Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Мінскі абласны суд спагнаў з прадпрыемства на карысць былога работніка ўзнагароджанне

3 лістапада 2021  3132

28 кастрычніка 2021 года судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда ў апеляцыйным парадку разгледжана грамадзянская справа па апеляцыйнай скарзе істца і апеляцыйным пратэсце пракурора на рашэнне суда Стаўбцоўскага раёна ад 24 жніўня 2021 года па іску Ж. (далей – ісціца) да ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» (далей – адказчык) аб выплаце ўзнагароджання.

Ісціца ў іскавай заяве ўказала, што ў перыяд з 1 лістапада 2013 па 27 мая 2021 года яна працавала на пасадзе вядучага інжынера па МТЗ у Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Калектыўным дагаворам было прадугледжана, што наймальнік абавязваецца выплачваць работнікам камбіната ўзнагароджанне па выніках работы прадпрыемства за год (13-ю заработную плату) пры наяўнасці крыніц выплаты. Ісціца адпрацавала 2020 год поўнасцю, заўваг і спагнанняў за час працы не мела.

Згодна з загадам ад 31 сакавіка 2021 года ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» абавязаўся выплаціць работнікам прадпрыемства ўзнагароджанне па выніках працы прадпрыемства за 2020 год, аднак ісціцы названае ўзнагароджанне выплачана не было, у сувязі з чым яна звярнулася ў камісію па працоўных спрэчках, якая адмовіла ёй у задавальненні заяўленых патрабаванняў са спасылкай на тыя абставіны, што ў момант ажыццяўлення выплат яна не з'яўлялася работнікам філіяла.

Прасіла адмяніць рашэнне камісіі па працоўных спрэчках ААТ «Гарадзейскі цукровы завод», спагнаць з ААТ «Гарадзейскі цукровы завод» узнагароджанне па выніках працы за 2020 год у памеры 364 рублі 29 капеек.

Рашэннем суда Стаўбцоўскага раёна ў задавальненні заяўленых патрабаванняў ісціцы адмоўлена.

Палічыўшы рашэнне суда першай інстанцыі незаконным, ісціца падала апеляцыйную скаргу, у якой прасіла адмяніць рашэнне раённага суда.

У апеляцыйным пратэсце пракурор таксама прасіў аб адмене рашэння суда па тых падставах, што на момант выдання загада 31 сакавіка 2021 года ісціца з'яўлялася работнікам прадпрыемства і мела права на выплату ўзнагароджання па выніках 2020 года.

Абмеркаваўшы довады скаргі і пратэсту, праверыўшы матэрыялы справы, судовая калегія палічыла, што рашэнне раённага суда падлягае адмене па наступных падставах.

На падставе загада дырэктара работнікам філіяла 25 чэрвеня 2021 года было выплачана ўзнагароджанне па выніках працы за 2020 год. Ісціца ў лік асоб, якім было выплачана названае ўзнагароджанне, не ўвайшла, і ўзнагароджанне па выніках года ёй не было выплачана.

Судовая калегія ўказала, што ісціца, адпрацаваўшы на прадпрыемстве ўвесь 2020 год, прымала ўдзел у фарміраванні прыбытку, з якога выплачвалася ўзнагароджанне па выніках года, у сувязі з чым мела права на атрыманне ўзнагароджання.

Вывады раённага суда аб тым, што выплата ўзнагароджання па выніках года робіцца толькі работнікам, што ўваходзяць у штат прадпрыемства на момант яе выплаты, не заснаваны на законе.

Паколькі абставіны па справе судом устаноўлены поўна і правільна, аднак судом няправільна прыменены матэрыяльны закон, то судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда рашэнне суда Стаўбцоўскага раёна ад 24 жніўня 2021 года адмяніла і вынесла па справе новае рашэнне, згодна з якім спагнала з ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» на карысць ісціцы 364,29 рубля.

Рашэнне ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі