Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Магілёўскі абласны суд пакінуў без змянення рашэнне суда першай інстанцыі па грамадзянскай справе па іску аб пакрыцці шкоды і ўпушчанай выгады ў выніку гібелі пчол

27 снежня 2021  1547

20 снежня 2021 года судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда ў апеляцыйным парадку разгледжана грамадзянская справа па апеляцыйнай скарзе прадстаўніка СЗАТ «Горы» на рашэнне суда Дрыбінскага раёна ад 19 кастрычніка 2021 года па іску Ф. (далей – ісцец) да СЗАТ «Горы» (далей – адказчык) аб пакрыцці шкоды і ўпушчанай выгады.

Ісцец Ф. у іскавай заяве ўказаў, што ён з’яўляецца пчалаводам і мае ў сваёй падсобнай гаспадарцы пасеку, якая складаецца з 46 пчоласямей. Пасека поўнасцю адпавядае санітарным патрабаванням, хвароб і шкоднікаў пчол не выяўлена, знаходзіцца паблізу палёў СЗАТ «Горы», засеяных рапсам. 27 мая 2021 года ён заўважыў, што пчолы не трапляюць на прылётныя дошкі, б’юцца аб сценкі вуллёў, поўзаюць у траве. Мяркуючы, што пчолы атручаны, 28 мая 2021 года ісцец звярнуўся з заявай у АУС Горацкага раённага выканаўчага камітэта, Горскі сельскі выканаўчы камітэт. У той жа дзень камісіяй быў зроблены агляд пасекі і складзены акт аб гібелі пчол.

У далейшым Горацкай раённай ветэрынарнай станцыяй быў устаноўлены факт гібелі 46 пчоласямей у выніку атручвання пестыцыдамі.

Указаў, што 27 мая 2021 года СЗАТ «Горы» праводзіла апрацоўку палёў, засеяных рапсам, з выкарыстаннем высокатаксічнага прэпарату. Апрацоўка палёў праводзілася без папярэдняга апавяшчэння праз сродкі масавай інфармацыі аб запланаваных работах.

Спасылаючыся на названыя абставіны, ісцец звярнуўся ў суд Дрыбінскага раёна, рашэннем якога яго патрабаванні аб пакрыцці матэрыяльнай шкоды і страт у суме 29 780 рублёў задаволены.

Палічыўшы рашэнне суда першай інстанцыі незаконным, прадстаўнік СЗАТ «Горы» падаў апеляцыйную скаргу, у якой прасіў адмяніць рашэнне суда.

Падчас судовага разбору было ўстаноўлена, што 23 мая 2021 года СЗАТ «Горы» праводзіла апрацоўку азімага рапсу паблізу в. Слабада Горацкага раёна. Пры гэтым у парушэнне патрабаванняў п. 21 Санітарных норм і правіл «Патрабаванні да прымянення, умоў перавозкі і захоўвання пестыцыдаў (сродкаў абароны раслін), аграхімікатаў і мінеральных угнаенняў», зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 27 верасня 2012 года № 149, таварыства не забяспечыла апавяшчэнне насельніцтва, уласнікаў пасек бліжэйшых населеных пунктаў, на мяжы з якімі размяшчаюцца падлеглыя апрацоўкам плошчы, аб запланаваных работах (за 4–5 сутак) праз сродкі масавай інфармацыі (радыё, тэлебачанне, газеты, глабальная камп’ютарная сетка інтэрнэт), аб’явы ў населеных пунктах. Акрамя таго, апрацоўка палёў згодна з данымі пуцявых лістоў праводзілася ў перыяд з 10.00 гадзін да 19.00 гадзін. Згодна з п. 22 Санітарных норм і правіл апрацоўку ўчасткаў трэба праводзіць у позні час.

Паколькі ў судовым пасяджэнні ўстаноўлена, што адказчык праводзіў апрацоўку палёў з выкарыстаннем высокатаксічнага для пчол сродку абароны раслін, з парушэннем устаноўленых патрабаванняў, што прывяло да гібелі пчол і пацягнула прычыненне шкоды маёмасці істца, судом апеляцыйнай інстанцыі рашэнне суда Дрыбінскага раёна пакінута без змянення, а апеляцыйная скарга СЗАТ «Горы» – без задавальнення.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі