Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Віцебскі абласны суд абараніў правы члена садаводчага таварыства, адмяніўшы рашэнне суда першай інстанцыі і вынесшы па справе новае рашэнне

1 красавіка 2022  698

18 студзеня 2022 года судом Першамайскага раёна г. Віцебска разгледжана грамадзянская справа па іску К. (далей – ісціца) да садаводчага таварыства «Яблынька» (далей – адказчык) аб прызнанні рашэння агульнага сходу ў частцы неправадзейным.

У іскавай заяве ісціца ўказала, што была членам СТ «Яблынька» Першамайскага раёна г. Віцебска, з якога яна была выключана 30 мая 2021 года ў сувязі з наяўнасцю запазычанасці па членскіх узносах, аб чым даведалася ў чэрвені 2021 года. Пасля атрымання паведамлення ад 17 сакавіка 2021 года аб наяўнасці запазычанасці ў памеры 110 рублёў, яна пагасіла яе ў поўным аб’ёме 15 мая 2021 года. Прасіла прызнаць неправадзейным рашэнне паўторнага агульнага сходу членаў адказчыка ў частцы выключэння яе з членаў садаводчага таварыства.

Рашэннем суда Першамайскага раёна г. Віцебска ў задавальненні іскавых патрабаванняў ісціцы адмоўлена.

Не згадзіўшыся з рашэннем суда першай інстанцыі, ісціца падала апеляцыйную скаргу, у якой прасіла рашэнне суда адмяніць, паколькі запазычанасць па членскіх узносах ёю аплачана, маецца спрэчка аб іх памеры, аб паўторным агульным сходзе 30 мая 2021 года ёй не было вядома, судом не правераны ўмовы выканання кворуму.

З матэрыялаў справы бачыцца, што ісціца з’яўляецца членам СТ «Яблынька», у якім ёй на праве ўласнасці належыць дача і на праве пажыццёвага ўспадкаванага валодання зямельны ўчастак. 17 сакавіка 2021 года ісціцы было накіравана паведамленне аб наяўнасці запазычанасці па членскім узносе ў суме 110 рублёў і неабходнасці яе аплаты ў тэрмін да 31 сакавіка 2021 года. Ісціца яе аплаціла 15 мая 2021 года. 

Рашэннем паўторнага агульнага сходу адказчыка ад 30 мая 2021 года ісціца выключана з членаў адказчыка ў сувязі з неўнясеннем ёю ўзносаў на працягу 12 месяцаў запар з дня наступлення тэрміну іх унясення, шматразовым парушэннем правіл унутранага распарадку таварыства, ненаведваннем больш за два разы агульнага сходу без уважлівых прычын.

З матэрыялаў справы бачыцца, што ісціцай запазычанасць аплачана да прыняцця рашэння паўторнага агульнага сходу адказчыка, аб чым старшыня праўлення інфармаваў прысутных пры прыняцці рашэння, якое аспрэчваецца.

Прымаючы рашэнне аб адмове ў задавальненні заяўленага ісціцай патрабавання, судом не было ўлічана, што па стане на дату вынясення судовай пастановы ісціцай не былі аплачаны членскія ўзносы толькі за 4-ы квартал 2021 года, тэрмінам унясення якіх быў вызначаны студзень 2022 года.

Акрамя таго, з прадастаўленай суду апеляцыйнай інстанцыі інфармацыі АПВ Чыгуначнага раёна г. Віцебска вынікае, што выканаўчыя вядзенні ў дачыненні да ісціцы, якія раней знаходзіліся на выкананні, скончаны ў сувязі з выкананнем патрабаванняў, іншых выканаўчых вядзенняў на выкананні няма. 

Як патлумачыла ісціца, яна не была папярэджана аб маючым адбыцца выключэнні яе з членаў таварыства, рашэнне прынята ў яе адсутнасць.

Сукупнасць указаных фактаў сведчыць аб неабгрунтаванасці і дачаснасці прынятага адказчыкам рашэння аб выключэнні ісціцы з ліку членаў таварыства па падставе нявыплаты ёю членскіх узносаў, у тым ліку з улікам канкрэтных акалічнасцей дадзенай справы, яе ўзросту і стану здароўя, паколькі выключэнне з членаў садаводчага таварыства можа прымяняцца як крайняя мера. Па іншых падставах, якія прадугледжваюць, у адпаведнасці з заканадаўствам, выключэнне з членаў таварыства, парадак, указаны ў вышэйпрыведзенай норме заканадаўства, у дачыненні да ісціцы выкананы не быў.

Довады адказчыка аб наяўнасці запазычанасцей у ісціцы па аплаце членскіх узносаў у папярэднія перыяды, з улікам вышэйназваных акалічнасцей, не ўказваюць на бясспрэчную наяўнасць падстаў для выключэння ісціцы з членаў таварыства, паколькі адказчык скарыстаў іншы спосаб абароны сваіх правоў у выглядзе ўчынення выканаўчых надпісаў і наступнага прымусовага спагнання запазычанасці з ісціцы, якая пагашана.

Такім чынам, вывады суда аб адсутнасці падстаў для задавальнення заяўленага ісціцай патрабавання, з’яўляюцца няправільнымі.

Вывучыўшы матэрыялы справы, дадатковыя доказы, выслухаўшы ісціцу і прадстаўніка адказчыка, вывучыўшы довады апеляцыйнай скаргі, судовая калегія Віцебскага абласнога суда 24 сакавіка 2022 года вызначыла:

рашэнне суда Першамайскага раёна г. Віцебска ад 18 студзеня 2022 года адмяніць, вынесці па справе новае рашэнне, якім задаволіць іскавыя патрабаванні ісціцы і прызнаць неправадзейным рашэнне паўторнага агульнага сходу СТ «Яблынька» Першамайскага раёна г. Віцебска ад 30 мая 2021 года ў частцы выключэння ісціцы з членаў садаводчага таварыства.

Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі