Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь
Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь
220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76
31 студзеня 2022 года судом Докшыцкага раёна разгледжана грамадзянская справа па іску Г. (далей – ісцец) да Б. (далей – адказчык) аб матэрыяльным пакрыцці маральнай шкоды.
У іскавай заяве ісцец указаў, што 23 чэрвеня 2020 года адказчык, кіруючы прыналежным яму аўтамабілем маркі «NISSAN PATROL», парушыўшы ПДР, здзейсніў ДТЗ, у выніку якога жонцы істца былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх яна памерла. У выніку ўказаных падзей яму была прычынена маральная шкода, якую прасіў спагнаць з адказчыка ў суме 25 000 рублёў і судовыя выдаткі.
Рашэннем суда Докшыцкага раёна ад 31 студзеня 2022 года пастаноўлена спагнаць з адказчыка матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды ў памеры 15 000 рублёў, судовыя выдаткі па юрыдычнай дапамозе, складанні іскавай заявы і аплаце дапамогі прадстаўніка ў памеры 450 рублёў, а ўсяго 15 450 рублёў.
Не згадзіўшыся з рашэннем суда адказчык падаў апеляцыйную скаргу, у якой прасіў рашэнне суда адмяніць у частцы спагнання з яго 7000 рублёў у пакрыццё маральнай шкоды і 210 рублёў – судовых выдаткаў, і прыняць у гэтай частцы новае па сутнасці заяўленых патрабаванняў. Лічыць рашэнне суда ў гэтай частцы неабгрунтаваным, паколькі падчас разгляду крымінальнай справы ісцец, будучы пацярпелым па крымінальнай справе, прэтэнзій да яго не заяўляў. З прычыны таго, што выплаціў дачцэ загінуўшай 7700 рублёў, меркаваў, што маральную шкоду пакрыў сваякам загінуўшай у поўным аб’ёме. Лічыць, што заяўленая істцом сума з’яўляецца несуразмернай яго матэрыяльнаму становішчу.
Прыгаворам суда Докшыцкага раёна ад 8 кастрычніка 2021 года адказчык быў прызнаны вінаватым у парушэнні ПДР асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, і на падставе ч. 2 арт. 317 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на тэрмін 5 гадоў. Судом Докшыцкага раёна пастаноўлены прыгавор.
Суд першай інстанцыі прыйшоў да правільнага вываду аб прычыненні істцу маральных пакут у выніку смерці яго жонкі і ўсклаў на адказчыка абавязак па пакрыцці маральнай шкоды, пры вызначэнні памеру якой судом улічаны ступень маральных пакут істца ў сувязі са стратай блізкага чалавека (жонкі), а таксама патрабаванні разумнасці і справядлівасці, канкрэтныя акалічнасці справы, матэрыяльнае і сямейнае становішча адказчыка, і абгрунтавана спагнана з адказчыка кампенсацыя маральнай шкоды ў памеры 15 000 рублёў.
Падстаў для змяншэння памеру кампенсацыі маральнай шкоды судовая калегія не знаходзіць. Не з’яўляюцца такімі і факт выплаты дачцэ загінуўшай грашовых сродкаў у лік кампенсацыі маральнай шкоды, адсутнасць у істца прэтэнзій да адказчыка пры разглядзе крымінальнай справы.
Пры такіх абставінах падставы для адмены або змянення рашэння суда па довадах апеляцыйнай скаргі адсутнічаюць.
Пытанне аб судовых выдатках судом вырашана ў адпаведнасці з патрабаваннямі арт.арт. 124, 135, 142 ГПК.
Довады скаргі аб неабходнасці змяншэння памеру спагнаных судовых выдаткаў з прычыны спагнання сумы маральнай шкоды ў памеры, меншым, чым заяўлена істцом, беспадстаўныя, паколькі судом разгледжаны патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды, а вызначэнне памеру кампенсацыі маральнай шкоды адносіцца да кампетэнцыі суда.
Заяўленае суду апеляцыйнай інстанцыі хадайніцтва істца аб спагнанні з адказчыка выдаткаў за аказанне юрыдычнай дапамогі па складанні пярэчанняў на апеляцыйную скаргу падлягае задавальненню.
Вызначэннем судовай калегіі па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суда ад 31 сакавіка 2022 года пастаноўлена:
- рашэнне суда Докшыцкага раёна ад 31 студзеня 2022 года пакінуць без змянення, а апеляцыйную скаргу адказчыка – без задавальнення;
- спагнаць з адказчыка на карысць істца 200 рублёў у лік пакрыцця судовых выдаткаў за складанне пярэчанняў на апеляцыйную скаргу.
Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.