Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь
Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь
220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76
14 ліпеня 2022 года судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суда разгледжана апеляцыйная скарга Д. на рашэнне суда Аршанскага раёна і г. Орша ад 14 мая 2022 года па іску Віцебскага транспартнага пракурора ў інтарэсах транспартнага РУП “Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі” (далей – ісцец) да Д. (далей – адказчыца) аб пакрыцці ўрону.
У іскавай заяве пракурор указаў, што з прычыны неналежнага выканання адказчыцай, якая займала пасаду вядучага спецыяліста па кадрах Аршанскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, сваіх службовых абавязкаў па своечасовым афармленні дакументаў для прызначэння пенсіі па ўзросце з асаблівымі ўмовамі працы, рашэннем суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска ў 2021 годзе з істца на карысць работніка спагнаны прычынены ўрон у суме 15 150,62 рубля, пошліна ў даход дзяржавы ў суме 757,53 рубля, судовыя выдаткі ў суме 1128 рублёў. Рашэнне суда выканана ў поўным аб’ёме. Прасіў суд спагнаць з адказчыка на карысць істца суму ўрону ў памеры 17 036,15 рубля, а таксама дзяржпошліну ў даход дзяржавы.
Рашэннем суда Аршанскага раёна і г. Орша ад 14 мая 2022 года з адказчыцы на карысць істца спагнаны ўрон у памеры 9000 рублёў, у астатняй частцы іску адмоўлена.
Рашэннем суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што ісцец у парушэнне патрабаванняў заканадаўства не зрабіў аналіз і праверку працоўнага стажу работніка, не ўстанавіў яго права на льготную пенсію, не падрыхтаваў адпаведныя дакументы для рашэння пытання аб прызначэнні пенсіі, не паведаміў апошняму аб узнікненні ў яго права на пенсію.
Згодна са штатным раскладам на прадпрыемстве была адна адзінка вядучага спецыяліста па кадрах, якую займала адказчыца, у службовыя абавязкі якой уваходзілі падрыхтоўка і афармленне дакументаў для прызначэння пенсій работнікам.
З матэрыялаў справы бачна, што разам з ускладзенымі службовымі абавязкамі адказчыцай не былі выкананы патрабаванні Палажэння аб парадку прадстаўлення і афармлення дакументаў для прызначэння пенсій у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, зацверджаным загадам Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 23 мая 1997 года № 44 (які дзейнічаў у 2015 годзе), што пацягнула за сабой несвоечасовае прызначэнне работніку пенсіі па ўзросце з асаблівымі ўмовамі працы і, як вынік, прычыненне наймальніку ўрону ў выглядзе лішніх грашовых выплат, звязаных з выкананнем рашэння суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска ад 26 лютага 2021 года.
З улікам ступені віны адказчыцы, яе матэрыяльнага становішча, канкрэтных акалічнасцей справы, суд, кіруючыся палажэннямі арт. 409 ПК, абгрунтавана зменшыў падлеглы пакрыццю памер урону да 9000 рублёў.
Праверыўшы законнасць і абгрунтаванасць рашэння, судовая калегія пакінула рашэнне суда Аршанскага раёна і г. Орша без змянення, а апеляцыйную скаргу адказчыцы – без задавальнення.
Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.