Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Суд спагнаў з генпадрадчыка няўстойку, зменшыўшы яе памер

24 верасня 2021  1337

Эканамічным судом Брэсцкай вобласці разгледжаны іскавыя патрабаванні ЗАТ «Ш», г. Мінск (далей – заказчык) да ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства «С», Брэсцкая вобласць, г. Пінск (далей – генпадрадчык) аб спагнанні 2 467 078,62 рубля пені ў сувязі з неналежным выкананнем абавязацельстваў па дагаворы генеральнага будаўнічага падраду.

У якасці фактычных абставін, з наяўнасцю якіх былі звязаны іскавыя патрабаванні аб спагнанні штрафных санкцый, заказчык спаслаўся на парушэнне генпадрадчыкам тэрмінаў выканання работ і тэрмінаў здачы ў эксплуатацыю аб’екта ў адпаведнасці з умовамі дагавора генеральнага будаўнічага падраду.

Па ўмовах дагавора генпадрадчык абавязаўся ў адпаведнасці з прадастаўленымі заказчыкам зыходнымі данымі і заданнем на праектаванне выканаць праектна-вышукальныя і работы па будаўніцтве аб’екта, размешчанага ў горадзе Фаніпаль, у тэрмін да 30 сакавіка 2020 года. Закончаны аб’ект будаўніцтва генпадрадчык абавязаўся перадаць у тэрмін да 30 красавіка 2020 года, а заказчык абавязаўся прыняць і аплаціць выкананыя работы.

Фактычна акт прыёмкі закончанага ўзвядзеннем аб’екта быў падпісаны бакамі 16 лютага 2021 года.

У сувязі з неналежным выкананнем генпадрадчыкам абавязацельстваў па дагаворы заказчык прад’явіў да спагнання пеню за парушэнне тэрмінаў выканання работ у суме 1 644 719,08 рубля, разлічаную па стаўцы 0,2 % ад кошту нявыкананых работ за кожны дзень пратэрміноўкі, але не больш за 20 % іх кошту.

Акрамя таго, заказчык прасіў суд спагнаць з генпадрадчыка пеню за парушэнне тэрмінаў здачы аб’екта ў эксплуатацыю ў памеры 822 359,54 рубля, разлічаную па стаўцы 0,15 % кошту аб’екта за кожны дзень пратэрміноўкі, але не больш 10 % ад кошту аб’екта.

Пярэчачы супраць задавальнення заяўленых патрабаванняў, генпадрадчык прасіў суд зменшыць памер пені з улікам віны крэдытора, а таксама ў сувязі з несуразмернасцю наступствам парушэння абавязацельстваў, у тым ліку з улікам тых абставін, што фактычна аб’ект эксплуатаваўся заказчыкам ужо ў жніўні 2020 года.

Заказчык, пярэчачы супраць довадаў аб несуразмернасці пені наступствам парушэння абавязацельстваў, спасылаўся на тое, што памер няўстоек і так абмежаваны палажэннямі заканадаўства, аднак пацвярджаў той факт, што аб’ект сапраўды эксплуатаваўся ім, але не ў поўнай меры.

Прызнаўшы адпаведнымі ўмовам дагавора і ўстаноўленым па справе абставінам патрабаванні ў частцы спагнання 191 908,76 рубля пені за парушэнне тэрмінаў выканання работ і 822 359,54 рубля пені за парушэнне тэрмінаў здачы аб’екта ў эксплуатацыю, суд зменшыў памер пені, што спаганяецца, да 50 000 рублёў.

Рашэнне аб змяншэнні няўстоек прынята судом на падставе палажэнняў артыкула 314 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім у выпадку яўнай несуразмернасці падлеглай аплаце няўстойкі наступствам парушэння абавязацельства суд мае права зменшыць такую няўстойку.

Суд указаў, што з улікам кампенсацыйнага характару грамадзянска-прававой адказнасці пад суразмернасцю сумы няўстойкі наступствам парушэння абавязацельства трэба разумець выплату крэдытору такой кампенсацыі яго страт, якая будзе адэкватнай і сувымернай з парушаным інтарэсам. Задачай суда ў выпадку, які разглядаецца, з’яўляецца ліквідацыя несуразмернасці няўстойкі наступствам парушэння абавязацельства да меж, пры якіх яны, з аднаго боку, перастаюць быць яўна несуразмернымі, такімі, што цягнуць абагачэнне крэдытора, з другога – захоўваюць для даўжніка негатыўныя наступствы маёмаснага характару.

Судом устаноўлена, што, нягледзячы на значны перыяд пратэрміноўкі, абавязацельствы, за несвоечасовае выкананне якіх заказчыкам налічана пеня, на момант прыняцця рашэння выкананы генпадрадчыкам. З улікам гэтага няўстойка страціла сваю забеспячальную функцыю. Суд зыходзіў з таго, што прымаемае рашэнне аб змяншэнні няўстоек, што спаганяюцца, забяспечвае пэўны баланс інтарэсаў як даўжніка, так і крэдытора.

Вывады суда прызнаны законнымі і абгрунтаванымі пастановай апеляцыйнай інстанцыі эканамічнага суда Брэсцкай вобласці.

Судовая пастанова ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі