыналежных кожнаму з моманту яго нараджэння. Яно гарантавана артыкулам 46 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Замацаванне яго ў Асноўным Законе азначае, што дзяржава са свайго боку абавязваецца забяспечыць належны стан навакольнага асяроддзя пры дапамозе розных, у тым ліку прававых, механізмаў, накіраваных на яго абарону і аднаўленне».

 

Юрый Кобец згадаў высокае месца нашай краіны ў сусветным рэйтынгу па індэксе экалагічнай эфектыўнасці: «Рэспубліцы Беларусь удалося захаваць унікальнае для паўнавартаснага і разнастайнага жыцця людзей навакольнае прыроднае асяроддзе. У сусветным рэйтынгу па індэксе экалагічнай эфектыўнасці Рэспубліка Беларусь займае 55-ю пазіцыю з 180 краін. На постсавецкай прасторы гэта найлепшы вынік. Пры гэтым экалагічная сітуацыя ў краіне мае ўстойлівую тэндэнцыю да паляпшэння», – падкрэсліў ён.

 

Юрый Кобец звярнуў увагу Пленума на складанасць спрэчак дадзенай катэгорыі, якія разглядаюцца эканамічнымі судамі. На думку кіраўніка судовай калегіі па эканамічных справах Вярхоўнага Суда, гэта складанасць «абумоўлена і ўнікальнасцю самога аб’екта прававой аховы, і разнастайнасцю фактаў прычынення шкоды, якія ўстанаўліваюцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі, і каласальным памерам заяўляемых іскавых патрабаванняў, і асаблівым парадкам даказвання, і шырокім складам нарматыўнай прававой базы, якая прымяняецца да дадзеных праваадносін. У выніку абагульнення была выяўлена неабходнасць зняцця некаторых калізій, якія маюцца ў прававым рэгуляванні грамадскіх адносін наконт аховы навакольнага асяроддзя, і выпрацоўкі пазіцый, накіраваных на падтрыманне аднастайнай практыкі пры разглядзе спраў дадзенай катэгорыі. Пры падрыхтоўцы праекта пастановы ставілася задача комплексна, паслядоўна і сістэматызавана растлумачыць найбольш значныя і праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць на практыцы, звярнуць увагу на асаблівасці заканадаўчага рэгулявання праваадносін, якія разглядаюцца, і спецыфіку разгляду спраў», – сказаў Кобец.

ДАВЕДАЧНА:

Як паказала абагульненне судовай практыкі, эканамічнымі судамі за 2019–2021 гады разгледжана 248 такіх спраў. 

У парадку іскавага вядзення ў лік пакрыцця шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, за 2019–2021 гады спагнана каля 12,7 млн. руб.

У парадку загаднага вядзення разгледжана 547 заяў аб пакрыцці шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю. Сума, спагнаная ў лік пакрыцця шкоды, склала 4,8 млн. руб.

 

Акрамя агульнай значнасці для ўсіх грамадзян краіны тэмы экалагічнай бяспекі, актуальнасць Пленума прадыктавана неабходнасцю выпрацоўкі адзіных падыходаў з боку судоў і ўпаўнаважаных дзяржаўных прыродаахоўных органаў у пытаннях забеспячэння максімальна поўнага і своечасовага пакрыцця шкоды, прычыненай навакольнаму прыроднаму асяроддзю.

 

У рабоце Пленума прыняў удзел і выступіў з дакладам Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Паўлавіч Худык.

 

Андрэй Худык адзначыў асаблівую важнасць і актуальнасць пытання аб пакрыцці шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, і ў цэлым адказнасці за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства:

«Створаная ў Рэспубліцы Беларусь сістэма кіравання навакольным асяроддзем за два апошнія дзесяцігоддзі забяспечыла зніжэнне некаторых відаў нагрузак на яго ва ўмовах эканамічнага росту. У прыватнасці, адбылося змяншэнне ўдзельных паказчыкаў (у разліку на адзінку аб’ёму ВУП) выкідаў забруджвальных рэчываў і скідаў сцёкавых вод у 2,5 раза, энергаёмістасці ВУП у 2 разы, павялічылася плошча натуральных экасістэм, павысілася выкарыстанне адходаў вытворчасці. Экалагічная сітуацыя ў краіне па шэрагу напрамкаў, звязаных са станам атмасфернага паветра, водных рэсурсаў і экасістэм, асобных біялагічных відаў, палепшылася», – падкрэсліў міністр.

  

З дакладамі на Пленуме выступілі прадстаўнікі эканамічных судоў Беларусі.

Так, старшыня эканамічнага суда Брэсцкай вобласці Сяргей Мяфодзьевіч Кулак абсалютна справядліва згадаў словы Кіраўніка дзяржавы аб адносінах да прыроды нашай краіны. На святкаванні 600-годдзя ўстанаўлення запаведнага рэжыму Белавежскай пушчы Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Для эканомікі вельмі стратнае вывядзенне з актыўнага гаспадарчага абароту і ўтрыманне ў ахоўным рэжыме такіх вялікіх тэрыторый. Але мы на гэта ідзём. Таму што жывём не адным днём, а клапоцімся аб непаўторнасці і прыродным багацці роднага краю, улічваем інтарэсы не толькі свайго народа і будучага пакалення беларусаў, але і ўсяго еўрапейскага рэгіёна. Бо беларускія пушчы і лясы, азёры і рэкі самым дабратворным чынам уплываюць на клімат планеты, па праве лічацца лёгкімі Еўропы».

Сяргей Кулак адзначыў, што на тэрыторыі Брэсцкай вобласці зарэгістравана 15 800 юрыдычных асоб і больш за 124 000 індывідуальных прадпрымальнікаў. Толькі за 8 месяцаў гэтага года Брэсцкай абласной інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету выяўлена 540 фактаў парушэнняў, у тым ліку па выяўленых фактах узбуджана 39 крымінальных спраў, звязаных з аховай прыроднага асяроддзя. Прычынены ўрон склаў больш за 400 тысяч рублёў. Брэсцкім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за аналагічны перыяд 2022 года выяўлена 206 фактаў прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю, прад’яўлена 174 прэтэнзіі на суму амаль 530 тысяч рублёў. Усе гэтыя фактары абумовілі актуальнасць і значнасць тэмы Пленума.

 

З дакладам выступіла намеснік старшыні эканамічнага суда Віцебскай вобласці Наталля Леанідаўна Стэфановіч. Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні дакладчык акцэнтавала на адным з пунктаў праекта пастановы Пленума, які, на думку дакладчыка, «з’яўляецца арыенцірам і важным пасылам для разгляду гэтай катэгорыі спраў, паколькі адным з найбольш складаных пытанняў у любых спрэчках аб пакрыцці шкоды з’яўляецца пытанне даказвання».

У прыватнасці, у пункце 11 праекта пастановы Пленума звернута ўвага судоў на размеркаванне цяжару даказвання пры разглядзе спраў аб пакрыцці шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю. Так, асноўны прынцып размеркавання цяжару даказвання, на якім грунтуецца суд, выкладзены ў частцы другой артыкула 100 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У сілу дадзенай нормы кожная асоба, якая ўдзельнічае ў справе, павінна даказаць тыя акалічнасці, на якія яна спасылаецца як на абгрунтаванне сваіх патрабаванняў і пярэчанняў, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам. Аднак названае працэсуальнае правіла аб размеркаванні цяжару даказвання носіць дыспазітыўны характар і прымяняецца ў тым выпадку, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам. У адпаведнасці з часткай пятай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26.11.1992 № 1982-XII «Аб ахове навакольнага асяроддзя» факт прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю, устаноўлены дзяржаўным органам у адпаведнасці з заканадаўствам, не падлягае даказванню, аднак у абвяржэнне яго могуць быць прадстаўлены доказы.

Таму пры разглядзе спраў аб пакрыцці шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, замацаванае ў артыкуле 100 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь правіла аб размеркаванні працэсуальнага цяжару даказвання не можа быць прыменена, паколькі часткай пятай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» прадугледжаны іншы парадак даказвання, заснаваны на доказнай прэзумпцыі ў дачыненні да акалічнасцей, звязаных з прычыненнем шкоды навакольнаму асяроддзю, які патрабуе яе абвяржэння адказчыкам. І менавіта на гэта звернута ўвага ў пункце 11 праекта пастановы.

  

Суддзя эканамічнага суда Мінскай вобласці Іна Міхайлаўна Войтко падзялілася з калегамі вопытам разгляду спраў катэгорыі, якая абмяркоўваецца на Пленуме. Мінская вобласць лідзіруе па іх колькасці.

Па выніках пасяджэння Пленум прыняў пастанову «Аб прымяненні судамі заканадаўства аб пакрыцці шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці».

 

У пастанове судам дадзены растлумачэнні па праблемных пытаннях пакрыцця шкоды навакольнаму асяроддзю. У прыватнасці, аб асаблівых правілах па размеркаванні цяжару даказвання, аб парадку спагнання шкоды навакольнаму асяроддзю, прычыненай сумесна некалькімі асобамі, аб спосабах і памеры пакрыцця шкоды і іншыя.

У пастанове Пленума Вярхоўнага Суда таксама звяртаецца ўвага і на магчымыя спосабы пакрыцця шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю. Гэта натуральны спосаб праз аднаўленне стану навакольнага асяроддзя або шляхам платы грашовай кампенсацыі.

Пленум таксама звярнуў увагу судоў на неабходнасць узмацнення прафілактычнай работы і рэагавання на выяўленыя факты парушэння заканадаўства па дадзенай катэгорыі спраў.

Прапанаваныя судам растлумачэнні і давядзенне гэтых пазіцый да шырокага кола зацікаўленых асоб будзе не толькі садзейнічаць вынясенню законных і справядлівых судовых рашэнняў і дазволіць у далейшым падтрымліваць аднастайнасць судовай практыкі, але і дасць напрамак у правільным прымяненні мер дзяржаўнага кантролю і нагляду ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ўпаўнаважанымі органамі, а таксама прыцягне ўвагу саміх суб’ектаў гаспадарання да павышэння эфектыўнасці прыродаахоўнага складніка ў іх дзейнасці ў мэтах аздараўлення навакольнага асяроддзя.

 

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі