Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Наступствы спынення інвестыцыйнага дагавора: прыклад судовай практыкі

22 сакавіка 2022  631

Эканамічны суд Гродзенскай вобласці разгледзеў матэрыялы справы па іску Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта (далей – ісцец) да ЗАТ «С» (далей – адказчык) аб спагнанні сум ільгот і прэферэнцый па інвестыцыйным дагаворы ў памеры 272 127,27 рубля, а таксама 59 452,05 рубля пені.

Згодна з матэрыяламі справы ў 2013 годзе паміж Гродзенскім аблвыканкамам і ЗАТ «С» быў заключаны інвестыцыйны дагавор на рэалізацыю праекта «Будаўніцтва прадпрыемства па вытворчасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў» у горадзе Ваўкавыску Гродзенскай вобласці.

Планавалася, што праект будзе поўнасцю рэалізаваны на працягу 30 месяцаў, пры тэрміне дзеяння дагавора да кастрычніка 2015 года. ЗАТ «С» разлічвала выкарыстаць крэдытныя і пазыковыя крыніцы фінансавання. Інвестарам былі ўзяты абавязацельствы па будаўніцтве двух вытворчых карпусоў агульнай плошчай 3000 квадратных метраў, а таксама шэрага складскіх, гаспадарча-падсобных і адміністрацыйна-бытавых памяшканняў.

Падчас непасрэднай рэалізацыі праекта адказчык неаднаразова звяртаўся ў аблвыканкам для заключэння дадатковых пагадненняў як па прадаўжэнні тэрмінаў завяршэння рэалізацыі праекта, так і па прадаўжэнні тэрміну дзеяння дагавора.

З улікам усіх змяненняў тэрмін рэалізацыі праекта павялічыўся да 94 месяцаў, а тэрмін дзеяння дагавора – да 31 снежня 2020 года.

Пасля ўзгаднення праектна-каштарыснай дакументацыі будаўніча-мантажныя работы на аб’екце пачаліся ў сакавіку 2014 года. Аднак у ліпені 2016 года адказчык поўнасцю прыпыніў работы на аб’екце, спасылаючыся на адсутнасць сродкаў для далейшага фінансавання і немагчымасць забяспечыць аб’ект будаўнічымі матэрыяламі і абсталяваннем. Недабудаваныя будынкі аб’екта былі закансерваваны.

У мэтах аказання садзейнічання Ваўкавыскім райвыканкамам неаднаразова арганізоўваліся сустрэчы з патэнцыяльнымі інвестарамі і прадстаўнікамі бізнесу, прапрацоўвалася пытанне крэдытавання з фінансавымі арганізацыямі. Разам з тым нягледзячы на праведзеную работу праект не атрымаў далейшага развіцця.

У сувязі з невыкананнем ЗАТ «С» дагаворных абавязацельстваў па рэалізацыі праекта да 31 снежня 2020 года ў студзені 2021 года аблвыканкам адмовіў ЗАТ «С» у заключэнні чарговага дадатковага пагаднення і прыняў рашэнне аб спыненні дагавора ў сувязі са сканчэннем тэрміну яго дзеяння.

Для атрымання інфармацыі аб сумах ільгот і прэферэнцый, прадастаўленых ЗАТ «С» за ўвесь час дзеяння дагавора і падлеглых пакрыццю Рэспубліцы Беларусь у сувязі з невыкананнем абавязацельстваў, Гродзенскі аблвыканкам звярнуўся ў кампетэнтныя органы.

Так, улічваючы арэндную плату за зямельныя ўчасткі, страты сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай вытворчасці, звязаныя з адабраннем зямельных участкаў, плату за заключэнне дагавораў арэнды зямельных участкаў, пакрыццю падлягала сума ў памеры 272 127,27 рубля. Акрамя таго, істцом была разлічана пеня ў памеры 59 452,05 рубля.

Разгледзеўшы матэрыялы справы, суд прыйшоў да вываду, што заяўленыя патрабаванні з’яўляюцца законнымі і абгрунтаванымі і спагнаў з ЗАТ «С» усю заяўленую Гродзенскім аблвыканкамам суму.

Рашэнне ўступіла ў законную сілу і ў вышэйстаячыя інстанцыі не абскарджвалася.

Даведачна:

Згодна з пп. 6.1 п. 6 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.08.2009 № 10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для ажыццяўлення інвестыцый у Рэспубліцы Беларусь» у выпадку спынення інвестыцыйнага дагавора па падставах іншых, чым выкананне інвестарам (інвестарамі) і (або) арганізацыяй сваіх абавязацельстваў па інвестыцыйным дагаворы, інвестар (інвестары) і (або) арганізацыя абавязаны пакрыць Рэспубліцы Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам сумы льгот і (або) прэферэнцый у парадку і тэрміны, устаноўленыя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама аплаціць няўстойку (штраф, пеню), прадугледжаную інвестыцыйным дагаворам, калі іншае не ўстаноўлена ў пункце 7 дадзенага Дэкрэта. Патрабаванні аб пакрыцці сумы льгот і (або) прэферэнцый і аб аплаце няўстойкі (штрафу, пені) не могуць быць прад’яўлены інвестару (інвестарам) і (або) арганізацыі, якія парушылі тэрміны і іншыя ўмовы рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ў сувязі з незаконнымі дзеяннямі (бяздзейнасцю) службовых асоб дзяржаўнага органа або выканкама, якія заключылі ад імя Рэспублікі Беларусь інвестыцыйны дагавор, і (або) іншага дзяржаўнага органа (арганізацыі) пры адсутнасці віны інвестара (інвестараў) і (або) арганізацыі.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі