Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Напярэдадні Дня юрыста адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця будынка эканамічнага суда Мінскай вобласці

3 снежня 2021  15564

Напярэдадні Дня юрыста, 3 снежня 2021 года, урачыста адкрыўся пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі будынак эканамічнага суда Мінскай вобласці па адрасе: вуліца Валадарскага, 8 у Мінску.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Алегавіч Сукала, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Дзяніс Мікалаевіч Курленка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Мінскай вобласці Уладзімір Віктаравіч Калач, старшыня эканамічнага суда Мінскай вобласці Эдуард Уладзіміравіч Максімовіч, суддзі і старшыні Мінскага гарадскога суда, Мінскага абласнога суда, эканамічных судоў г. Мінска і Мінскай вобласці, прадстаўнікі будаўнічых арганізацый і праектнай арганізацыі.

Выступаючы на адкрыцці будынка, Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Алегавіч Сукала адзначыў: «Складанасць і адначасова вартасць гэтага праекта заключаецца ў тым, што гэты будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ахоўваецца дзяржавай, а таму нам неабходна было захаваць фасад і архітэктурныя элементы неакласіцызму 50-х гадоў мінулага стагоддзя. З іншага боку, яго ўнутраны змест неабходна было максімальна напоўніць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі для ажыццяўлення электроннага і лічбавага судаводства. Па агульных ацэнках, нам гэта ўдалося, і сёння гэты Дом правасуддзя атрымлівае другое нараджэнне і пачынае новае жыццё».

Будынак на Валадарскага, 8 у Мінску, пабудаваны ў 1954 годзе, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўваецца дзяржавай як састаўная частка гістарычнага цэнтра сталіцы, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

На фота: экскурсію па будынку праводзіць старшыня эканамічнага суда Мінскай вобласці Эдуард Уладзіміравіч Максімовіч.

Ужо 30 гадоў, з 1991 года гэта будынак суда. Да гістарычных падзей 2014 года, калі Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 «Аб удасканаленні судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь» агульныя і гаспадарчыя суды былі аб’яднаны ў адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі на чале з Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь, у гэтым гістарычным будынку размяшчаўся Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь.

На фота: у канферэнц-зале ўстаноўлена Феміда як сімвал правасуддзя.

Затым з 2014 года па 5 красавіка 2019 года, да таго як Вярхоўны Суд атрымаў новы грандыёзны будынак на вуліцы Арлоўскай, тут размяшчаліся дзве судовыя калегіі Вярхоўнага Суда – па эканамічных справах і па справах інтэлектуальнай уласнасці.

На фота: старшыня эканамічнага суда Мінскай вобласці Эдуард Уладзіміравіч Максімовіч расказвае аб ходзе рэстаўрацыйных работ.

Падчас рэмонтна-рэстаўрацыйных работ адноўлена першапачатковае аблічча будынка, пабудаванага ў 1954 годзе ў стылі неакласіцызму 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Гістарычны выгляд будынка ўзноўлены на аснове архіўных матэрыялаў. Пры аднаўленні фасада будынка выкарыстаны матэрыялы, аналагічныя па ўласцівасцях гістарычным, адноўлены элементы архітэктурнага дэкору.

У сваю чаргу, унутраныя інтэр’еры будынка выкананы ў сучасным стылі з прымяненнем класічных элементаў дэкору.

У будынку суда размяшчаюцца 8 залаў судовых пасяджэнняў. Чатыры залы на першым паверсе, чатыры – на другім. Залы судовых пасяджэнняў абсталяваны падсістэмамі аўдыя- і відэафіксацыі, пратакаліравання ходу судовага разбору і відэаканферэнц-сувязі АІС судоў агульнай юрысдыкцыі.

На фота: суддзя эканамічнага суда Мінскай вобласці Юрый Міхайлавіч Сімахін у працоўным кабінеце.

У абноўленым будынку суда размешчаны кабінеты суддзяў і работнікаў апарату суда, канферэнц-зала на 48 месцаў з пакоем перагавораў, архіў, памяшканне для прыёму грамадзян, іншыя службовыя памяшканні, прадугледжана безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Агульная плошча будынка – 2706,3 кв.м. Кошт будаўніцтва склаў 10 767,6 тыс. рублёў.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі