Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Актуальна

  26729 Учора  293 28 ліпеня 2022  2534 25 ліпеня 2022  2688 29 чэрвеня 2022  1852 9 чэрвеня 2022  5260

Палажэнне аб палітыцы судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да апрацоўкі персанальных даных

11 лютага 2022  1140

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад Старшыні

Вярхоўнага Суда

Рэспублікі Беларусь

24.01.2022 № 7

ПАЛАЖЭННЕ

АБ ПАЛІТЫЦЫ СУДОЎ АГУЛЬНАЙ ЮРЫСДЫКЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ У ДАЧЫНЕННІ ДА АПРАЦОЎКІ ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ

Глава 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Дадзеным Палажэннем вызначаецца палітыка Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, абласных (Мінскага гарадскога) судоў, эканамічных судоў абласцей (горада Мінска), раённых (гарадскіх) судоў, што складаюць сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь (далей, калі не прадугледжана іншае, – суды), у дачыненні да апрацоўкі персанальных даных.

2. Дадзенае Палажэнне распрацавана з улікам патрабаванняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2021 г. № 99-З «Аб абароне персанальных даных» (далей – Закон аб абароне персанальных даных), іншых актаў заканадаўства, што рэгулююць адносіны ў сферы апрацоўкі персанальных даных, і служыць асновай для далейшай распрацоўкі і выдання лакальных актаў судоў, якія рэгламентуюць парадак апрацоўкі і забеспячэння абароны персанальных даных.

3. Для мэт дадзенага Палажэння выкарыстоўваюцца тэрміны і іх азначэнні ў значэннях, устаноўленых Законам аб абароне персанальных даных, законамі Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2008 г. № 418-З «Аб рэгістры насельніцтва» і ад 10 лістапада 2008 г. № 455-З «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі».

4. Дзеянне дадзенага Палажэння распаўсюджваецца на ўсе адносіны, што ўзнікаюць пры апрацоўцы персанальных даных судамі, вызначаныя патрабаваннямі заканадаўства, за выключэннем адносін, што ўзнікаюць пры апрацоўцы персанальных даных, аднесеных ва ўстаноўленым парадку да дзяржаўных сакрэтаў.

5. У дадзенае Палажэнне згодна з адпаведнымі рэкамендацыямі Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Рэспублікі Беларусь па складанні дакумента, які вызначае палітыку аператара (упаўнаважанай асобы) у дачыненні да апрацоўкі персанальных даных, уключана інфармацыя аб мэтах, прававых падставах, парадку і ўмовах апрацоўкі персанальных даных, катэгорыях суб’ектаў персанальных даных, чые даныя апрацоўваюцца, і іх правах, пераліку персанальных даных, што апрацоўваюцца, а таксама аб трансгранічнай перадачы персанальных даных.

6. Судамі забяспечваецца агульнадаступнасць дадзенага Палажэння шляхам яго размяшчэння ў свабодным доступе на інтэрнэт-партале судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь (далей – інтэрнэт-партал) па адрасе: http://court.gov.by, а таксама на інфармацыйных стэндах і ў інфакіёсках у памяшканнях судоў.

7. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь ва ўзаемадзеянні з ніжэйстаячымі судамі забяспечвае падтрыманне дадзенага Палажэння ў актуальным стане і пры неабходнасці мае права ўносіць у яго адпаведныя змяненні.

8. Пытанні, што тычацца апрацоўкі і забеспячэння абароны персанальных даных, не прадугледжаныя дадзеным Палажэннем, рэгулююцца заканадаўствам аб персанальных даных, а таксама лакальнымі актамі судоў.

Глава 2

МЭТЫ І ПРАВАВЫЯ ПАДСТАВЫ АПРАЦОЎКІ ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ

9. Суды ажыццяўляюць апрацоўку персанальных даных у межах сваёй кампетэнцыі, прадугледжанай нормамі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і статусе суддзяў і іншых заканадаўчых актаў, у адпаведнасці з заканадаўствам аб персанальных даных.

10. Апрацоўцы падлягаюць толькі персанальныя даныя, якія адпавядаюць мэтам іх апрацоўкі. Змест і аб’ём персанальных даных, якія апрацоўваюцца судамі, адпавядаюць заяўленым мэтам іх апрацоўкі, збыткоўнасць персанальных даных, што апрацоўваюцца, не дапускаецца.

11. Пры апрацоўцы персанальных даных судамі забяспечваецца дакладнасць персанальных даных, іх дастатковасць і ў неабходных выпадках актуальнасць у дачыненні да мэт апрацоўкі персанальных даных. Суды прымаюць неабходныя меры па выдаленні або ўдакладненні няпоўных і (або) недакладных персанальных даных.

12. Суды, з’яўляючыся ў адпаведнасці з Законам аб абароне персанальных даных аператарамі, у межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляюць апрацоўку персанальных даных для дасягнення наступных мэт:

12.1. ажыццяўленне правасуддзя пры дапамозе грамадзянскага, крымінальнага, адміністрацыйнага судаводства і судаводства па эканамічных справах;

12.2. афармленне працоўных (службовых) адносін, рэгуляванне працэсу працоўнай (службовай) дзейнасці суб’ектаў персанальных даных;

12.3. забеспячэнне поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, разгляду Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь у тым ліку ініцыятыўных зваротаў;

12.4. ажыццяўленне Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь, абласнымі (Мінскім гарадскім) судамі, эканамічнымі судамі абласцей (горада Мінска) дагаворнай работы ў працэсе матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння дзейнасці судоў, органаў судзейскай супольнасці;

12.5. вядзенне Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь, абласнымі (Мінскім гарадскім) судамі, эканамічнымі судамі абласцей (горада Мінска) бухгалтарскага і падатковага ўліку;

12.6. арганізацыя прапускнога рэжыму ў будынках судоў ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь;

12.7. ідэнтыфікацыя Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь карыстальніка інтэрнэт-партала, які зарэгістраваў асабісты кабінет карыстальніка інтэрнэт-партала, забеспячэнне ўзаемадзеяння паміж карыстальнікам і Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь, апрацоўка ўваходных запытаў карыстальніка па пытаннях, што адносяцца да кампетэнцыі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне якаснай работы інтэрнэт-партала, прадастаўленне падпісчыкам перыядычных друкаваных выданняў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – часопісаў «Судовы веснiк» і «Судебный вестник Плюс: экономическое правосудие» (далей – друкаваныя выданні) доступу да сэрвісу «Электронная бібліятэка», размешчанаму на інтэрнэт-партале;

12.8. арганізацыя Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь падрыхтоўкі і выпуску друкаваных выданняў;

12.9. іншыя мэты, якія адносяцца да кампетэнцыі судоў, у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, лакальных актаў судоў, у тым ліку мэты, указаныя ў пісьмовай згодзе суб’екта персанальных даных на апрацоўку яго персанальных даных.

13. Прававымі падставамі апрацоўкі персанальных даных з’яўляюцца палажэнні нарматыўных прававых актаў, у мэтах выканання якіх і ў адпаведнасці з якімі суды ажыццяўляюць апрацоўку персанальных даных для дасягнення канкрэтных, загадзя заяўленых законных мэт апрацоўкі персанальных даных.

14. Апрацоўка персанальных даных без згоды суб’екта персанальных даных забараняецца, за выключэннем выпадкаў, калі згода суб’екта персанальных даных на апрацоўку персанальных даных не патрабуецца.

Да прадастаўлення згоды на апрацоўку персанальных даных у выпадках, што прадугледжваюць атрыманне такой згоды, суб’ект персанальных даных мае магчымасць азнаёміцца з дадзеным Палажэннем.

15. Апрацоўка персанальных даных для дасягнення мэт, вызначаных у:

падпункце 12.1 пункта 12 дадзенага Палажэння, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і статусе суддзяў, грамадзянскага працэсуальнага, гаспадарчага працэсуальнага, крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, заканадаўства, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, іншых нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць дзейнасць судоў па ажыццяўленні правасуддзя, – без атрымання згоды суб’екта персанальных даных на апрацоўку яго персанальных даных (артыкулы 6 і 8 Закона аб абароне персанальных даных);

падпункце 12.2 пункта 12 дадзенага Палажэння, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і іншых актаў заканадаўства аб працы, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і статусе суддзяў – без атрымання згоды суб’екта персанальных даных на апрацоўку яго персанальных даных (артыкулы 6 і 8 Закона аб абароне персанальных даных);

падпункце 12.3 пункта 12 дадзенага Палажэння, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб», Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва», а ў частцы разгляду Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь ініцыятыўных зваротаў у адпаведнасці з нормамі Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2014 г. № 124-З «Аб канстытуцыйным судаводстве» – без атрымання згоды суб’екта персанальных даных на апрацоўку яго персанальных даных (артыкулы 6 і 8 Закона аб абароне персанальных даных);

падпункце 12.4 пункта 12 дадзенага Палажэння, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і статусе суддзяў, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 2012 г. № 419-З «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)», Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2013 г. № 6 «Аб удасканаленні судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь», іншых нарматыўных прававых актаў, якія прымяняюцца для рэалізацыі паўнамоцтваў па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні дзейнасці судоў, органаў судзейскай супольнасці, – без атрымання згоды суб’екта персанальных даных на апрацоўку яго персанальных даных (артыкулы 6 і 8 Закона аб абароне персанальных даных);

падпункце 12.5 пункта 12 дадзенага Палажэння, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2013 г. № 57-З «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» – без атрымання згоды суб’екта персанальных даных на апрацоўку яго персанальных даных (артыкулы 6 і 8 Закона аб абароне персанальных даных);

падпункце 12.6 пункта 12 дадзенага Палажэння, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і статусе суддзяў, Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2007 г. № 263-З «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» – без атрымання згоды суб’екта персанальных даных на апрацоўку яго персанальных даных (артыкулы 6 і 8 Закона аб абароне персанальных даных);

падпункце 12.7 пункта 12 дадзенага Палажэння, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2010 г. № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт», Палажэння аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 2010 г. № 645, – са згоды суб’екта персанальных даных на апрацоўку яго персанальных даных (артыкул 5 Закона аб абароне персанальных даных), атрыманне якой рэалізавана ў электроннай форме шляхам прастаўлення суб’ектам персанальных даных адпаведнай адзнакі пры рэгістрацыі ім асабістага кабінета карыстальніка інтэрнэт-партала;

падпункце 12.8 пункта 12 дадзенага Палажэння, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі законаў Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 г. № 427-З «Аб сродках масавай інфармацыі», ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» і ад 29 снежня 2012 г. № 8‑З «Аб выдавецкай справе ў Рэспублiцы Беларусь», іншых нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку рэдакцыйна-выдавецкую дзейнасць. Для апублікавання матэрыялаў у друкаваных выданнях – без атрымання згоды суб’екта персанальных даных на апрацоўку яго персанальных даных (артыкулы 6 і 8 Закона аб абароне персанальных даных).

16. У выпадку неабходнасці змянення першапачаткова заяўленых мэт апрацоўкі персанальных даных суд абавязаны атрымаць у суб’екта персанальных даных згоду на апрацоўку яго персанальных даных у адпаведнасці са змененымі мэтамі апрацоўкі персанальных даных пры адсутнасці падстаў для такой апрацоўкі без атрымання згоды суб’екта персанальных даных, прадугледжаных актамі заканадаўства.

17. Для дасягнення іншых мэт апрацоўка персанальных даных судамі ажыццяўляецца са згоды суб’екта персанальных даных, калі іншае не прадугледжана актамі заканадаўства.

Глава 3

КАТЭГОРЫІ СУБ’ЕКТАЎ І ПЕРАЛІК ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ, ЯКІЯ АПРАЦОЎВАЮЦЦА

18. Для дасягнення мэт, вызначаных у пункце 12 дадзенага Палажэння, суды ў межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляюць апрацоўку персанальных даных наступных катэгорый суб’ектаў персанальных даных:

18.1. фізічных асоб, якія ўдзельнічаюць у грамадзянскім судаводстве, крымінальным і адміністрацыйным працэсах, а таксама ў судаводстве па эканамічных справах, персанальныя даныя якіх апрацоўваюцца ў сувязі з ажыццяўленнем правасуддзя;

18.2. суддзяў, работнікаў апаратаў судоў (у тым ліку вызваленых, звольненых), персанальныя даныя якіх апрацоўваюцца ў працэсе працоўнай (службовай) дзейнасці, асоб, якія прэтэндуюць (прэтэндавалі) на замяшчэнне пасад суддзяў, работнікаў апаратаў судоў, персанальныя даныя якіх апрацоўваюцца пры афармленні працоўных (службовых) адносін, а таксама іншых асоб у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства для мэт, прадугледжаных кадравай работай;

18.3. фізічных асоб, якія падалі (падаюць) звароты ў суды ў пісьмовай, электроннай або вуснай форме, ініцыятыўныя звароты ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь у пісьмовай або электроннай форме, персанальныя даныя якіх апрацоўваюцца для забеспячэння поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду зваротаў, ініцыятыўных зваротаў у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства;

18.4. фізічных асоб, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі контрагентаў па грамадзянска-прававых дагаворах, у тым ліку патэнцыяльных, персанальныя даныя якіх апрацоўваюцца ў рамках заключэння, змянення, скасавання і выканання такіх дагавораў у працэсе ажыццяўлення паўнамоцтваў па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні дзейнасці судоў, органаў судзейскай супольнасці;

18.5. суддзяў, работнікаў апаратаў судоў, а таксама фізічных асоб, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі контрагентаў па грамадзянска-прававых дагаворах, персанальныя даныя якіх апрацоўваюцца ў працэсе вядзення бухгалтарскага і падатковага ўліку;

18.6. суддзяў, работнікаў апаратаў судоў, а таксама фізічных асоб, якія часова знаходзяцца на тэрыторыях судоў (наведвальнікаў), персанальныя даныя якіх апрацоўваюцца ў ходзе забеспячэння прапускнога рэжыму ў будынках судоў;

18.7. фізічных асоб, якія зарэгістравалі асабісты кабінет карыстальніка інтэрнэт-партала, персанальныя даныя якіх апрацоўваюцца Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў аўтаматызацыі;

18.8. фізічных асоб, якія з’яўляюцца аўтарамі матэрыялаў, прадастаўленых Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь для апублікавання, персанальныя даныя якіх апрацоўваюцца ў працэсе арганізацыі падрыхтоўкі і выпуску друкаваных выданняў;

18.9. фізічных асоб, якія прадаставілі судам свае персанальныя даныя для рэалізацыі мэт апрацоўкі персанальных даных, вызначаных у падпункце 12.9 пункта 12 дадзенага Палажэння.

19. З улікам канкрэтных мэт апрацоўкі персанальных даных, палажэнняў актаў заканадаўства, а таксама лакальных актаў судоў вызначаецца пералік персанальных даных, якія апрацоўваюцца судамі ў межах іх кампетэнцыі, згодна з дадаткам 1.

Глава 4

ПАРАДАК І ЎМОВЫ АПРАЦОЎКІ ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ

20. Парадак і ўмовы апрацоўкі персанальных даных, у тым ліку пералік дзеянняў з персанальнымі данымі, якія ажыццяўляюцца судамі, крыніцы іх атрымання і тэрміны захоўвання, для дасягнення мэт апрацоўкі персанальных даных, указаных у пункце 12 дадзенага Палажэння, вызначаюцца ў адпаведнасці з актамі заканадаўства, а таксама лакальнымі актамі судоў.

21. Суды ажыццяўляюць апрацоўку персанальных даных, якая ўключае ў сябе наступныя дзеянні: збор, запіс, сістэматызацыю, накапленне, захоўванне, удакладненне (абнаўленне, змяненне), выкарыстанне, абязлічванне, блакіраванне, распаўсюджванне, прадастаўленне, выдаленне персанальных даных, а таксама іншыя дзеянні, што ажыццяўляюцца з персанальнымі данымі, у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

22. Апрацоўка персанальных даных судамі ажыццяўляецца з выкарыстаннем сродкаў аўтаматызацыі, у тым ліку адпаведных інфармацыйных сістэм, а таксама без выкарыстання такіх сродкаў, калі пры гэтым забяспечваюцца пошук персанальных даных і (або) доступ да іх па пэўных крытэрыях (картатэкі, спісы, базы даных, журналы і іншае).

23. Карыстальнікамі персанальных даных з’яўляюцца суддзі і работнікі апаратаў судоў у межах сваіх паўнамоцтваў. Для мэт апрацоўкі персанальных даных суды маюць права прыцягваць упаўнаважаных асоб пры ўмове выканання дадзенымі асобамі патрабаванняў заканадаўства аб персанальных даных.

24. Збор, запіс, сістэматызацыя, накапленне, захоўванне, удакладненне (абнаўленне, змяненне), выкарыстанне персанальных даных у залежнасці ад мэты, вызначанай у пункце 12 дадзенага Палажэння, ажыццяўляюцца шляхам атрымання персанальных даных непасрэдна ад суб’ектаў персанальных даных, а таксама юрыдычных асоб і іншых арганізацый, з матэрыялаў спраў (нарадаў) і іншых крыніц, у тым ліку з выкарыстаннем сродкаў аўтаматызацыі.

25. Прадастаўленне, распаўсюджванне і выдаленне персанальных даных суб’ектаў персанальных даных, чые даныя апрацоўваюцца ў мэтах, вызначаных у пункце 12 дадзенага Палажэння, ажыццяўляюцца ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных актамі заканадаўства і лакальнымі актамі судоў.

26. Да атрымання Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь згоды суб’екта персанальных даных у мэтах, вызначаных падпунктам 12.7 пункта 12 дадзенага Палажэння, на інтэрнэт-партале суб’екту персанальных даных растлумачваюцца яго правы, звязаныя з апрацоўкай персанальных даных, механізм рэалізацыі такіх правоў, а таксама наступствы дачы згоды суб’екта персанальных даных або адмовы ў дачы такой згоды. Указаная інфармацыя прадастаўляецца Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь суб’екту персанальных даных у электроннай форме, адпаведнай форме выказвання яго згоды, асобна ад іншай інфармацыі, якая яму прадастаўляецца.

27. Суды маюць права ствараць агульнадаступныя крыніцы персанальных даных асобных катэгорый работнікаў, якія змяшчаюць указанне на прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) работніка, яго пасаду, нумар службовага тэлефона, адрас электроннай пошты.

28. Суддзі і работнікі апаратаў судоў у межах паўнамоцтваў інфармуюцца аб сутнасці дзеянняў або сукупнасці дзеянняў, якія ажыццяўляюцца з персанальнымі данымі, а таксама аб асаблівасцях і ўмовах ажыццяўлення апрацоўкі персанальных даных, вызначаных у дадзеным Палажэнні.

29. Абавязак забяспечваць выкананне патрабаванняў, устаноўленых заканадаўствам аб персанальных даных, лакальнымі актамі судоў, у тым ліку тых, што прадугледжваюць парадак апрацоўкі персанальных даных, ускладаецца на суддзяў і работнікаў апаратаў судоў у межах іх паўнамоцтваў.

30. Суды ў асобе іх работнікаў, а таксама іншыя асобы, якія атрымалі доступ да персанальных даных, што апрацоўваюцца судамі, абавязаны не дапускаць распаўсюджванне або прадастаўленне трэцім асобам персанальных даных, іншую іх апрацоўку, не сумяшчальную з мэтамі апрацоўкі судамі персанальных даных.

31. Суддзі і работнікі апаратаў судоў прымаюць на сябе абавязацельствы ў выпадку вызвалення іх ад пасады, звальнення спыніць апрацоўку персанальных даных, што сталі вядомымі ім у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, у тым ліку не дапускаць іх распаўсюджванне або прадастаўленне трэцім асобам.

32. Судамі рэалізуецца комплекс мер па забеспячэнні абароны персанальных даных, у тым ліку шляхам:

назначэння асоб, адказных за ажыццяўленне ўнутранага кантролю за апрацоўкай персанальных даных;

выдання дакументаў, што вызначаюць палітыку судоў у дачыненні да апрацоўкі персанальных даных;

азнаямлення суддзяў і работнікаў апаратаў судоў з палажэннямі заканадаўства аб персанальных даных, у тым ліку з патрабаваннямі па абароне персанальных даных, дакументамі, што вызначаюць палітыку судоў у дачыненні да апрацоўкі персанальных даных;

арганізацыі навучання суддзяў і работнікаў апаратаў судоў па пытаннях забеспячэння абароны персанальных даных у парадку, устаноўленым заканадаўствам;

устанаўлення парадку доступу да персанальных даных, у тым ліку тых, што апрацоўваюцца ў інфармацыйным рэсурсе (сістэме);

ажыццяўлення тэхнічнай і крыптаграфічнай абароны персанальных даных у парадку, устаноўленым Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з класіфікацыяй інфармацыйных рэсурсаў (сістэм), што змяшчаюць персанальныя даныя.

33. У адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства суды прымаюць меры па забеспячэнні абароны персанальных даных ад несанкцыянаванага або выпадковага доступу да іх, ад іх змянення, блакіравання, капіравання, распаўсюджвання, прадастаўлення, выдалення персанальных даных, а таксама ад іншых неправамерных дзеянняў у дачыненні да іх.

34. Для памяшканняў судоў, у якіх ажыццяўляецца апрацоўка персанальных даных, што змяшчаюцца на матэрыяльных носьбітах, устанаўліваецца рэжым, пры якім забяспечваецца захаванасць матэрыяльных носьбітаў, а таксама выключаецца магчымасць несанкцыянаванага пранікнення і знаходжання ў гэтых памяшканнях.

35. Захоўванне дакументаў, якія змяшчаюць персанальныя даныя, у электроннай форме ажыццяўляецца ва ўмовах, што выключаюць доступ да іх старонніх асоб, у тым ліку магчымасць іх выкрадання, прывядзення ў непрыгоднасць або знішчэння.

36. Падчас знаходжання асоб, якія не маюць права доступу да персанальных даных або права на ажыццяўленне іх апрацоўкі, у памяшканнях судоў, у якіх праводзіцца апрацоўка персанальных даных, што змяшчаюцца на матэрыяльных носьбітах і ў электроннай форме, прымаюцца меры, якія выключаюць магчымасць азнаямлення такіх асоб з персанальнымі данымі.

37. Парадак, тэрміны захоўвання і знішчэння дакументаў, якія ўтрымліваюць персанальныя даныя, устаноўлены ў адпаведнасці з заканадаўствам у сферы архіўнай справы і справаводства ў Інструкцыі па справаводстве ў судах агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай загадам Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 3 лістапада 2021 г. № 84, у пераліку дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, якія ўтвараюцца ў працэсе дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь, з указаннем тэрмінаў захоўвання, устаноўленым загадам Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2014 г. № 60, а таксама ў адпаведных наменклатурах спраў судоў.

38. Для забеспячэння абароны інфармацыі пры апрацоўцы персанальных даных, якія змяшчаюцца ў інфармацыйных сістэмах, што ўключае дзеянні па запісе, адлюстроўванні, накапленні, захоўванні, пераўтварэнні, перадачы, знішчэнні персанальных даных, выконваюцца патрабаванні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2019 г. № 449 «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання ў галіне абароны інфармацыі», загада Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ад 20 лютага 2020 г. № 66 «Аб мерах па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2019 г. № 449» і іншых актаў заканадаўства ў галіне інфармацыйнай бяспекі.

39. Судамі прымаюцца меры па забеспячэнні абароны інфармацыйных сістэм і камп’ютарнай тэхнікі ад шкоднага праграмнага забеспячэння, выкананні ўстаноўленага Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь парадку работы ў аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме судоў, а таксама парадку выкарыстання электроннага лічбавага подпісу ў электронных дакументах у судах.

40. У працэсе эксплуатацыі інфармацыйных сістэм для абароны інфармацыі, прадастаўленне якой абмежавана, за выключэннем звестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты і службовую інфармацыю абмежаванага распаўсюджвання, прымяняюцца тэхнічныя і крыптаграфічныя сродкі абароны інфармацыі, якія маюць сертыфікаты адпаведнасці тэхнічнаму рэгламенту Рэспублікі Беларусь «Інфармацыйныя тэхналогіі. Сродкі абароны інфармацыі. Інфармацыйная бяспека» (ТР 2013/027/BY), зацверджанаму пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 2013 г. № 375.

41. Судамі прымаюцца іншыя прававыя, арганізацыйныя і тэхнічныя меры па вызначэнні парадку апрацоўкі і забеспячэнні абароны персанальных даных.

Глава 5

ПРАВЫ СУБ’ЕКТАЎ ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ

42. У адпаведнасці з нормамі Закона аб абароне персанальных даных вызначаецца пералік правоў суб’ектаў персанальных даных і парадак іх рэалізацыі згодна з дадаткам 2.

43. Для рэалізацыі аднаго або некалькіх правоў, указаных у графе «Правы суб’екта персанальных даных» пунктаў 1–5 дадатку 2, суб’екту персанальных даных неабходна падаць у адпаведны суд заяву ў пісьмовай форме, якая павінна змяшчаць:

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) суб’екта персанальных даных, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання);

дату нараджэння суб’екта персанальных даных;

ідэнтыфікацыйны нумар суб’екта персанальных даных, пры адсутнасці такога нумара – нумар дакумента, які сведчыць асобу суб’екта персанальных даных, у выпадках, калі гэта інфармацыя ўказвалася суб’ектам персанальных даных пры дачы сваёй згоды суду на апрацоўку персанальных даных або апрацоўка персанальных даных ажыццяўляецца без згоды суб’екта персанальных даных;

выкладанне сутнасці патрабаванняў суб’екта персанальных даных;

асабісты подпіс суб’екта персанальных даных.

44. Суб’ект персанальных даных мае права адклікаць сваю згоду на апрацоўку персанальных даных шляхам падачы ў адпаведны суд заявы, у тым ліку ў форме, пры дапамозе якой атрымана згода гэтага суб’екта.

45. Да заявы аб унясенні змяненняў у персанальныя даныя ў выпадку, калі яны з’яўляюцца няпоўнымі, устарэлымі або недакладнымі, суб’екту персанальных даных трэба прыкласці адпаведныя дакументы і (або) іх засведчаныя ва ўстаноўленым парадку копіі, што пацвярджаюць неабходнасць унясення такіх змяненняў.

46. Адказ на заяву аб рэалізацыі аднаго або некалькіх правоў, указаных у графе «Правы суб’екта персанальных даных» пунктаў 1–5 дадатку 2, накіроўваецца суб’екту персанальных даных у форме, адпаведнай форме падачы заявы, калі ў самой заяве не ўказана іншае.

47. Даныя асоб, адказных за ажыццяўленне ўнутранага кантролю за апрацоўкай персанальных даных у судах, да якіх можна звярнуцца за садзейнічаннем у рэалізацыі правоў суб’екта персанальных даных, што змяшчаюць указанне на прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) работніка, яго пасаду, нумар службовага тэлефона, размяшчаюцца ў свабодным доступе на інтэрнэт-партале, а таксама на інфармацыйных стэндах і ў інфакіёсках у памяшканнях судоў.

Глава 6

ТРАНСГРАНІЧНАЯ ПЕРАДАЧА ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ

48. Суды ў межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляюць трансгранічную перадачу персанальных даных у рамках аказання міжнароднай прававой дапамогі па грамадзянскіх, крымінальных, эканамічных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – міжнародная прававая дапамога) у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, а ў выпадку іх адсутнасці – на аснове прынцыпу ўзаемнасці.

49. Міжнародная прававая дапамога аказваецца ў парадку, вызначаным заканадаўствам і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, з улікам палажэнняў заканадаўства аб персанальных даных, якія рэгулююць трансгранічную перадачу персанальных даных.

50. Да катэгорый суб’ектаў у замежных дзяржавах, якім персанальныя даныя могуць быць перададзены судамі, у тым ліку па дыпламатычных каналах, адносяцца замежныя суды і іншыя кампетэнтныя органы замежных дзяржаў, што ажыццяўляюць апрацоўку персанальных даных у рамках аказання міжнароднай прававой дапамогі.

Да дзяржаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца такія катэгорыі суб’ектаў, адносяцца замежныя дзяржавы, што з’яўляюцца ўдзельнікамі адпаведных міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя дзяржавы, у адносінах з якімі міжнародная прававая дапамога аказваецца на аснове прынцыпу ўзаемнасці.

51. Суды да пачатку ажыццяўлення трансгранічнай перадачы персанальных даных правяраюць, ці забяспечваецца замежнай дзяржавай, на тэрыторыю якой мяркуецца ажыццявіць перадачу персанальных даных, належны ўзровень абароны правоў суб’ектаў персанальных даных.

Пры такой праверцы суды кіруюцца загадам дырэктара Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 2021 г. № 14 «Аб трансгранічнай перадачы персанальных даных», у адпаведнасці з якім у пералік замежных дзяржаў, на тэрыторыі якіх забяспечваецца належны ўзровень абароны правоў суб’ектаў персанальных даных, уключаюцца замежныя дзяржавы, якія з’яўляюцца бакамі Канвенцыі Савета Еўропы аб абароне фізічных асоб пры аўтаматызаванай апрацоўцы персанальных даных, прынятай у г. Страсбургу 28 студзеня 1981 года.

52. Трансгранічная перадача персанальных даных у замежныя дзяржавы, на тэрыторыі якіх забяспечваецца належны ўзровень абароны правоў суб’ектаў персанальных даных, у рамках аказання міжнароднай прававой дапамогі ажыццяўляецца судамі без згоды суб’екта персанальных даных па падставах, прадугледжаных артыкулам 6, пунктам 2 артыкула 8 Закона аб абароне персанальных даных:

для ажыццяўлення правасуддзя, выканання судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў;

у выпадках, калі апрацоўка персанальных даных, у тым ліку спецыяльных персанальных даных, з’яўляецца неабходнай для выканання абавязкаў (паўнамоцтваў), прадугледжаных заканадаўчымі актамі, а іменна: грамадзянскім працэсуальным, гаспадарчым працэсуальным, крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2004 г. № 284-З «Аб міжнароднай прававой дапамозе па крымінальных справах» і інш.

53. Трансгранічная перадача персанальных даных у замежныя дзяржавы, на тэрыторыі якіх не забяспечваецца належны ўзровень абароны правоў суб’ектаў персанальных даных, у рамках аказання міжнароднай прававой дапамогі ажыццяўляецца судамі на падставе пункта 1 артыкула 9 Закона аб абароне персанальных даных у выпадках, калі:

апрацоўка персанальных даных ажыццяўляецца ў рамках выканання міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь;

дадзена згода суб’екта персанальных даных пры ўмове, што суб’ект персанальных даных праінфармаваны аб рызыках, якія ўзнікаюць у сувязі з адсутнасцю належнага ўзроўню іх абароны;

такая перадача неабходная для абароны жыцця, здароўя або іншых жыццёва важных інтарэсаў суб’екта персанальных даных або іншых асоб, калі атрыманне згоды суб’екта персанальных даных немагчымае;

атрыманы адпаведны дазвол упаўнаважанага органа па абароне правоў суб’ектаў персанальных даных. Парадак атрымання такога дазволу прадугледжаны Палажэннем аб парадку выдачы дазволу на трансгранічную перадачу персанальных даных, калі на тэрыторыі замежнай дзяржавы не забяспечваецца належны ўзровень абароны правоў суб’ектаў персанальных даных, зацверджаным загадам дырэктара Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 2021 г. № 14.

Дадатак 1

да Палажэння аб палітыцы судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да апрацоўкі персанальных даных

Пералік персанальных даных, якія апрацоўваюцца

  • Прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць).
  • Ранейшыя прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) у выпадку іх змянення, звесткі аб тым, калі, дзе і па якой прычыне яны змяняліся.
  • Дата нараджэння (чысло, месяц, год).
  • Месца нараджэння.
  • Адрас і дата рэгістрацыі па месцы жыхарства (месцы знаходжання).
  • Адрас фактычнага пражывання (месца знаходжання).
  • Кантактны тэлефон або іншы спосаб сувязі, паштовы адрас, адрас электроннай пошты (пры наяўнасці).
  • Рэквізіты пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або іншага дакумента, які сведчыць асобу (серыя, нумар, найменне органа, які выдаў дакумент, дата выдачы).
  • Рэквізіты даверанасцей і звесткі аб персанальных даных, якія змяшчаюцца ў іх.
  • Страхавы нумар індывідуальнага асабовага рахунка.
  • Выява, голас, маўленне чалавека (фатаграфія, відэазапіс, аўдыязапіс).
  • Грамадзянства (падданства), у тым ліку ранейшае грамадзянства (падданства) у выпадку яго змянення, звесткі аб тым, калі і па якой прычыне яно змянялася.
  • Звесткі аб сямейным становішчы, складзе сям’і.
  • Рэквізіты пасведчанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і звесткі, якія змяшчаюцца ў іх.
  • Звесткі аб адукацыі, у тым ліку аб дадатковай прафесійнай адукацыі.
  • Звесткі аб працоўнай дзейнасці з указаннем перыядаў, пасад, найменняў і адрасоў арганізацый, у тым ліку за мяжой.
  • Звесткі аб асноўным змесце работы, якая выконвалася па юрыдычнай прафесіі, а таксама характары іншай работы, якая выконвалася.
  • Звесткі аб кваліфікацыйным класе, класе дзяржаўнага служачага, воінскім або спецыяльным званні.
  • Звесткі аб дзяржаўных, ведамасных узнагародах, ганаровых званнях, іншых узнагародах і знаках адзнакі.
  • Звесткі аб знаходжанні за мяжой (калі, дзе, з якой мэтай).
  • Звесткі аб блізкіх родзічах (бацькі, дзеці, родныя браты і сёстры), а таксама мужу (жонцы), у тым ліку былым (былой).
  • Звесткі аб адносінах да воінскага абавязку, звесткі аб воінскім уліку і браніраванні (для грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе, і асоб, якія падлягаюць прызыву на ваенную службу), рэквізіты дакументаў воінскага ўліку і браніравання.
  • Рэквізіты дакументаў (службовых пасведчанняў, іншых пасведчанняў і дакументаў), якія пацвярджаюць асабовасць фізічнай асобы і (або) яго статус або права.
  • Звесткі, якія змяшчаюцца ў вадзіцельскім пасведчанні.
  • Звесткі аб рахунках у банках (іншых крэдытных арганізацыях).
  • Звесткі аб наяўнасці (адсутнасці) захворванняў, якія перашкаджаюць назначэнню на пасаду суддзі.
  • Звесткі аб наяўнасці (адсутнасці) захворванняў, якія перашкаджаюць паступленню на дзяржаўную службу або яе праходжанню.
  • Звесткі аб наяўнасці (адсутнасці) у вадзіцеляў (кандыдатаў у вадзіцелі) транспартных сродкаў медыцынскіх супрацьпаказанняў, медыцынскіх паказанняў або медыцынскіх абмежаванняў да кіравання транспартнымі сродкамі.
  • Звесткі, якія змяшчаюцца ў лістках непрацаздольнасці.
  • Звесткі аб даходах, аб маёмасці і абавязацельствах маёмаснага характару, а таксама аб даходах, расходах, аб маёмасці і абавязацельствах маёмаснага характару мужа (жонкі) і дзяцей, якія сумесна пражываюць і вядуць сумесную гаспадарку.
  • Звесткі аб наяўнасці (адсутнасці) судзімасці, у тым ліку знятай або пагашанай.
  • Звесткі аб наяўнасці (адсутнасці) судзімасці, у тым ліку знятай або пагашанай, у блізкіх родзічаў або мужа (жонкі), у тым ліку былога мужа (жонкі).
  • Звесткі аб факце крымінальнага праследавання, спыненні крымінальнага праследавання.
  • Звесткі аб факце крымінальнага праследавання, спыненні крымінальнага праследавання ў дачыненні да блізкіх родзічаў або сваякоў (муж (жонка), у тым ліку былы муж (жонка), бацькі, дзеці, родныя браты і сёстры, а таксама бацькі, дзеці, родныя браты і сёстры мужа (жонкі)).
  • Звесткі аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці.
  • Звесткі аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці блізкіх родзічаў або мужа (жонкі), у тым ліку былога мужа (жонкі).
  • Звесткі аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці.
  • Звесткі аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці блізкіх родзічаў або мужа (жонкі), у тым ліку былога мужа (жонкі).
  • Звесткі аб дзеяздольнасці (прызнанні судом недзеяздольным або абмежавана дзеяздольным).
  • Звесткі аб удзеле ў прадстаўнічых або іншых выбарных органах.
  • Звесткі аб прыналежнасці да палітычных партый.
  • Звесткі аб занятку прадпрымальніцкай дзейнасцю асабіста або праз давераных асоб, аб удзеле ў кіраванні камерцыйнай арганізацыяй.
  • Звесткі аб рабочай прафесіі.
  • Табельны нумар.
  • Ацэньваючая характарыстыка асобы.
  • Звесткі аб выніках конкурсу, атэстацыі, анкетавання, тэсціравання і аб іншых ацэнках.
  • Звесткі аб здачы кваліфікацыйнага экзамену на пасаду суддзі.
  • Звесткі аб здачы кваліфікацыйнага экзамену на пасаду дзяржаўнага служачага.
  • Звесткі, якія змяшчаюцца ў службовых запісках, асабістых заявах, тлумачальных запісках, актах, паведамленнях і г.д.
  • Звесткі, якія змяшчаюцца ў матэрыялах службовых праверак.
  • Звесткі аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці.
  • Звесткі, якія змяшчаюцца ў матэрыялах спраў (нарадаў), у тым ліку ў працэсуальных дакументах.
  • Звесткі, якія змяшчаюцца ў электронным лічбавым подпісе.
  • IP-адрас.
  • Іншыя персанальныя даныя, якія суб’ект персанальных даных пажадаў паведаміць аб сабе або неабходныя для дасягнення мэт апрацоўкі персанальных даных, вызначаных у пункце 12 дадзенага Палажэння.

Дадатак 2

да Палажэння аб палітыцы судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да апрацоўкі персанальных даных

Пералік правоў суб’ектаў персанальных даных і парадак іх рэалізацыі

Правы суб’екта персанальных даных

Змест правоў суб’екта персанальных даных

Рэалізацыя правоў суб’екта персанальных даных

1. Права на адкліканне згоды суб’екта персанальных даных

у выпадку, калі згода суб’екта персанальных даных з’яўляецца падставай для апрацоўкі персанальных даных, суб’ект персанальных даных можа ў любы час без тлумачэння прычын адклікаць сваю згоду. Указанае адкліканне не мае зваротнай сілы і не ўплывае на законнасць апрацоўкі персанальных даных, якая ажыццяўляецца на падставе згоды да моманту яе адклікання

суд абавязаны ў пятнаццацідзённы тэрмін пасля атрымання заявы ў адпаведнасці з яе зместам спыніць апрацоўку персанальных даных, ажыццявіць іх выдаленне і паведаміць аб гэтым суб’екту персанальных даных, за выключэннем выпадкаў, калі суд мае права працягнуць апрацоўку персанальных даных пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Пры адсутнасці тэхнічнай магчымасці выдалення персанальных даных суд абавязаны прыняць меры па недапушчэнні далейшай апрацоўкі персанальных даных, уключаючы іх блакіраванне, і паведаміць аб гэтым суб’екту персанальных даных у пятнаццацідзённы тэрмін пасля атрымання заявы

2. Права на атрыманне інфармацыі, якая тычыцца апрацоўкі персанальных даных

суб’ект персанальных даных мае права на атрыманне інфармацыі, якая тычыцца апрацоўкі персанальных даных, што змяшчае:

  • найменне і месцазнаходжанне суда;
  • пацвярджэнне факта апрацоўкі персанальных даных судом;
  • пералік персанальных даных і крыніцу іх атрымання;
  • прававыя падставы і мэты апрацоўкі персанальных даных;
  • тэрмін, на які дадзена згода суб’екта персанальных даных на апрацоўку персанальных даных;
  • іншую інфармацыю, прадугледжаную заканадаўствам

суд абавязаны на працягу пяці рабочых дзён пасля атрымання заявы, калі іншы тэрмін не прадугледжаны заканадаўчымі актамі, прадаставіць інфармацыю, якая запытваецца, або паведаміць аб прычынах адмовы ў яе прадастаўленні, за выключэннем выпадкаў, указаных у пункце 3 артыкула 11 Закона аб абароне персанальных даных

3. Права на ўнясенне змяненняў у свае персанальныя даныя

суб’ект персанальных даных мае права патрабаваць ад суда ўнесці змяненні ў персанальныя даныя ў выпадку, калі яны з’яўляюцца няпоўнымі, устарэлымі або недакладнымі

суд абавязаны ў пятнаццацідзённы тэрмін пасля атрымання заявы ўнесці адпаведныя змяненні ў персанальныя даныя і паведаміць аб гэтым суб’екту персанальных даных або паведаміць яму аб прычынах адмовы ва ўнясенні такіх змяненняў, калі іншы парадак унясення змяненняў у персанальныя даныя не ўстаноўлены заканадаўчымі актамі

4. Права на атрыманне інфармацыі аб прадастаўленні персанальных даных трэцім асобам

суб’ект персанальных даных мае права атрымліваць ад суда інфармацыю аб прадастаўленні сваіх персанальных даных трэцім асобам адзін раз у каляндарны год бясплатна, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі

суд абавязаны ў пятнаццацідзённы тэрмін пасля атрымання заявы прадаставіць інфармацыю аб тым, якія персанальныя даныя і каму прадастаўляліся на працягу года, які папярэднічаў даце падачы заявы, або паведаміць аб прычынах адмовы ў яе прадастаўленні, за выключэннем выпадкаў, указаных у пункце 3 артыкула 11 Закона аб абароне персанальных даных, а таксама калі апрацоўка персанальных даных ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб выканаўчым вядзенні, пры ажыццяўленні правасуддзя і арганізацыі дзейнасці судоў

5. Права патрабаваць спынення апрацоўкі персанальных даных і (або) іх выдалення

суб’ект персанальных даных мае права патрабаваць ад суда бясплатнага спынення апрацоўкі сваіх персанальных даных, уключаючы іх выдаленне, пры адсутнасці падстаў для апрацоўкі персанальных даных, прадугледжаных заканадаўчымі актамі

суд абавязаны ў пятнаццацідзённы тэрмін пасля атрымання заявы спыніць апрацоўку персанальных даных, ажыццявіць іх выдаленне і паведаміць аб гэтым суб’екту персанальных даных, за выключэннем выпадкаў, калі суд мае права працягнуць апрацоўку персанальных даных пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, у тым ліку калі яны з’яўляюцца неабходнымі для заяўленых мэт іх апрацоўкі, з паведамленнем аб гэтым суб’екту персанальных даных у пятнаццацідзённы тэрмін.

Пры адсутнасці тэхнічнай магчымасці выдалення персанальных даных аператар абавязаны прыняць меры па недапушчэнні далейшай апрацоўкі персанальных даных, уключаючы іх блакіраванне, і паведаміць аб гэтым суб’екту персанальных даных у пятнаццацідзённы тэрмін пасля атрымання заявы

6. Права на абскарджанне дзеянняў (бяздзейнасці) і рашэнняў суда, звязаных з апрацоўкай персанальных даных

суб’ект персанальных даных мае права абскарджваць дзеянні (бяздзейнасць) і рашэнні суда, якія парушаюць яго правы пры апрацоўцы персанальных даных, у Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных Рэспублікі Беларусь

абскарджанне ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі