Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Забяспечыць непазбежнасць крымінальнай адказнасці: намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Сяргей Кандрацьеў аб навацыях крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Сталічнаму тэлебачанню

25 ліпеня 2022  3570

Аб навацыях крымінальна-працэсуальнага заканадаўства расказаў карэспандэнту СТБ Сяргей Вадзімавіч Кандрацьеў, намеснік Старшыні, старшыня судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Публікуем пашыраны тэкст інтэрв’ю Сяргея Кандрацьева Сталічнаму тэлебачанню па настолькі актуальнай тэме.   

Фота: Сталічнае тэлебачанне

Сяргей Кандрацьеў:

Падпісанне Кіраўніком дзяржавы Закона «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» з’яўляецца састаўной часткай судова-прававой рэформы, якая праводзіцца ў краіне. Дадзены Закон структурна можна падзяліць на тры часткі.

Першая – прысвечана завяршэнню рэфармавання апеляцыйнага вядзення па праверцы ўсіх судовых рашэнняў, якія не ўступілі ў законную сілу. Гэта значыць прадастаўленне магчымасці абскарджання ў апеляцыйным парадку і прыгавораў, якія выносяцца Вярхоўным Судом, які дзейнічае ў якасці суда першай інстанцыі. Раней згодна з нормамі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства прыгаворы, пастаноўленыя Вярхоўным Судом, уступалі ў законную сілу пасля іх абвяшчэння і далейшаму абскарджанню ў апеляцыйным парадку не падлягалі. На сённяшні дзень магчымасць абскарджання ў апеляцыйным парадку прыгавораў Вярхоўнага Суда поўнасцю адпавядае артыкулу 115 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які не змяшчае ніякіх абмежаванняў у праве на судовае абскарджанне.

Другая частка Закона прысвечана ўдасканаленню іншых стадый крымінальнага правасуддзя, г. зн. праверцы прыгавораў, якія ўжо ўступілі ў законную сілу. Акрамя ўжо існуючай стадыі апеляцыйнага перагляду судовых рашэнняў уводзіцца дадатковы новы інстытут праверкі – касацыйнае вядзенне. Пры гэтым нагляднае вядзенне з’яўляецца завяршальнай стадыяй праверкі законнасці і справядлівасці судовых рашэнняў, якая адносіцца да кампетэнцыі Вярхоўнага Суда.

Такі падзел функцый дазволіць забяспечыць баланс у паўнамоцтвах судовых інстанцый і ўстанавіць такі парадак абскарджання судовых рашэнняў, які будзе празрыстым, зразумелым не толькі спецыялістам, але і звычайным грамадзянам.

Трэцяя частка Закона прысвечана ўвядзенню інстытута спецыяльнага вядзення ў дачыненні да грамадзян, якія здзейснілі злачынствы і знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

Сёння КПК дапоўнены асобнай главой «Спецыяльнае вядзенне», якая замацоўвае завочны парадак правядзення папярэдняга расследавання і судовага разбору пры адсутнасці абвінавачанага па крымінальных справах аб злачынствах супраць міру і бяспекі чалавецтва, супраць дзяржавы, ваенных злачынствах. Гэта значыць, што заканадавец прадаставіў органам крымінальнага праследавання магчымасць узбуджаць крымінальныя справы, а судам – разглядаць і прыцягваць да крымінальнай адказнасці асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі замежнай дзяржавы і ўхіляюцца ад яўкі ў суд, а замежная дзяржава, у якой грамадзянін знаходзіцца, адмаўляе ў выдачы абвінавачанага, або на працягу шасці месяцаў з моманту накіравання Генеральнай пракуратурай органу замежнай дзяржавы просьбы аб выдачы такой асобы для ажыццяўлення крымінальнага праследавання не атрымана яго згоды.

Сутнасць прынятых новаўвядзенняў заключаецца ў тым, каб забяспечыць непазбежнасць крымінальнай адказнасці.

Магчымасць ажыццяўлення спецыяльнага вядзення прадугледжваецца па 34 складах крымінальных злачынстваў, якія цягнуць пагрозу нацыянальнай бяспецы і адносяцца пераважна да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

Гаворачы аб парадку спецыяльнага вядзення, Сяргей Кандрацьеў адзначыў, што ён вызначаецца агульнымі правіламі КПК і можа праводзіцца пры выкананні адначасова наступных умоў. Па-першае, абвінавачаны павінен быць грамадзянінам нашай краіны і быць паўналетнім. Па-другое, мы павінны накіраваць яму паведамленні праз сайты органаў, якія ажыццяўляюць крымінальнае праследаванне, аб тым, што ў дачыненні да яго пачаты працэс. Прапанаваць з’явіцца ў суд і паведаміць аб прынятым рашэнні, калі справа разглядалася без яго. У абвінавачанага будзе абаронца, абавязковы яго ўдзел прадугледжаны дадзеным законам. Таксама абвінавачаны мае права абскардзіць прынятае па справе судовае рашэнне. Калі працэс ужо пачаты ў завочным парадку, а ў далейшым асоба добраахвотна з’явілася або была затрымана да пастанаўлення прыгавору, то вядзенне па справе пачынае праходзіць у звычайным парадку: ужо з удзелам гэтай асобы.

На абвінавачаных, у дачыненні да якіх судовы разбор праводзіцца ў парадку спецыяльнага вядзення, могуць быць накладзены маёмасныя спагнанні, звязаныя з пакрыццём шкоды, прычыненай злачынствам, у тым ліку шляхам прымянення спецыяльнай канфіскацыі. Усё пералічанае будзе садзейнічаць пакрыццю вінаватымі асобамі шкоды, што ў сваю чаргу акажа істотнае прафілактычнае ўздзеянне і на іншых грамадзян.

У цэлым, унясенне змяненняў у крымінальна-працэсуальны закон абумоўлена неабходнасцю рэагавання на сучасныя выклікі і пагрозы нацыянальнай бяспецы, абаронай дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, а таксама рэалізацыяй прынцыпу непазбежнасці крымінальнай адказнасці.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі